Филин

Юлія Кот

«Беларуская грамадзянская супольнасць, як грыбніца, чакае свайго часу — але яна жывая і прарасце»

Не могуць, не хочуць, не спыняць, але і не знішчаць ушчэнт. Як улады працягваюць змагацца з салідарнасцю.

Беларускае заканадаўства робіцца ўсё больш рэпрэсіўным, а дзяржава, закатваючы ў асфальт усё жывое, па-ранейшаму разглядае грамадства як патэнцыйна небяспечны для сябе аб’ект. Да такіх высноў прыйшлі аналітыкі Цэнтра новых ідэй ў даследаванні «Барометр рэпрэсій у Беларусі».

Метады ў карнай сістэмы знаёмыя: запалохванне, у тым ліку праз масавыя «хапуны», ліквідацыя грамадскіх арганізацый, пошук «экстрэмісцкага» кантэнту, узмоцненыя праверкі на мяжы, крымінальны ды адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах.

У пэўным сэнсе, зазначае сацыёлаг Генадзь Коршунаў, рэпрэсіі выйшлі на плато — больш жорсткія меры ўздзеяння рэпрэсіўна-карная сістэма не фарсіруе, абмяжоўваючыся часцей запалохваннем. Але разам з тым ёсць памкненне пашырыць ахоп, «зачапіць» як мага большую колькасць апанентаў (прыгадаем пераслед за данаты, аблавы ў рэгіёнах, «справа Каардынацыйнай рады», «справа аналітыкаў», дыскрымінацыйныя захады супраць дыяспары).

Паказальны ў гэтым сэнсе ціск на сваякоў палітвязняў: паводле звестак праваабаронцаў, больш 200 чалавек трапілі пад пераслед пасля рэйду сілавікоў 23-24 студзеня, у іх цікавіліся, хто дапамагае сем’ям з перадачамі і аплочвае дастаўку прадуктаў. Хоць прызнаць «экстрэмізмам» прадуктовую дапамогу, натуральна, задачы не было — у адрозненне ад самой ініцыятывы салідарнасці.

— Ці слушна меркаваць, што ўлады, паколькі не ўдалося забяспечыць «маналітнасць» і лаяльнасць грамадства, спрабуюць максімальна запалохаць і раздрабніць яго, знішчыць гарызантальныя сувязі?— запытаўся Филин у старшага аналітыка Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава.

Генадзь Коршунаў

— Думаю, выснова цалкам слушная. Сапраўды, ёсць моцнае адчуванне, што робіцца ўсё для атамізацыі грамадства, парушэння ўсіх сувязяў, калі знішчаюцца магчымасці і прававыя, і арганізацыйныя, і інфармацыйныя для таго, каб людзі маглі нешта рабіць самастойна.

Усё фактычна падбіраецца пад кіраванне, нагляд, падпарадкаванне дзяржаве — пачынаючы ад уводзін розных рэестраў, атэстацый і пераатэстацый (якія перашкаджаюць нармальнай дзейнасці, у тым ліку камерцыйнай — маршрутныя перавозчыкі, аграсядзібы), і завяршаючы «нармалізацыяй» адвакатаў, рэкламы, сацыяльнай дапамогі і г.д. У тую ж самую скарбонку далучым знішчэнне магчымасцяў самакіравання ў ЖСПК, кантроль над страйкбалістамі, забарону дронаў і да таго падобнае.

То бок, дзяржава імкнецца ўзяць пад кантроль усе ўзроўні функцыянавання і грамадства, і нават асобнага чалавека.

Да таго ж, дадае аналітык, відавочнае намаганне парушыць сувязі паміж часткамі грамадства. З гэтай мэтай працягваецца, у прыватнасці, знішчэнне НКА і медыя.

Варта адзначыць спецыфіку «хапуна», які прайшоў па сваяках палітвязняў: улады намагаюцца запужаць не толькі тых, хто дае дапамогу, напрыклад, медыя, фонды і ініцыятывы дапамогі, але і тых, хто прымае —ціснуць на два бакі салідарнасці.

— На ваш погляд, наколькі такая стратэгія можа быць эфектыўнай для рэжыму і разбуральнай для беларусаў? Запалохванне дасць плён, альбо хутчэй узаемападтрымка працягнецца на партызанскім узроўні?

— Запалохванне працуе, працавала і працаваць будзе — пытанне ў памерах. Мы бачым, што эфект насамрэч ёсць, але ён не татальны. І ўсё роўна «партызаншчына» — і інфармацыйная, і лічбавая, і фінансавая — будзе ісці. На жаль, у крыху меншых памерах і трапляючы пад усё большы пераслед з боку ўладаў.

Аднак хачу зазначыць, у 2023 годзе выявілася тэндэнцыя, паглядзім, як яна будзе ісці далей, — лічбы крымінальнага пераследу крыху знізіліся, а вось адміністратыўнага — растуць. Праз гэта можна зрабіць выснову: магчыма, ёсць устаноўка на тое, каб найбольш жорсткі ціск паступова мякчэў, а замест яго ішоў больш маштабны, але не столькі з мэтай пакарання, колькі дзеля запужвання.

— Дарэчы, пра запужванне. Адасабленне людзей, забарона на ўзаемадапамогу, нават на тое, каб дзяліцца рэчамі і прадуктамі — акурат нагадвае правілы ў калоніях, аб якіх расказваюць вязні. Ці атрымаецца маштабаваць турэмныя норавы на ўсю краіну, ці гэта дасць адваротны эфект?

— Гэта класічная стратэгія і практыкі аўтарытарных і таталітарных грамадстваў: калі людзі раз’яднаныя, імі значна лягчэй кіраваць, падпарадкоўваць адной волі зверху. Ці дасць гэта адваротны эфект, меркаваць пакуль цяжка — але знішчыць цалкам адназначна немагчыма.

Мы бачым тое нават у прыкладзе з пенітэнцыярнай сістэмай, які вы прывялі: якім бы жорсткім ціск не быў, сацыяльныя сувязі ўсё адно застаюцца, проста сыходзяць у больш глыбокі, латэнтны фармат.

Так і беларускае грамадства, мяркуе Генадзь Коршунаў, цяпер самазахоўваецца як рызома (тэрмін з гуманітарных навук, уведзены філосафамі Жылем Дэлёзам і Феліксам-П’ерам Гватары для апісання грамадства ў эпоху постмадэрну), гэткая грыбніца ці сетка каранёў раслін без ствала:

— Прынамсі, Інтэрнет працуе па тым жа прынцыпе, калі адной кіруючай структуры няма, але пад ісподам сувязяў вельмі шмат. І час ад часу, калі з’яўляюцца спрыяльныя ўмовы, нешта выходзіць на паверхню. Беларуская грамадзянская супольнасць, як гэтая грыбніца, таксама чакае свайго часу — але яна жывая і прарасце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)