Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Ну вось, на Ізраіль напалі. Здарылася тое, пра што Лукашэнка казаў адносна Беларусі»

Ці можа афіцыйны Мінск знайсці саюзнікаў на Захадзе з дапамогай прапалесцінскіх заяў. Пра гэта Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

 

— Лукашэнка ізноў гуляе ў міратворца. Гэтым разам прапануе абвесціць Палесціну дзяржавай поруч з Ізраілем. Ці можа ён такім чынам знайсці саюзнікаў на Захадзе сярод тых, хто займае прапалесцінскую пазіцыю? Ці тут у яго іншы інтарэс?

— Я думаю, што на Захадзе наўрад ці. А вось у Маскве і сталіцах некаторых мусульманскіх краін можа. Тут Лукашэнка проста дакладна паўтарыў пазіцыю Пуціна.

І яе сутнасць была менавіта ў гэтым: Пуцін сказаў, што ў Крамлі бачаць ключ у вырашэнні гэтага крызісу ў стварэнні самастойнай палесцінскай дзяржавы.

Ён сказаў гэта недзе ў сярэдзіне кастрычніка, а цяпер, напрыканцы месяца, Лукашэнка сказаў фактычна тое самае. Паўтарыў за Пуціным.

Але я б тут адзначыў яшчэ адзін момант. Выступ Лукашэнкі прагучаў амаль сінхронна з заявай Эрдагана. Заявай надзвычай антыізраільскай — турэцкі прэзідэнт заявіў, што хамасаўцы — гэта змагары за свабоду, за веру, маджахеды.

Турэччына сярод гандлёвых партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе займае першае месца, яна адна стварае 43% таваразвароту з усім гэтым рэгіёнам, куды ўваходзіць і Ізраіль. Зводзіць да гэтага ўсё, напэўна, не варта, але гэта фактар.

Лукашэнка падыгрывае Маскве і ён падыгрывае такім, як Эрдаган. Ці нават асабіста яму. Пазіцыя многіх іншых партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе такая ж.

І тут можна сказаць, што Лукашэнка ў гэтай справе не зайшоў так далёка, як Эрдаган, але кірунак ён відавочна трымае ў той бок. І мне тут падаецца важным менавіта тое, што ягоная першая ўцямная пазіцыя па гэтым канфлікце была ў пэўным сэнсе сінхранізаваная з афіцыйнай пазіцыяй Турэччыны.

Яшчэ б я звярнуў увагу на пэўную супярэчнасць. Мы з вамі памятаем, як Лукашэнка неаднаразова казаў: калі на Беларусь нападуць, то парвем на кавалкі, рука не завагаецца і на ядзерную кнопку націснуць. Ён гэта некалькі разоў за апошні час казаў.

Ну вось, на Ізраіль напалі. Здарылася тое, пра што ён казаў адносна Беларусі. І тут Лукашэнка пачынае казаць пра дзве дзяржавы, пра легалізацыю Палесціны. Гэта даволі відавочная супярэчнасць. Відаць, у ягоных вачах Ізраіль такога права пазбаўлены.

Тэль-Авіў, дарэчы, ядзернай зброяй Газе не пагражае. Хоць, калі меркаваць па розных крыніцах, яна ў яго ёсць.

— Многія задаюцца пытаннем, ці магчымае ў Беларусі штосьці падобнае да таго, што адбылося ў дагестанскім аэрапорце. І гэта пры тым, што ў нас ужо трэці год адбываецца пагром уласнага грамадства.

Тым не менш, улічваючы настроі сярод прапагандыстаў, прыклад Расіі і сімпатыі Лукашэнкі, ці варта чакаць няхай і прыхаваных формаў пераследу габрэяў у Беларусі?

— Зразумела, што выключаць нічога нельга, але тут мой адказ — хутчэй не. Адносна тых падзей я бы адзначыў, што пагром у Дагестане адбыўся ў Дагестане, а не ў Маскве ці Пецярбургу. Самалёты з Ізраіля лятаюць і туды, а там і блізка такога няма.

І што тычыцца Махачкалы, магчыма гэта прагучыць не зусім паліткарэктна, мусульманскі фактар там паўплываў прынамсі не менш, чым пэўныя антысеміцкія заявы ў цяперашняй расійскай прапагандзе.

Ёсць пазіцыя Эрдагана, аднаго з лідараў мусульманскага свету, як ніяк. І з чаго хтосьці вырашыў, што дагестанцы глядзяць толькі на Маскву? Яны глядзяць і на Анкару, магчыма, нават у большай ступені ў пэўных пытаннях.

І сказаць, што ўсё гэта стала наўпроставым вынікам расійскай прапаганды, гэта, мякка кажучы, не так. Бо ў іншых немусульманскіх рэгіёнах Расіі, дзе і габрэі жывуць, і дзе лятаюць самалёты з Ізраіля, нават і блізка нечага падобнага няма.

А што тычыць Беларусі, то там мусульман зусім мала, яны іншыя. Таму паўтарэнне вось такога мне падаецца малаімаверным з гэтай, магчыма непаліткарэктнай, прычыны.

— Але ці магчымыя нейкія менш маштабныя формы: звальненні з працы, адпаведныя публікацыі ў дзяржпрэсе?

— У Беларусі і так звальняюць шмат каго, і зусім па іншай лініі. Я не думаю, дарэчы, што антысемітызм стане такой выразнай лініяй. Ён такой лініяй не стаў і ў Расіі. Там усё ж пахапалі ўдзельнікаў пагромаў. Афіцыйная пазіцыя расійскай дзяржавы — гэта кепска, гэта няправільна.

Яны развіваюць думку, што на гэта падбілі ці то Украіна, ці то Захад, ці невядома хто. Але пры гэтым не было сказана, што так і трэба. Не, афіцыйная пазіцыя зусім іншая.

І ў Беларусі, я думаю, яна будзе наўрад ці кардынальна іншай. Акрамя таго, ёсць цяперашні наратыў уладаў Беларусі: Вялікая айчынная вайна, генацыд, перамога, а вось тыя ўсе — фашысты. На фоне такога наратыву гнабіць габрэяў неяк недарэчна. Гэта такая ўнутраная супярэчнасць, якая расцярушвае гэты наратыў.

Таму я думаю, што гэта не будзе афіцыйнай пазіцыяй. Усё ж такі пазіцыя Лукашэнкі не такая, як пазіцыя таго ж Эрдагана. А розныя там «Мінскія праўды» — гэта, так бы мовіць, дазволенае адхіленне ад афіцыйнай лініі, але гэта ўсё ж адхіленне.

Нехта, пэўна, можа эксперыментаваць у гэтым накірунку, але наўрад ці канцэптуальны антысемітызм стане афіцыйнай лініяй і ў Расіі, і ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(8)