Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Лукашэнка намагаецца разбудзіць дэманаў беларускага нацыяналізма»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра антыпольскую палітыку рэжыма і погляд уладаў на карані пратэстаў.

 — Публіцыст Сяргей Дубавец выказаўся наконт сітуацыі вакол палітвязня Анджэя Пачобута. На ягоную думку, Лукашэнка можа і хацеў бы яго вызваліць, але не можа гэтага зрабіць, бо татальна залежыць ад Масквы.

Мы з вамі ўжо абмяркоўвалі гэтую тэму ў студзені. Ваша версія — улады не пойдуць на такія крокі прынамсі да бліжэйшай выбарчай кампаніі. Ці згодныя вы з меркаваннем калегі?

— Я тут не згодны з Сяргеем. Безумоўна, уплыў Масквы ёсць, ён істотны. Але я не думаю, што ён тычыцца такога сюжэту. Урэшце рэшт, мы бачым выбарчую кампанію. Ніхто не можа сказаць, што склад кандыдатаў складаецца Масквой. Умоўна кажучы, што ў Крамлі вырашаюць, хто будзе дэпутатам ад Крычаўскага раёна.

Ці тыя ж перасцярогі некаторых, што на выбары пойдзе «руская партыя». Што Лукашэнка будзе вымушаны прапусціць яе, людзей кшталту Бондаравай.

Вывучэнне кандыдацкіх спісаў паказвае, што «рускамірцы» апынуліся ў загоне на гэтых выбарах. Іх проста не пусцілі. Прычым, некаторых проста выкраслілі са спісаў — ці не так подпісы сабралі, ці няправільна вылучыліся. 

Мне падаецца, што падобная сітуацыя і з Пачобутам. Ну выпусцілі б яго, і што ў Маскве? Там бы зразумелі, што гэта не стварае адназначную нагоду для рэакцыі Варшавы.

Акрамя таго, утрыманне Анджэя за кратамі — гэта не нейкі ізаляваны момант. Ён звязаны з многімі фактарамі. Ён звязаны з курсам, які ўлады Беларусі паслядоўна праводзяць пасля 2020 года.

А менавіта — паслядоўны антыпольскі курс. Што цікава, разбураючы некаторыя наратывы, якія існавалі ў савецкія часы. Лукашэнка ўвесь час клянецца ў вернасці Савецкаму Саюзу, але шмат у чым зараз улады адмаўляюцца ад савецкіх падыходаў.

Напрыклад, стаўленне да Каліноўскага. Ён быў героем. Я ў свой час жыў на вуліцы Каліноўскага ў Мінску. А цяпер што? Гэта «польскі бандыт». І такое мы бачым на афіцыйным узроўні. А што ўжо робіцца на паўафіцыйным, на розных прапагандысцкіх тэлеграм-каналах?

І ВКЛ сёння ў іх гэта «генацыд», «прыцясненне беларусаў». У савецкія часы гэтага не было, пра гэта тады проста маўчалі.

Тая ж кампанія супраць магілаў. Нават не помнікаў, а магілаў жаўнераў Арміі краёвай. У часы СССР на іх проста не зважалі. Яны ж не ў 2020-м з’явіліся, і нават не ў 1991-м. Яны былі тут. Так, на іх заплюшчвалі вочы — хто гэта, што гэта, што за такія салдаты. Але іх не разбуралі, а сёння разбураюць. І ніхто пры гэтым не выбачаецца.

Потым — 17 верасня. Як усё адно прачнуліся ці то ў 2021-м, ці то ў 2022-м. Пры саветах пасля 1945-га назвалі вуліцы ў некаторых гарадах, але каб святкавалі гэты дзень з надрывам, то не скажаш такога. Ні ў 50-я, ні ў 60-я, ні ў 80-я — у самы росквіт «саўка». Свята гэта тады за дужкі выносілася.

Мая асабістая версія, як бы яна дзіўна не гучала, палягае ў тым, што такім чынам Лукашэнка намагаецца разбудзіць дэманаў беларускага нацыяналізма. Праўда, зрабіць гэта нікому не ўдавалася яшчэ, у тым ліку і ягоным апанентам.

Гэта такая паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка. І ў гэтым сэнсе гісторыя Анджэя — гэта частка больш шырокай палітыкі. І паколькі яна не змяняецца, а можа ж было адкаціць назад і па нейкім меншым пункце, я думаю, што гэта асабісты выбар Лукашэнкі.

Пасля выбараў у Польшчы, яшчэ да прыходу кабінета Туска, была заява Лукашэнкі. Ён тады літаральна наступнае сказаў пра Пачобута: маўляў, я яго магу вызваліць, але вы мусіце мне за гэта заплаціць.

Не ў тым сэнсе, каб заплаціць літаральна грашыма, а каб былі істотныя саступкі. Выразныя крокі насустрач. Была тады і заява Васкрасенскага пра тое, што Лукашэнку мусяць патэлефанаваць. Справа не грошах, не ў тым, каб адчыніць ізноў нейкія памежныя пункты.

Возьмем умоўную схему 2020-га, калі Пампеа (былы дзяржсакратар ЗША) патэлефанваў, пасля чаго ўлады вызвалілі паліттэхнолага Шклярава. Вось хай зараз патэлефануе Дуда, а лепей Туск. Тады і вызвалім, а так — не.  

І Масква тут ні пры чым. Зразумела, яна сочыць за кантактамі з Захадам. І калі б Лукашэнка зайшоў занадта далёка, яны абавязкова адрэагавалі б. А вызваленне Пачобута, калі б яно адбылося, было б толькі першым крокам.

І не факт, што палякі пайшлі б адразу насустрач. І Лукашэнка адпаведна не надта б далёка заходзіў тут. Бо першы крок наўрад ці быў бы расцэнены расейцамі, як парушэнне чырвонай лініі. 

— Так званы «адзіны дзень галасавання» ўжо хутка. Чаго варта чакаць, калі ён міне? Працягу той самай лініі, пэўнага паслаблення — напрыклад, адзінкавых вызваленняў зняволеных? Ці пагаршэння сітуацыі?

— Баюся, што сённяшняя лінія будзе працягнутая, як мінімум да выбараў 2025-га. Бо гэта самая галоўная падзея. А перад гэтым будзе вельмі важны этап, на які мала хто звяртае ўвагу — гэта, канечне, фарміраванне Усебеларускага народнага схода. 

Гэта, між іншым, больш адчувальная кропка. Бо гэта змена дызайну. Прэзідэнцкія выбары, прэзідэнцтва — як гэтая сістэма функцыянуе, добра вядома.

А вось наконт УНС хоць уладам, напэўна, і зразумела, навошта ім гэтая інстытуцыя, але ўсё ж гэта новае. Вось такога раней не было. І калі адбываюцца нейкія навацыі, заўсёды нешта можа пайсці не так.

І таму ўлада перасцерагаецца. І гэты кантроль, гэтае адчуванне, што нават мыш не павінная праскочыць, захаваецца як мінімум да фарміравання УНС.

Пасля чаго Лукашэнка, хутчэй за ўсё ўзначаліць ягоны прэзідыум. А другой кропкай стане 2025-ы. Вельмі малаімаверна, што ён не пойдзе на выбары, нават калі стане старшынёй сходу. У любым выпадку, гэта будзе другая кропка, момант няпэўнасці.

Добрую інтэрпрэтацыю гэтага настрою ўлады зрабіў у каментары «Радыё Свабода» Арцём Шрайбман. На першы погляд паводзіны ўладаў выглядаюць неадэкватнымі. Ідзе бесперапынная нагнятанне істэрыі. Пад кожны ўчастак атрад АМАПу, баевікі нейкія рыхтуюцца нападаць.

Нібыта яны не бачаць, што і ніякага грамадскага пад’ёму няма, як і планаў пайсці на выбары з віламі ў руках. Арцём, на мой погляд, слушна сказаў, што бачанне ўладаў такое — усе гэтыя забурэнні, пратэсты на сто адсоткаў інспіраваныя з-за мяжы.

Яны разглядаюць у якасці свайго апанента не апазіцыю, а Захад. На думку ўладаў выбары з’яўляюцца для Захаду добрай нагодай для дэстабілізацыі. Ён зноў выведзе на вуліцы сто, дзвесце, трыста, тысячу чалавек, каб зладзіць гэтую дэстабілізацыю.

Ён заплаціць людзям, гэта не праблема, у Захада план — «падрываць беларускую стабільнасць».

Гэта іх псіхалогія. Яна такая і ў «адзіны дзень галасавання», і на УНС, яна такая і на 2025-ы: Захад здзейсніць чарговы напад на нас. Дзе ён знойдзе людзей? Знойдзе. Вось так яны бачаць сітуацыю.

А раз так, то ім трэба мінімізаваць патэнцыял, каб Захаду было цяжка шукаць тут патрэбных людзей. І таму тут трэба чысціць усё. Хто подпіс за Бабарыку ставіў, хто штосьці лайкнуў у тэлеграме — усіх вылічыць і зачысціць. Для таго, каб прадухіліць сцэнар знешняй інспірацыі. Бо ўнутраныя матывы рэжым не цікавяць, ён іх ігнаруе, іх для яго «няма».

Я лічу гэта слушнай трактоўкай. Бо сёння няма нічога, што б нагадвала сітуацыю 2020-га: ні грамадскага ўздыму, ні яркіх кандыдатаў, няма стаўлення народа да выбараў.

Нічога гэтага няма. «Безвыбары», мы ігнаруем гэтую кампанію… Ігнараваннем справакаваць нейкія забурэнні па вызначэнні немагчыма. Але пра гэта можна разважаць у катэгорыях, дзе актыўнасць і настроі народа маюць значэнне.

А ўлада разважае ў парадыгме, дзе гэта проста не мае значэння. Для іх гульня ідзе з Захадам, а ён, прынамсі, будзе шукаць палітычных наёмнікаў. 

— А рэжыму трэба гэтую «базу наёмнікаў» нейтралізаваць.

— Так, яе трэба чысціць. Ці ўдасца вычысціць усіх? Можа і не, але трэба старацца. Трэба пазбаўляць іх патэнцыялу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(12)