Политика

Кацярына Батлейка

Беларускія дэмакратычныя сілы прэзентавалі стратэгію пераходу да Новай Беларусі

Беларускія дэмакратычныя сілы 13 снежня прэзентавалі стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Гэта праект для грамадскага абмеркавання.

Асноўнай мэтай стратэгіі з'яўляецца транзіт улады і ўсталяванне дэмакратычнай сістэмы, у якой немагчыма з'яўленне новай дыктатуры.

У стратэгіі апісваецца, што трэба зрабіць зараз для падрыхтоўкі да пераходнага перыяду і што будзе зроблена ў пераходны перыяд. Ёсць чатыры сцэнары транзіту ўлады:

– перамены як вынік перамоў,

паступовая трансфармацыя рэжыму

– перамены пад унутраным ціскам грамадства,

– перамены як вынік уцягвання беларускага войска ў вайну.

— Наша агульная мэта — пераход Беларусі да ўстойлівай дэмакратыі, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі. — Экспертная група прыйшла да высновы, што ўстойлівая дэмакратыя — гэта калі наступныя выбары пасля дэмакратычных таксама будуць дэмакратычнымі.

Гэта стратэгія не адказвае на пытанне, як нам перамагчы, таму што гэта іншы дакумент. Трэба адначасова змагацца за тое, каб перамены сталі магчымыя, і рыхтавацца да гэтага моманту, каб было разуменне, што трэба рабіць у гэты перыяд.

У стратэгіі прапісанае, якія ўмовы павінны быць створаны для правядзення дэмакратычных выбараў — гэта спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў, аднаўленне рэгістрацый партый і НКА, зняцце блакіроўкі сайтаў грамадска-палітычнай накіраванасці і медыя, аднаўленне свабоды мірных сходаў і аднаўленне рэгістрацыі і ліцэнзій СМІ.

Калі казаць пра эканамічны кірунак, то ў яго ёсць дзве мэты. Першая — аднаўленне макраэканамічнай стабільнасці: адсутнасць падзення даходаў і ВУП, поўная занятасць, устойліва нізкая інфляцыя. Другая — умацаванне і развіццё эканамічнага патэнцыялу краіны: рэформы стабілізацыйнага і ачышчальнага характару, падрыхтоўка нацыянальнай эканомікі да інстытуцыйных рэформ.

— На жаль, у нас у галовах у пэўнай ступені саўковы след адклаўся, бо мы лічым, што эканоміка — гэта справа толькі дзяржаўных службоўцаў ці ў лепшым выпадку бізнесоўцаў, — кажа навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук. — Гэта далёка не так: абсалютна кожны не тое, што можа, але ўсё ж такі мае магчымасць прымаць удзел у эканамічным жыцці краіны.

Ад гэтага будзе выграваць нацыянальная эканоміка. Таму ў межах гэтай стратэгіі мы прадугледжваем, што будуць створаны спрыяльныя ўмовы, каб людзі праз арганізацыі грамадскай супольнасці і дыяспары мелі шмат інструментаў, каб рэалізаваць свае інтарэсы, спрыяючы эканамічнаму развіццю краіны. 

Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык распавяла, што нацыянальнае адраджэнне не будзе скіраванае на дыскрымінацыю беларусаў па моўных і культурных прыкметах.

Частка праграмы прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для развіцця культуры нацыянальных меншасцяў Беларусі, але галоўная ідэя ў тым, каб стварыць тэндэнцыю павелічэння сферы ўжывання беларускай мовы і падтрымкі беларускай культуры.

Прадстаўніца АПК таксама зазначыла, што веданне беларускай мовы будзе абавязкова для дзяржслужачых, дзеля гэтага плануецца стварыць курсы па вывучэнні беларускай мовы. Скарыстацца імі таксама змогуць выхавальнікі, настаўнікі і іншыя катэгорыі грамадзян.

Што тычыцца знешняй палітыкі, то яна, зазначае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі, будзе займаць амаль цэнтральнае месца ў пераходным перыядзе.

— Асноўныя мэты, якія мы павінны забяспечыць у гэты перыяд — гэта абарона незалежнасці Беларусі і гарантыі бяспекі. Другое — фінансавая і эканамічная стабілізацыя. Трэцяя — аднаўленне прававых механізмаў.

Палітык таксама зазначыў, што найперш за ўсё будзе стаяць задача аднавіць адносіны з міжнароднай супольнасцю, у прыярытэце — Украіна, Латвія, Літва і Польшча.

— Прынцыповым крокам для нас будзе далучэнне на Рады Еўропы. Для гэтага важным унутраным палітычным рашэннем будзе ўвядзе мараторыя на ўжыванне смяротнага пакарання, — сказаў Кавалеўскі.

Па словах прадстаўніка АПК, у пераходны перыяд таксама будуць перагледжаны адносіны з РФ.

— Мы разумеем, што за гады кіравання Лукашэнкі гэтыя адносіны ў вельмі значнай ступені стварылі перакос у нашай знешняй палітыцы і сітуацыю амаль абсалютнай залежнасці ад таго, што думаюць і чаго хочуць у Крамлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(23)