Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Мы бачым прысяданні Лукашэнкi перад Пекінам»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у інтэрв'ю Филину — пра кітайскія інтарэсы ў Беларусі. I чаму ў Паднябеснай з васаламі не можа быць ніякіх саюзаў.

Юрый Дракахруст

— Расійскі тэлеграм-канал «Незыгарь» піша пра тое, што ў кастрычніку ў часе візіта Пуціна ў Кітай можа быць абвешчана ні больш, ні менш пра далучэнне КНР да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі.

Зразумела, што тут гаворка найперш пра палітычныя фантазіі, але ўсё ж, што можна сказаць пра сённяшні ўплыў Кітая на Беларусь, пра інтарэс Пекіна да нашай краіны на фоне вайны і яе наступстваў?

— Па-першае, гэта вельмі смешна. Таму што такая тэорыя можа ўзнікнуць толькі ў мазгах людзей, якія абсалютна нічога не разумеюць у Кітаі, у ягонай гісторыі.

Кітайцы за ўсе пяць тысяч гадоў сваёй гiсторыi не ўступалі ні ў якія саюзы, а тым больш на другіх ролях. І трэба быць ідыётам, каб сказаць, што яны будуць уступаць у «саюзную дзяржаву» Беларусі і Расіі. Гэты выключана катэгарычна.

Па вялікім рахунку Кітай, як гэта было стагоддзямі і тысячагоддзямі, успрымаў сябе Паднябеснай дзяржавай, цэнтрам свету. Усе астатнія — васалы Кітая. Яны проста пра гэта не ведаюць, але яны васалы. А з васаламі не можа быць ніякіх саюзаў.

Кітай можа падтрымаць Расію ў крыху большай ступені, чым ён зараз яе падтрымлівае ў яе вайне. А можа, хутчэй за ўсё, і абмяжоўваць сваё спрыянне. Але ўступаць у нейкія саюзы?

Думаю, што мы маем справу са інфармацыйнай спецаперацыяй. Гэта апрацоўка ўласнага насельніцтва, спажыўцоў «Незыгаря», у якіх уяўленне пра Кітай прыблізна такое ж, які ў яго самаго. Пасыл — Кітай з намі. Кітай ізноў наш васал. Карацей, поўны ідыятызм.

Што тычыцца кітайска-беларускіх адносінаў, то, уласна кажучы, нейкіх шчыльных інстытуцыйных сувязяў і раней было не надта шмат.

Так, былі праекты па далучэнні Беларусі да ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», што прадугледжвала масіраваны транзіт кітайскага эспарту ў Еўропу праз беларускую тэрыторыю.

У дадзены момант па вядомых прычынах гэтая роля Беларусі адпадае, яна больш ніякі не экспартны хаб. Калі казаць пра «Вялікі камень», то не выключаю, што нешта там робіцца, магчыма, нейкія карысныя праекты рэалізуюцца. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. І гэта не параўнальна з супрацоўніцтвам з Расіяй.  

Сёння Кітай — адна з магчымасцяў рэалізацыі беларускага экспарту. На днях была апублікаваная статыстыка, якая сведчыць пра тое, што Беларусь здолела пераарынтаваць свой экспарт з краінаў ЕС і Украіны ў трэція краіны.

Зразумела, што на першым месцы тут з велізарнай перавагай знаходзіцца Расія. І штосьці ідзе ў Кітай, Індыю, краіны «дальняй дугі».

Што тычыцца далёкай перспектывы, я думаю, кітайцам падабаецца тое, як Лукашэнка робіць жэсты на адрас Кітаю, выказвае да яго павагу. І тое, што ягоны малодшы сын там ці то вучыцца, ці стажыруецца. Гэта таксама такі жэст.

Калі казаць пра далёкую перспектыву, магчыма, і пасля смерці Лукашэнкі, тое, што Кітай як мінімум будзе чальцом кандамініума, які будзе кіраваць светам разам з ЗША, а можа і адзін, рабіць пэўныя кніксэны перад Пекінам, пры ўсіх маіх празаходніх поглядах, з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў — не самае глупае рашэнне.

Але гэта на далёкую перспектыву, бо сёння Кітай для беларусаў не з’яўляецца той самай чароўнай палачкай. Так, гандаль расце, але найперш за кошт кітайскага імпарту.

А Расія пры гэтым мае больш за 60% усяго знешняга гандлю Беларусі. І другіх такіх 60% няма. Кітай, магчыма, на другім месцы, але ягоная доля несувымерна меншая.

Калі казаць пра палітыку, то кітайцы вельмі асцярожныя. Яны не спрабуюць вырваць з-пад Расіі яе кліентаў. Так груба, як гэта любіць рабіць сама Расія. Кітайцы дзейнічаюць больш хітра і акуратна, з павагай.

Думаю, яны разлічваюць на тое, што па выніках вайны Расія стане сатэлітам Кітая. Але яны не спяшаюцца. Тут можна прыгадаць знакамітую размову Генры Кісінджэра, тагачаснага дарадцы прэзідэнта ЗША, з Чжоў Эньлаем, які на той час займаў пасаду прэм’ера Дзяржрады КНР.

Кісінджэр спытаў у суразмоўцы пра стаўленне партыі кітайскіх камуністаў да вынікаў Французскай рэвалюцыі. На што Чжоў з усмешкай адказаў, што прайшло занадта мала часу, каб рабіць канчатковыя высновы.

Яны не спяшаюцца. Кітайцы глядзяць, як пойдзе сітуацыя далей. Нават без іхніх асаблівых высілкаў. А проста ў выніку збегу абставінаў, калі Расія стане яшчэ больш залежная ад Пекіна.

І ў такой сітуацыі груба перахопліваць Беларусь, ад якой Кітаю вялікай карысці няма, для Пекіна не мае сэнсу. Так, яны звяртаюць увагу на ўсе сігналы.

Можа ад «Вялікага каменя» і няма такой ужо вялікай карысці, але гэта своеасаблівая прысяга Пекіну. Сына свайго, ізноў жа, не ў Маскву даслаў вучыцца. І гэта ўсё, натуральна, вітаецца станоўча.

І тут такі характэрны момант ёсць. Прысутнасць Кітая ў краінах Цэнтральнай Азіі значна большая. Але там да кітайцаў куды больш кантраверсійснае стаўленне. У тым жа Казахстане некалькі год таму ўспыхнулі бунты супраць закону, які б дазволіў кітайцам набываць зямлю.

«Забаронены горад». Пекiн

Для Беларусі сінафобія неактуальная, Кітай ад яе вельмі далёка. Але адзначу, што і цэнтральнаазіяцкія краіны робяць пэўныя паклоны «Забароненаму гораду». Той жа Такаеў адзначаў уласнае 70-годдзе ў Пекіне, а не на радзіме, ці ў Маскве.

Гэта знак. Лукашэнка так не робіць, але пэўныя ягоныя жэсты, прысяданні перад Пекінам мы бачым. І ў сэнсе нацыянальных інтарэсаў, якія зусім не зводзяцца да ягоных уласных інтарэсаў, гэта не самая недальнабачная палітыка. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)