Цыганкоў: «Асабіста Пуціна зачапіла тое, што Арменія вырашыла ратыфікаваць той самы Рымскі статут»

Палітычны аналітык — пра сітуацыю ў Нагорным Карабаху і тое, на чыім баку беларусы. 

— Расія сапраўды карае Пашыняна за некаторыя, як яна лічыць, здрадніцкія антырасійскія крокі, — адзначае эфіры Еўрарадыё Віталь Цыганкоў. — Асабіста Пуціна зачапіла тое, што Арменія вырашыла ратыфікаваць той самы Рымскі статут, паводле якого ёсць міжнародны-крымінальны суд, які выдаў ордар на арышт Пуціна. Гэта ўжо ўнесена ў парламент 1 верасня, сам Пашынян адназначна сказаў, што такое не тычыцца адносін з Расіяй, павінны мець гэты статут дзеля міжнародных абавязкаў. Праз пару тыдняў Азербайджан пачынае новую вайну і захоплівае Карабах.

Віталь Цыганкоў. Фота: скрын з «Еўрарадыё»

Я, канечне, не прыхільнік такой версіі, што Расія сказала Азербайджану, а ён пабег выконваць. Ён больш самастойная дзяржава. Але, магчыма, адчуўшы такі момант, пачуўшы намёкі з Масквы, што так званыя міратворцы не будуць умешвацца, Азербайджан вырашыў, што гэта яго час, пайшоў, не сустракаючы супраціву.

Сам Пашынян з першых хвілін дзеянняў Азербайджана заяўляў, што Арменію хочуць уцягнуць ў вайну, гэта не ўдасца. Скончылася тым, што Карабах фактычна здаўся. Я б сказаў, што ўпершыню за 35 гадоў канфлікту, магчыма, будзе пастаўленая кропка. У тым сэнсе, што так суверэнітэт Азербайджана не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ распаўсюдзіцца на землі Нагорнага Карабаха.

Журналіст таксама паразважаў пра тое, на якім баку могуць быць сімпатыі беларусаў у гэтым канфлікце?

— Лукашэнка, канечне, хацеў бы ўсунуцца са сваёй місіяй міратворца. Гэта як Сяргей Алейнік на Генасамблеі ААН прапанаваў зноў, каб Беларусь была пасярэднікам у перамовах паміж Расіяй і Украінай. Беларусь заняла пазіцыю Расіі, як яна можа быць пасярэднікам?

Што тычыцца шараговых беларусаў, то, мне здаецца, з пункту гледжання гістарычных, культурных прычын, большасць беларусаў была б на баку Арменіі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(15)