Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Роля Лукашэнкі ў прыгожынскім крызісе трошкі абвяргае тэорыю, што ад яго нічога не залежыць»

Пра сітуацыю ў нашым рэгіёне напярэдадні саміта НАТА ў Вільні Филин паразмаўляў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Дзеянні Польшчы па ўзмацненні мяжы з Беларуссю, заявы літоўскага прэзідэнта пра магчымае вяртанне да «беларускага пытання» ў сувязі з верагодным з’яўленнем у нас «вагнераўцаў» —  як гэта ўплывае на пазіцыі Лукашэнкі? Узмацняе ці аслабляе?

— Не думаю, што гэта неяк узмацняе ягоныя пазіцыі. І я не думаю, што гэта будзе новая сталая палітыка. Найперш таму, што нейкіх тысячаў «вагнераўцаў», гледзячы па ўсім, у Беларусі ўсё ж не з’явіцца. А калі і з’явяцца некалькі сотняў чалавек, то яны ваенна-палітычнае надвор’е ў рэгіёне ніяк не зменяць.

Вось ужо два тыдні прайшло, а ў Беларусі іх у вялікіх колькасцях пакуль не з’явілася. Калі казаць пра Расію, то ў Сірыі гэтых наймітаў проста абяззброілі і паставілі перад выбарам: альбо вы падпісваеце кантракт, альбо ідзяцё невядома куды.

І як з імі пры гэтым размаўлялі, сведчыць пра тое, што варыянт з Беларуссю ім пакідаюць, але пры гэтым Крэмль не лічыць гэта добрым варыянтам.

Акрамя таго, гледзячы па ўсім, у Расіі ідуць нейкія перамовы. Літаральна сённяшняя навіна — французская газета напісала, што Прыгожын сустракаўся з Пуціным. На гэтым фоне сыход у Беларусь нейкіх тысячаў наймітаў выглядае недарэчна.

Для гэтага проста няма падставаў. І вось гэтая канцэнтрацыя сілаў на польска-беларускай мяжы — гэта акурат пад саміт. На той выпадак, каб камусьці ў Беларусі ці ў Расіі не прыйшло ў галаву зрабіць нейкую правакацыю.

І каб гэтага не адбывалася, сілы падцягнулі. Саміт скончыцца — сілы адвядуць, ці яны там будуць ужо на іншых падставах.

Што тычыцца ядзернай зброі, то для мяне вельмі цікавай была рэакцыя амерыканцаў на заяву польскага прэм’ер-міністра Маравецкага. Нагадаю, што ён заявіў пра жаданне Польшчы далучыцца да натаўскай праграмы Nuclear sharing.

Дарэчы, такую ж заяву ў кастрычніку мінулага года рабіў прэзідэнт Польшчы Дуда. Гэтая ідэя лунае ў паветры.

Дык вось, на апошнюю заяву Маравецкага прагучаў вельмі дзіўны каментар генерала Кірбі, прэс-сакратара Рады бяспекі ЗША: «А мне няма чаго сказаць».

І я б звярнуў увагу на тое, што больш не было ніякіх каментароў, нейкіх артыкулаў у The New York Times ці сюжэтаў на CNN. Гэтая тэма як быццам і не гучала. Паглядзім, ці будзе яна абмяркоўвацца на тым жа саміце.

Тым не менш, мне здаецца, што вялікіх наступстваў гэтыя заявы — і Польшчы, і Літвы — наконт адказу Беларусі мець не будуць. Яны, канечне, могуць у аднабаковым парадку закрыць яшчэ адзін памежны пераход, увесці санкцыі, але што тычыцца агульнай палітыкі, не думаю, што яна істотна зменіцца.

Яна можа змяніцца ў рэчышчы больш шырокага падыходу. Магчыма, акурат на саміце будзе прынятая больш рэалістычная канцэпцыя «аднаго міліметра». Калі раней меркавалася, што ў выпадку нападу Расіі на адну з краін НАТА праз адзін два дні туды прыйдуць амерыканскія ці нямецкія вайскоўцы і адкінуць расейцаў, то цяпер канцэпцыя мяняецца.

Змены прадугледжваюць такую абарону, каб у Расіі не было магчымасці захапіць хоць штосьці. Для нас гэта азначае, што на ўсходзе блока НАТА будзе размешчаная вялікая колькасць сілаў альянса. І не толькі нацыянальных, але і міжнародных. То бок у Польшчы і Літве будуць размяшчацца амерыканскія, нямецкія ды іншыя вайскоўцы. 

Зрэшты, у часе мінулага саміту гучала інфармацыя, што НАТА будзе трымаць трыста тысяч вайскоўцаў у высокай ступені боегатоўнасці. Гэта не азначала, што ўсе гэтыя трыста тысяч стануць каля ўсходняй мяжы НАТА.

Я не ведаю, наколькі гэта ў іх атрымался. Магчыма, сёлета гэта будзе паўторана. Магчыма, нейкія сілы, не ўсе трыста тысяч, канечне, але большыя, чым цяпер ёсць, будуць прасунутыя на ўсходні фланг. І ў гэтым сэнсе перасоўванне на Падляшша дадатковых польскіх сілаў можа стаць часткай большай стратэгіі, калі яна будзе прынятая. І тады гэта будуць не толькі польскія сілы.

І я думаю, што гэта будзе зроблена не з-за нейкіх беларускіх крокаў, улучна з ядзернай зброяй і «вагнераўцамі», а ў цэлым у рамках змены ацэнкі стратэгічнай сітуацыі і перахода да іншай стратэгіі.

Ад той, што прадугледжвала адбіццё ўжо захопленых тэрыторый, да канцэпцыі такой абароны, якая зробіць немагчымым захоп. І для гэтага неабходная канцэнтрацыя велізарных сілаў на ўсходнім флангу. А гэта акурат мяжа з Беларуссю.

Я памятаю, як некалькі гадоў таму прыводзіліся разлікі, якія сведчылі, што Расія можа захапіць Літву літаральна за некалькі дзён. А каб гэтага не дапусціць, там трэба размясціць амерыканскую дывізію. Зразумела, што ўсе гэтыя разлікі ўмоўныя. Мы з вамі памятаем, як перад 24 лютага 2022-га кампетэнтныя людзі рабілі разлікі пра захоп Кіева за тры дні. Вайна ўжо пераваліла за 500 дзён.

Тым не менш, думаю, што адным з вынікаў саміту ў Вільні будзе рашэнне аб умацаванні ўсходняга фланга НАТА.

— Ад Лукашэнкі, пэўна ж, чакалі рэзкіх заяваў напярэдадні саміта НАТА ў Вільні. Як бы вы ацанілі ягоныя словы і дзеянні?

— Я думаю, што ён разумее сітуацыю. Ён разумее, што такое саміт НАТА, і што менавіта зараз нейкія рэальныя крокі, якія могуць быць расцэненыя як правакацыя, могуць атрымаць істотны адказ. І таму ён выдатна разумее, што цяпер не той выпадак, калі такія рэчы трэба рабіць.

Бо ў адрозненне ад Масквы, у якой усё ж такія мегаламанічныя планы, ягонае бачанне перспектыў, у тым ліку захавання ўлады, больш сціплае.

Калі б ён хацеў выклікаць такі адказ, ён бы гэта зрабіў. Але паколькі ён гэтага відавочна рабіць не хоча, і расейцы яго да гэтага, гледзячы па ўсім, не штурхаюць, то ён крышачку прыцішыў актыўнасць.

Тым больш тут вядзецца нейкая хітрая гульня. Запрасілі заходніх журналістаў, чаго даўно не рабілі. Зладзілі вялікую прэс-канферэнцыю, на якой журналісты пыталіся, пра што хацелі. Той жа Сціў Розенберг з ВВС. А потым быў, дарэчы, яшчэ адзін дзіўны крок, калі іх павезлі на намётавую будоўлю каля вёскі Цэль. Даўно такога не было.

Гэта сакрэтны аб’ект. Невядома, ці ўсё ім паказалі, ці не атрымался гэта, як пацёмкінская вёска. Тым не менш, гэта жэст. Мы вам паказваем, нібыта нічога не хаваем.

І тут ёсць такі момант. Пра ролю Лукашэнкі ў рашэнні прыгожынскага мецяжа можна спрачацца, наколькі яна была вялікай. Ён адзіная фігура, якой падзякавалі, можа, і скрозь зубы, і Пуцін, і Прыгожын. Прапагандыст Салаўёў яго пахваліў.

І ў гэтым сэнсе ўжо не істотна, наколькі глыбока ён у гэтым паўдзельнічаў. Бо ў такіх перамовах пасярэднік не абавязкова мусіць валодаць нейкімі значнымі рэсурсамі. Ён зводзіць пазіцыі, якія без яго, магчыма, і не звяліся б.

Я да чаго гэта? З боку Захаду нежаданне размаўляць з Лукашэнкам апошнія год-два, акрамя ўсяго іншага, тлумачылася тым, што ён не мае аніякага ўплыву. Ён — ніхто, марыянетка Пуціна. А які сэнс размаўляць з лялькай?

А вось жа ягоная роля ў крызісе, як яна падаецца і абмяркоўваецца, трошкі абвяргае тэорыю, што так ужо ад яго нічога не залежыць.

Не выключана, што гэта адкрывае нейкія магчымасці з ім размаўляць. Прынамсі, гэта быў адзін з фактараў, які перашкаджаў дыялогу. Магчыма, цяпер ён будзе зняты.

Калі яшчэ раз вярнуцца да сітуацыі на мяжы, тут мы маем яшчэ адзін цікавы фактар. Магчыма, гэта таксама неяк звязана з роляй Лукашэнкі ў вырашэнні гісторыі пахода на Маскву. Гаворка пра дэмантаж лагера мабілізаваных і іх вываз з Беларусі.

Гэта, натуральна, не азначае, што іх тут не з’явіцца ніколі больш. Заўтра абвесцяць у Расіі мабілізацыю — і лагеры можна будзе пабудаваць ізноў. Тым не менш, магчыма, гэта звязаныя рэчы.

Гэта адвечная беларуская дылема: заўсёды можна сказаць, што гэта яны самі, расейцы, так вырашылі. Самі вырашылі, што ім не трэба беларуская армія для вайны.

Самі вырашылі, што пасля кастрычніка мінулага года ім не трэба атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі ракетамі. Магчыма, яны зараз самі вырашылі, што навучылі частку «мобікаў» у Беларусі, а астатніх будуць вучыць у Расіі.

Але ва ўсіх гэтых выпадках можна дапусціць, што нейкі голас беларускага боку — афіцыйнага Мінска, Лукашэнкі — меў значэнне. Магчыма, ён нейкім чынам угаворваў, магчыма, адбіваўся ад неабходнасці ваяваць самім і працягваць даваць тэрыторыю для абстрэлаў.

Так і цяпер, магчыма, было сказана: «Мы іх павучылі некалькі месяцаў, цяпер скажыце «дзякуй» і забірайце сабе».

А паколькі пасля гэтага крызісу Лукашэнка так ці іначай набраў пэўны сімвалічны палітычны капітал, то такая просьба магла прагучаць больш важка і пераканаўча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(18)