Филин

Юлія Кот

«Гэта поўная знявага: якое ж вы Міністэрства аховы здароўя, калі павінны сачыць, каб лекары ў бальніцы не забівалі пацыентаў?»

Лекар — пра новы эксперымент Мінздароўя і чаму гэта зусім не крок наперад у стасунках медыкаў і пацыентаў.

Міністэрства аховы здароўя РБ абвясціла пра запуск эксперыментальнай «віртуальнай прыёмнай» — чат-боту @by_minzdrav_bot. На яго можна звярнуцца ў любы час сутак, калі сітуацыя датычыцца «выратавання жыцця пацыента ў шпіталі ці паліклініцы».

У паведамленні прэс-службы ведамства падкрэсліваецца, што чат-бот не ставіць дыягназ і не прызначае лячэнне, не замяняе «гарачую лінію» і адзіную рэспубліканскую сістэму ўліку зваротаў грамадзян. Затое гэта «аператыўны рэсурс для хуткага рэагавання на экстранную сітуацыю».

Чаму хуткасць і неадкладнасць дапамогі падкрэсліваюцца ажно тройчы, і ці ёсць такі спосаб зваротнай сувязі рэакцыяй на нядаўнія трагічныя выпадкі  ў салігорскай радзільні і мінскім шпіталі, альбо гэта жаданне не столькі вырашыць праблемы, колькі не даваць ім выйсці ў публічную прастору? Пра тое, як новы механізм паўплывае на медыкаў і пацыентаў, і чаму гэта не звядзе да нуля ўрачэбныя памылкі, Филин пагутарыў з лекарам-гінеколагам, актывістам незалежнага прафсаюзу медыкаў Станіславам Салаўём.

Станіслаў Салавей

— Мяркую, гэта будзе дзейнічаць, як і раней з гарачай лініяй МЗ: калі паступіла скарга на лекара, значыць, лекар заўсёды вінаваты, — зазначае медык. — Такая практыка існуе не першы год. І нават калі мужчына з шызафрэніяй напіша скаргу, што яго не ставяць на ўлік па цяжарнасці — гэта будзе праблемай для жаночай кансультацыі, у якой гэта адбудзецца.

Таму для лекараў, адзначае суразмоўца, нічога не зменіцца — пацыентам жа дасць ілюзію таго, што можна скардзіцца яшчэ і праз Тэлеграм, і канфлікт неадкладна вырашаць.

— Але цікава, як сабе ўяўляюць аўтары гэтага чат-боту: як гэта будзе працаваць? — задаецца пытаннем Станіслаў Салавей. — Верагодна, «ногі растуць» з салігорскага і мінскага выпадкаў.

Вось уявім, што цяжарная жанчына, якая проста зараз нараджае — яна што, возьме ў родах тэлефон і напіша ў Тэлеграм, што мяне тут катуюць і хочуць забіць?! І як на гэта міністэрства будзе рэагаваць — вышле брыгаду акушэраў-гінеколагаў правяраць, ці праўда яе забіваюць? Гэта ж нейкі здзек са здаровага сэнсу.

Медык звяртае ўвагу і на тлумачэнне ад Мінздароўя, у прыватнасці, выраз «аказанне экстраннай дапамогі, якая датычыцца выратавання жыцця пацыентаў у шпіталі ці паліклініцы». Складаецца адчуванне, быццам чыноўнікі лічаць: недзе ў Беларусі ёсць шпіталь альбо паліклініка, у якіх медперсанал свядома стварае пагрозы жыццям пацыентаў, адмыслова не аказваюць людзям дапамогу?

— Вы сур’ёзна адкрыта транслюеце гэты пасыл: «калі вас забіваюць у шпіталі, тэлефануйце»?! — абураецца лекар. — Так, зразумела, што гэта рэакцыя на вельмі сумныя здарэнні, але ж якім трэба быць, мякка кажучы, дзіўным чалавекам, каб прыдумаць такую фармулёўку? Гэта поўная знявага медыкаў і нават вас саміх: якое ж вы Міністэрства аховы здароўя, калі павінны сачыць, каб лекары ў бальніцы не забівалі пацыентаў?

Пры тым сама па сабе ідэя звяртацца ў адказнае за ахову здароўя ведамства, каб вырашыць канфліктную сітуацыю альбо атрымаць тлумачэнні (удакладніць, скажам, ці мае ўрач рацыю, адмаўляючы ў накіраванні на МРТ, ці даўжыню чаргі на пратэз, і г.д.) выглядае адэкватнай і някепскай, гаворыць медык. Аднак калі «гарачую лінію» Мінздароўя стараннямі тых жа чыноўнікаў перакасіла ў карны бок, і любая скарга ўcпрымалася як факт віны лекараў — гэта ўжо зусім не пра нармальнае функцыянаванне сістэмы.

— Гэта такая форма рэакцыі на «касякі». Калі людзі ў публічных зваротах да Лукашэнкі расказвалі, што іх просьбы аб дапамозе праігнаравалі — гэта дайшло да аднаго тырана, і той запатрабаваў «разабрацца, пакараць і зрабіць, каб такога не было». Вось і зрабілі: адсправаздачыліся, што напісалі бот, які дазволіць скардзіцца і «экстранна» рэагаваць.

Але насамрэч проста паставілі птушачку, што адрэагавалі і больш такога не паўторыцца. Паўторыцца. Бо медыцына — не алгебра, у ёй няма 100%-най пэўнасці ў выніку.

Станіслаў Салавей дадае, што ад ідэі магла б быць карысць — калі весці гаворку не пра чат-бот, а пра выкарыстанне штучнага інтэлекту, нейрасетак. Прыкладам, чалавек лічыць, што яму патрэбнае даследаванне ФГДС, а ўрач не бачыць у ім патрэбы — і можна па алгарытме апісаць сітуацыю, і атрымаць адказ, ці меў лекар рацыю, ці ўсё зрабіў слушна. Такі механізм адказаў на стандартныя запыты быў бы цікавым — «тэлемедыцына мусіць развівацца, і многія пытанні можна вырашаць дыстанцыйна, таму гэта правільны кірунак».

А вось яшчэ плюс адну магчымасць скаргаў на лекараў суразмоўца лічыць «абсурдам».

Шмат чаго наша Мінздароўя магло і павінна было б рабіць нават ва ўмовах абмежаванага рэсурсу, калі не хапае грошай, лекараў, ложкаў у стацыянары. У гэтым і ёсць менеджмент сістэмы: з рэсурсамі, якія маюцца (а ў свеце няма ніводнай краіны з неабмежаванымі рэсурсамі на ахову здароўя) умець выбраць найлепшую стратэгію працы. А ў нас — зрабіць, каб зрабіць, паказаць бачнасць дзейнасці.

Лекар падкрэслівае, што медыцына, нават самая сучасная і развітая, усё ж не ўсемагутная, і медыцынскія памылкі альбо непрадбачаныя сітуацыі, у якіх нешта пайшло не так, час ад часу здараюцца ва ўсіх краінах.

— Некаторыя кейсы з сусветнай практыкі насамрэч жудасныя, — зазначае Станіслаў Салавей. — Напрыклад, пералом шыі падчас інтубацыі ў вельмі сталага пацыента, альбо жахлівы выпадак гібелі пацыента ў Брытаніі падчас планавай аперацыі на пальцы — у чалавека, прабачце, з-за ўскладненняў разарвалася машонка… І гэта гаворка не пра грубую халатнасць ці злачынны намер (тут ужо наўпрост наступае крымінальная адказнасць), а пра ўскладненні і медычныя памылкі.

На жаль, такія выпадкі былі і ёсць, і будуць; заўсёды будуць і судзіцца з лекарамі, і даказваць іхнюю віну ў канкрэтных кейсах. Аднак гэта мусіць адбывацца цывілізавана, а не як паляванне на вядзьмарак, калі ўжо сама скарга роўная канстатацыі віны лекара.

Наогул, колькасць скаргаў не сведчыць пра нізкі ўзровень і праблемны стан медыцыны, як і наадварот — калі людзі не паскардзіліся, то быццам і праблем няма, а насамрэч яны проста замоўчваюцца. У Беларусі менавіта такі падыход: галоўнае, каб была добрая «карцінка».

У цывілізаваным свеце гэта нармальная сітуацыя: калі чалавек страціў частку свайго здароўя, ён жадае атрымаць за гэта кампенсацыю — ад страхавой кампаніі, ці Мінздароўя, ці за кошт падаткаплацельшчыкаў атрымлівае дапамогу, альбо як мінімум фінансавую і маральную кампенсацыю. У Аўстрыі, да прыкладу, ёсць адмысловая медыцынская палата: камісія па вырашэнні спрэчак, канфліктаў і непаразуменняў, якая выступае арбітрам.

Галоўнае, што праблемы і памылкі прызнаюцца і робіцца ўсё, каб змяніць сітуацыю. І гэта больш важна, чым напісаць нейкі бот, які прыме скаргі на вашага лекара. Бо атрымліваецца, як у сумным медыцынскім жарце: «Аперацыя прайшла настолькі паспяхова, што пацыент ужо цалкам ачуняў і змог сам напісаць скаргу на ўрача за дрэнную якасць лячэння». Альбо другі наш жарт: «Па меркаванні пракурора, аперацыя — гэта няўдалая спроба забойства групай асоб па папярэдняй змове».

Гучныя пакаранні «забойцаў у белых халатах» альбо замена кіраўніцтва Мінздароўя — гэта не шлях вырашэння праблем беларускай медыцыны, перакананы лекар.

Буду шчаслівы памыляцца, але наўрад ці ад замены Піневіча на Хаджаева нешта зменіцца — сістэма як працавала, так і будзе працаваць. А чыноўнікі будуць расказваць, што ў нас усё добра, бясплатная медыцына, новыя шпіталі і гэтак далей. Насамрэч у нас шмат чаго ёсць добрага ў медыцыне — але не дзякуючы сістэме, а хутчэй насуперак, дзякуючы канкрэтным людзям, дасведчаным, прафесійным, якія працуюць на месцах і робяць, што могуць.

— Нельга сказаць, што агулам стан беларускай медыцыны дрэнны. Зусім не. Але рэч у тым, што замест таго, каб развівацца, сістэма дэградуе. І вось гэта вялікая праблема. Чым раней пачаць яе вырашаць, тым менш высілкаў, часу і сродкаў спатрэбіцца. А вось чым глыбей мы будзем падаць, тым больш цяжка і складана будзе выкараскацца з гэтай яміны, — канстатуе Станіслаў Салавей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(15)