Общество

Кацярына Батлейка

Былая палітзняволеная: «Дзяўчаты плакалі, бо ўсё да апошняга слова адгукалася»

Беларускія палітычныя зняволеныя, знаходзячыся за кратамі, амаль пазбаўленыя сувязі з навакольным светам. Тое, што ў іх у думках і на душы, некаторыя палітвязні выказваюць у творчасці — малюнках, вершах. Усё гэта, дзеля дапамогі і распаўсюджання, збірае ініцыятыва «Вершы з-за кратаў».

Ілюстратыўны здымак

«Салідарнасць» паразмаўляла з былой палітзняволенай, якая пісала вершы за кратамі, а таксама праглядзела вершы іншых палітвязняў, каб распавесці, аб чым пішацца беларусам у зняволенні і чаму гэта варта распаўсюджваць.

— Калісьці я пісала вершы ў падлеткавым узросце. Гэта была проста іскра, і потым жадання пісаць не было доўгія гады. Але адна з маіх сябровак, ужо ў сталым узросце, сказала, што заўсёды чакала, што я буду працягваць свае паэтычныя намаганні, бо ёй падабалася, як я пісала, — распавядае «Салідарнасці» былая палітзняволеная, імя якой мы не пазначаем у мэтах бяспекі.

Зноў пісаць вершы жанчына пачала ужо будучы ў зняволенні. Але таксама не адразу. Усё здарылася знянацку — пасля хваробы.

— Памятаю, як мяне перавялі ў агульную камеру: быў адбой, і адна са зняволеных сказала фразу пра верасень. Я лягла спаць, але ў мяне адразу пайшоў верш. Узяла нататнік, асадку і запісала першы ў зняволенні верш.

Потым вершы да мяне прыходзілі таксама знянацку, нават падчас праверкі ў лакальным дворыку (тады запісала верш на далоні), падчас працы на фабрыцы — спынялася і запісвала.

Жанчына зазначае, што пісала на розныя тэмы. Некаторыя вершы былі палітызаваныя, сатырычныя — у іх адбіваўся ўнутраны стан зняволенай. Але больш за ўсё хацелася пісаць пра лірычнае.

Пісалася таксама і пра вызваленне, волю. Пра пахі і падзеі, якіх не хапае.

— Чытала дзяўчынкам, усе плакалі, бо ўсё да апошняга слова ў іх адгукалася.

Вершы, напісаныя ў СІЗА і калоніі, жанчыне не дазволілі вынесці падчас вызвалення.

— Ёсць толькі каля пяці вершаў, якія я змагла аднавіць у памяці да кожнага слова. Час ад часу ў галаве ўсплываюць нейкія радкі іншых вершаў, часцей за ўсё гэта першыя радкі.

Суразмоўніца лічыць, што распаўсюджваць вершы і малюнкі палітычных зняволеных вельмі важна. І прыгадвае, як ёй даслалі ў лісце паштоўку з вершам палітзняволенага Максіма Знака.

— Гэта было асабліва кранальна. Бо гэта чалавек, з якім няма ніякай магчымасці стасавацца, а вот гэтая паштоўка, вершык — адна з магчымасцяў  патрымаць чалавека за руку такім метафарычным чынам.

А пра што пішуць іншыя палітвязні? Прачыталі на сайце сумеснай ініцыятывы Вольных паштовак і Народнай амбасады Беларусі ў Бразыліі «Вершы з-за кратаў» і публікуем кранальную падборку.

«Тут няма ні сваіх, ні чужых». Пра зняволенне

Больш за ўсё беларусы-палітвязні пішуць пра зняволенне: амаль у кожнага ёсць верш, прысвечаны турме, свайму артыкулу, разлуцы са свабодай і несправядліваму прысуду.

Журналіст Андрэй Аляксандраў, асуджаны да 14 гадоў калоніі, піша шмат вершаў, прысвечаных у тым ліку свайму зняволенню. Адзін з вершаў на гэты тэмат — «Калі на неба глядзіш праз краты». Далей — урывак.

Калі на неба глядзіш праз краты,

не бачыш кратаў, а бачыш неба.

Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,

а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

Ты кажаш: неба — падман аптычны.

Але падман — гэта краты, вер мне!

Экс-дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт сядзіба» і крамы Symbal.by Павел Белавус, асуджаны да 13 гадоў, напісаў верш «Турма» — у ім палітвязень распавядае, што ў зняволенні не варта расказваць сакрэты і даверліва верыць у дабро. Але ён піша пра пабудову шляху да свабоды ў галаве, калі фізічна ён зараз зачынены.

Тут няма ні сваіх, ні чужых,

Як праклён кожны носіць свой боль,

Як удар, што патрапіў пад дых,

Памнажаючы праўду на ноль.

Тут надзея, як грукат трамвая,

Што бяжыць праз штодённы палон:

Ці дарога дадому чакае,

Ці на рэйках расплюшчыць вагон.

«Твой ліст як паветра — дыхаў бы дыхаў». Пра сваякоў і сваякам

Ілля Туркоў, затрыманы ў ліпені 2020 года і асуджаны пазней да чатырох гадоў пазбаўлення волі напісаў верш пра сон, у якім ён прысніў сваю дачушку.

Тот сон конечно станет явью и в далеке увижу я

идущие на встречу мне два ангела —

жена моя и дочь моя.

Мы обнялись и плачем, и смеёмся,

и кажется уж больше ничего и нет,

и время в миг остановилось,

чтоб утолить наш голод по любви!

Дзімітрый Семчанка — журналіст і тэлевядоўца, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, напісаў кранальны верш «Твой ліст». У ім палітвязень апісвае, што ліст ад каханай нібы паветра для яго, на літары ў якім не наглядзецца.

Словы складаюцца

Ў вусны твае,

Нібы на першым спатканні.

Зноў усміхаюцца

Быццам у сне.

Так выглядае каханне.

Андрэй Дзенісенка, які пазбаўлены волі на чатыры гады, піша шмат вершаў зняволенні. Асабліва шмат вершаў прысвечаны суму па родным: «Мы скоро увидимся», «Спешу к тебе», «Почему с тобой нас разлучили?».

Полетим с тобою, как на крыльях,

Потому что вместе мы теперь.

Нету больше коридоров пыльных,

Рухнула обшарпанная дверь.

«Кричу о боли и тоске, кричу о том, чего никто не слышит». Пра боль

Марфа Рабкова — валантэрка-праваабаронца, асуджаная да 15 гадоў пазбаўлення волі — пра маўклівую цішыню.

Говорят, что когда мы молчим

Это ангел тишины пролетает над нами

А я кричу, кричу, кричу

Но крик мой безмолвный.

Кричу о боли и тоске,

Кричу о том, чего никто не слышит.

Мы апублікавалі толькі ўрыўкі вершаў нашых палітвязняў. Цалкам вы можаце прачытаць іх тут. Праз «Вершы» праект хоча прыцягнуць больш увагі да праблем несправядліва зняволеных беларусаў і беларусак, таму калі вы былі ў зняволенні і пісалі вершы, або пісалі лісты вязням і атрымоўвалі адказы з вершамі, дасылайце іх праекту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)