Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «Улады не маюць поўнага спакою і ўпэўненасці, што ўсё пройдзе як па масле»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином падзеі на знешнім контуры, падрыхтоўку рэжыму да выбараў і негатоўнасць да аслаблення гаек.

Юрый Дракахруст

— Балгарыя стала ўжо сёмай краінай, якая (ад сёння) забараніла ўезд на яе тэрыторыю машын з расійскімі нумарамі. Ці будзе мець гэтае рашэнне эканамічны эфект, ці гэта хутчэй сімвалічны жэст? І ці можа ў перспектыве гэтая мера распаўсюдзіцца на аўтамабілі з беларускімі нумарамі?

— Наконт эканамічнага эфекту сказаць даволі складана, бо невядома, якая доля расейцаў едзе менавіта на машынах, а не нейкім іншым шляхам.

Тут, хутчэй, пытанне, наколькі наогул даюць плён такія абмежаванні — накладзеныя менавіта на людзей, а не на эканоміку. Вядома, што тыя людзі, якія ездзілі — і з Расеі, і з Беларусі — у Еўропу, былі бліжэй да Еўропы ў тым ліку і ў ідэалагічным сэнсе. І чым менш іх будзе ездзіць — якую карысць гэта дасць у сэнсе палітычных змен? А мэта ж менавіта такая — змяніць паводзіны расійскай дзяржавы. Не ведаю, наколькі такія захады на гэта паўплываюць.

Што тычыцца распаўсюду на Беларусь — па шчырасці, не думаю, што гэта адбудзецца. Бо ўсё ж такі палітыка Еўразвязу разрознівае беларускіх і расійскіх грамадзян.

Хачу нагадаць, што ўсё ж такі беларуская армія не ваюе ва Украіне. Больш за тое, якраз цяпер у кастрычніку спаўняецца год з таго часу, як спыніліся абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі (яны працягваюцца з Расіі і з Крыму). Так, Беларусь усё ж ангажаваная ў вайну, але ўскосна, і прынамсі менш, чым летась да кастрычніка.

Да таго ж мы ведаем, што на сёння колькасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі — на мінімуме за 1,5 гады, іх каля 2 тысяч чалавек. Гэта таксама, я думаю, чыннік, які ўплывае на рознае стаўленне да беларусаў і расейцаў.

Канешне, усякае можа быць. Калі адновяць абстрэлы, увядуць войскі, нападуць на Украіну з Беларусі — зразумела, гэта ўсё зменіць сітуацыю. Але пакуль гэтага не адбылося. Таму мой прагноз — што на Беларусь гэта мера не распаўсюдзіцца.

— Сітуацыя на межах Беларусі і ЕЗ застаецца напружанай: частка пераходаў зачыненая, мігранты спрабуюць прарвацца то там, то тут, дамоклавы меч поўнага закрыцця ўсё так жа падвешаны. Зрэшты, ёсць меркаванне, што беларускі рэжым можа апярэдзіць суседзяў і апусціць жалезную заслону са свайго боку — наколькі гэта верагодна?

— Такое, канешне, можа быць — таму што рэжым набліжаецца да ўзораў ці то савецкіх, ці то паўночнакарэйскіх. І калі браць савецкі досвед, то ён прадугледжваў менавіта «мяжу на замку».

Але, з іншага боку, то што мы бачылі ў 2020-м і пазней — улады ў пэўным сэнсе былі зацікаўленыя, каб з краіны з’язджаў, так бы мовіць, «гаручы матэрыял», тыя, хто патэнцыйна мог бы кінуць рэжыму выклік. Таму — з’язджаеце, ну і ладна, нам тут будзе спакайней. І не выключана, што гэты імпульс будзе больш моцны, чым жаданне зачыніць мяжу. Мой адказ на вашае пытанне — хутчэй не, чым так.

Акрамя таго, зазначае аналітык, не выключана, што дзяржава пойдзе на частковыя абмежаванні, ствараючы перашкоды для ад’езду пэўных спецыялістаў — у прыватнасці, дактароў, недахват якіх вельмі адчувальны:

— Апошнія захады, якія былі зробленыя па прымусовым размеркаванні, сведчаць пра тое, што многіх кадраў не хапае. І хаця эміграцыя сёння не такая велізарная, не выключана, што ўлады будуць спрабаваць «прывязаць» да краіны тых, каго не хацелася б адпускаць.

— Працягваецца зачыстка ўнутрыпалітычнага поля: у спісе дзейных засталіся толькі чатыры партыі, усе праўладныя. Пра адсутнасць выбарчых участкаў за мяжой казалі яшчэ раней. Цяпер улады могуць быць спакойныя, што выбары пройдуць па жаданым сцэнары, ці страх і нервовасць усё адно застаюцца?

— Сапраўды, апошнюю, былую камуністычную партыю «Справядлівы свет» прыхлопнулі на мінулым тыдні.

Цяпер з горкай іроніяй прыгадваецца, як у 2019 годзе і раней партыі скардзіліся на кепскія ўмовы правядзення выбараў — можна сказаць, што мы не ведалі, што такое «кепскія ўмовы». Бо раней усё ж партыі прынамсі існавалі, маглі вылучаць кандыдатаў, назіральнікаў, былі незалежныя СМІ ў краіне, а не за мяжой і ў статусе «экстрэмісцкіх фармаванняў». Наогул, было шмат магчымасцяў. Зараз нічога гэтага не будзе.

Але такое адчуванне, што ўлады не маюць поўнага спакою і ўпэўненасці, што ўсё пройдзе як па масле. Думаю, што яны не тое каб баяліся чагосьці канкрэтнага — што Ціханоўская прыдумае нейкую ідэю супрацьстаяння, ці полк Каліноўскага пойдзе маршам на Менск, і ўсё пасыплецца. Але баяцца збегу розных абставін, якія могуць скласціся пад выбары.

Бо выбары могуць стаць пэўным момантам ісціны ці каталізатарам, калі назапашваюцца пэўныя ўмовы і збягаюцца абставіны. Калі браць досвед 2020 года — на пачатку года нічога ж не «прадвяшчала», і ў 2019-м парламенцкія выбары прайшлі не проста спакойна — нецікава. Мы памятаем пустыя залі («электарат» настолькі не гарэў жаданнем сустракацца з патэнцыйнымі «слугамі народу», што на перадвыбарчыя сустрэчы не прыходзіў наогул ніхто, акрамя кандыдатаў. Так, фота сам-адзін у залі выкладаў у сваім Фэйсбуку Андрэй Савіных — Ф).

Можна было думаць, што так, ціха-мірна, пройдзе і 2020-ы. Але тады склаўся шэраг падзей — і кавід, і канфлікты Лукашэнкі з Масквой, і пэўная лібералізацыя стасункаў з Захадам — і ўсё гэта стварыла ўмовы для таго, каб адбыўся выбух.

Так і зараз. Яны перасцярагаюцца не чагосьці канкрэтнага, а ў пэўным сэнсе ўсяго. Бо невядома, што будзе з вайной, што будзе з эканомікай (сёння расце, а заўтра, паколькі вельмі завязаная з Расіяй, можа і абваліцца) — і гэта іх турбуе.

— Днямі ў папраўчай калоніі «Віцьба» прайшло выязное пасяджэнне камісіі па памілаванні. Аднак лічбы памілаваных за 2 гады аптымізму не выклікаюць — паводле слоў кіраўніцы камісіі Вольгі Чупрыс, з 645 хадайніцтваў былі задаволеныя толькі 52, менш за 10%. Ці гэта сігнал — і Захаду, і беларусам, — што ніякай «адлігі» не чакаецца?

— Так, паводле трэнду адлігі не чакаецца. Калі прыгадаць леташнія гульні з абвяшчэннем амністыі — было сказана, што яна прымеркаваная да «дня народнага адзінства» ў верасні, а сама падзея адбылася ў лістападзе, пасля яшчэ аднаго дзяржаўнага свята — 7 лістапада.

Гледзячы па ўсім, тады вяліся нейкія перамовы з Захадам, нейкі торг накшталт «мы зробім так, калі вы зробіце гэтак» — але ні да чаго ён не прывёў. Аднак паказаў, што адзіны фактар, што дзейнічае на беларускую ўладу ў пытанні вызвалення палітвязняў — гэта Захад. Ніякія гуманныя меркаванні, ці ўнутрыпалітычныя, маўляў, давайце аслабім крыху лейцы, — нішто не дзейнічае. Толькі Захад.

А Захад глядзіць на тое, што адбываецца ў Беларусі, і думае: а дзеля чаго распачынаць дыялог? Умовы ўжо вядомыя, у вайну Беларусь так ці інакш ангажаваная, і гэта не мяняецца. Ісці на нейкія саступкі ў Захаду, мяркуючы па ўсім, жадання няма; тады і ў беларускага боку яго няма.

Так што выглядае, што «пацяплення» не будзе. Акрамя ўсяго іншага, і з прычыны набліжэння выбараў. Каб выключыць тыя самыя нечаканасці, пазіцыя ўлады — не даваць ніякіх паблажак, усё трымаць і кантраляваць, інакш усё абваліцца.

Адбываецца «накачка», і на сустрэчы Лукашэнкі з Качанавай, з вертыкаллю ў Віцебску гучаць заявы ў такой танальнасці, нібыта набліжаецца штосьці небяспечнае, таму неабходна трымаць сітуацыю пад яшчэ большым кантролем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)