Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Захоп Сувалкскага калідору некалькімі сотнямі наймітаў параўнальны з вызваленнем Беларусі сіламі «каліноўцаў»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину пра прыроду інфашуму вакол «вагнераўцаў».

Расейцы страшаць Украіну і Захад «вагнераўцамі», якія толькі пачалі з’яўляцца ў Беларусі. Тут і пагрозы Сувалкскаму калідору, і намёкі на новую атаку на Украіны з беларускай тэрыторыі. А таксама размовы пра іх легалізацыю ў Беларусі пад патранажам расійскага абароннага ведемаства. Пра што гэта сведычыць і чым пагражае Беларусі?

— Па-першае. Дагэтуль былі развагі пра тое, што «вагнераўцаў» увогуле не будзе ў Беларусі. І ў мяне такія думкі ўзнікалі. Цяпер мы ведаем, што гэта не так. Яны ўжо ёсць і, магчыма, іх будзе крышачку больш.

Але гэта той выпадак, калі колькасць мае значэнне. Калі іх будзе дзесяць тысяч, альбо нават дваццаць, тады гэта будзе фактар. Які? Складана сказаць. Калі іх будуць сотні (а для навучання тэрытарыяльнай абароны ці нейкіх вайсковых падраздзяленняў больш, напэўна, і не трэба), то ні пра які ваенны фактар гаварыць не даводзіцца.

Ні як пра пагрозу Сувалкскаму калідору, ні як пра пагрозу для Украіны, дзе цяпер ваююць сотні тысяч. Бо захоп калідору некалькімі сотнямі наймітаў параўнанльны з вызваленнем Беларусі сіламі «каліноўцаў».

Кажуць, што расійская казна іх будзе аплочваць. Дык чаму ж тады Масква не хоча аплочваць іх працу ў сябе, каб яны ваявалі ва Украіне? У іх такія заробкі, што за 5 капеек яны працаваць не будуць, нават інструктарамі.

Так што не выключаю, што гэта і праўда спецыяльная інфармацыйная аперацыя, якая мусіць давесці, што «вагнераўцы» стануць тут велізарнай сілай.

Расейцы ўвесь час палохаюць астатні свет. Маўляў, мы і па Познані ядзерай ракетай ударым. А вось «Вагнер» у нас перакрые Сувалкскі калідор, на Кіеў пойдзе. Вось так яны надзьмуваюць шчокі.

Але тыя ж украінцы шмат месяцаў кажуць, што тэарэтычна ўдар магчымы. Але для гэтага патрэбны вайсковы кулак — мінімум некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. А калі тых наймітаў будзе некалькі сотняў, то гэта ніяк не фактар рэальнай небяспекі.

І мне здаецца, што акурат Літва і Польшча канстатуюць, што з’яўленне такой сілы ў Беларусі — гэта кепска, гэта можа быць сімптомам чагосьці, але на афіцыйным узромні няма заломвання рук, маўляў, «Вагнер» ідзе на Сувалскі калідор. Пакуль іх не тая колькасць, каб выконваць нейкія міждзяржаўныя мэты.

Хоць сам па сабе факт такіх укідаў — гэта кепска. І не толькі зважаючы на колькасць тых наймітаў. А хаця б таму, што парушаецца манаполія на гвалт. Якую той жа Лукашэнкі, пры ўсім тым, што ён ужо нарабіў, да апошняга часу ўтрымліваў. У адрозненне ад Пуціна.

Магчыма, ён неяк паспрабуе інтэграваць «вагнераўцаў» у беларускае войска. Хоць не факт, што яны самі гэтага захочуць. Яны могуць ваяваць, іх прафесійныя якасці не варта аспрэчваць, але яны па прыгодзе сваёй не верныя салдаты. А калі і верныя, то Яўгену Віктаравічу, а не Лукашэнку.

— То бок, на дадзены момант калі можна казаць пра спецаперацыю, то найперш пра інфармацыйную?

— Так, расейцы надзьмуваюць шчокі, маўляў, глядзіце, якія мы страшныя. Дарэчы, у адрозненне ад Савецкага Саюза, які любіў казаць, як ён выступае за мір. А сённяшняя Расія, наадварот, паказвае: «Глядзіце, якія мы зласлівыя».

Пачытайце экс-прэзідэнта Расіі, які ўвесь час піша: «Усіх разбомбім, усіх разнясем. Усё гатова, на старце!»

Хоць, дарэчы, пасля артыкула пракрамлёўскага палітолага Караганава, які прапаноўваў нанесці па Захадзе «упреждающий удар возмездия», з’явілася цікавая публікацыя на сайце расійскага Савета па знешняй і абароннай палітыцы.

У ёй каля трох дзясяткаў расійскіх экспертаў — вядомых палітолагаў, былых вайскоўцаў — выступілі з салідарным адказам Караганаву. З якога вынікае, што падобныя заявы — мякка кажучы, вар’яцтва, што Расія не павінна так рабіць.

Што сведчыць пра тое, што за кожнай такой істэрыкай і ўзмахваннем рук не абавязкова стаіць Крэмль. Ці ўвесь Крэмль. Там ёсць такія людзі, але ёсць таксама людзі іншых поглядаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(29)