Общество

Ірына Дрозд

Беларуска, вымушаная з'ехаць з-за перапіскі з палітвязнямі: «Жанчыну, якая сказала, што не можа ісці па сцягах, спачатку штурханулі ў грудзі, а пасля проста павалаклі»

Сям'я, пасля масавай аблавы ў студзені, выратавалася літаральна ў апошні момант.

Напрыканцы студзеня гэтага года рэжым разгарнуў жорсткія рэпрэсіі супраць усіх, хто нейкім чынам дапамагаў палітвязням. Адной з тых, хто трапіў пад пераслед, аказалася сям'я Наталлі (імя зменена ў мэтах бяспекі, — С.). У гэтай сямʼі няма родных за кратамі, яны не маюць дачынення ні да воднага фонду дапамогі.

Усё «злачынства» Наталлі заключаецца ў тым, што яна адправіла сотні пісем і бандэроляў палітвязням. Аб тым, як і чаму шматдзетная сям’я абрала для сябе такую небяспечную місію, жанчына расказала «Салідарнасці».

Фота: belsat.eu

«Нас труцілі газам, на нашых вачах усю дарогу страшэнна збівалі затрыманых мужчын»

Наталля кажа, што пачала пісаць лісты пасля таго, як скончылася актыўная фаза пратэстаў.

— Гэта была магчымасць штосьці рабіць і мне гэта было патрэбна: разумець, што я працягваю хаця б маленькімі крокамі змагацца, — прызнаецца жанчына. — Мы сапраўды нядрэнна жылі да падзей 2020 года, але глядзець абыякава на тое, што адбывалася, здаецца, не мог ні адзiн нармальны чалавек.

Мой муж быў незалежным назіральнікам, да таго мы жылі ў цэнтры Мінска, таму бачылі ўсё самі. У тыя дні нават калі ты выходзіў з дому не з нагоды пратэсту, мог стаць сведкам, як, напрыклад, на праспекце Незалежнасці жанчыну за валасы цягнуць у аўтазак.

Гэтаму вельмі хацелася неяк супрацьстаяць. Спачатку мы хадзілі на пратэсты ўсёй сям’ёй, потым па чарзе, бо адзін павінен быў заставацца з дзецьмі.

За гэты час затрымлівалі мужа, і мяне, зразумела, пацярпелі шмат знаёмых.

Сваё апошняе затрыманне Наталля дагэтуль узгадвае са слязамі.

— Адзін раз мяне пратрымалі да вечара і адпусцілі, другі — трымалі суткі. Але тое, што я ўбачыла і адчула за гэты час, я не забуду ніколі.

Усё было вельмі жорстка. У той дзень 8 лістапада затрымалі шмат жанчын, большасці было за 50 гадоў, старэйшай сярод нас было 73 гады.

Мяркую, калі б я была тады адна, мне было б не так страшна. Але тое, праз што давялося прайсці і мне, і гэтым жанчынам, быў жах.

Усё разрывалася ўнутры, калі ў Жодзіна нейкі недачалавек у балаклаве, не магу інакш яго назваць, гэтую пажылую жанчыну, якая падыходзіць яму ў маці, прымушаў паўзці на кукішках, потым, заламаўшы «ластаўкай», бегчы па прыступках.

Ён на яе раве адным матам, а яна проста не можа, бо ў яе праблемы з суставамі. Тады ён да нас, маўляў, праз тое, што яна не можа, вы ўсе будзеце да самай камеры ісці гуськом.

А яшчэ да таго нас заводзілі ў аўтазак, там ляжаў сцяг, я нахілілася, каб яго прыбраць, і адразу атрымала ззаду так, што ўляцела прама ў «стакан». Потым нас труцілі газам, на нашых вачах усю дарогу страшэнна збівалі затрыманых мужчын.

І нават калі ты стаіш у «стакане», адвярнуўшыся, ты не можаш не чуць тыя глухія ўдары. Калі пасля хлопцаў выводзілі з аўтазаку, многія хісталіся, ледзь не падалі.

У Жодзіна нас паставілі ў шэраг, там ужо ўся зямля была выслана сцягамі. Жанчына, якой было больш за 50 гадоў, сказала, не магу ісці па сцягах. Яе спачатку штурханулі ў грудзі так, што яна адляцела прама да будынку, а пасля проста павалаклі.

Потым была перапоўненая камера, і людзей вялі і вялі яшчэ, нават у 6 гадзін раніцы. Адной жанчыне з дыябетам стала блага, яна прасіла хоць трохі ежы.

Гэтыя карціны не змагу забыць ніколі. Дагэтуль узгадваю іх з болем і слязамі.

Яшчэ да затрымання бачыла, як пачалі моцна збіваць хлопца, а нейкая бабуля не вытрымала і кінулася прама на яго, быццам пыталася затуліць сабой, і тады той звер проста наставіў ёй у самыя вочы балончык з газам і пачаў ліць прама ў твар.

Яна ўстала, рукі трасуцца, гэтымі дрыготкімі рукамі са свайго заплечніка дастае малако і пачынае мыць вочы. То-бок чалавек ведаў, куды ідзе і што яму там пагражае.

Самае жудаснае, што ты разумееш, з табой зараз могуць зрабіць, што заўгодна, і ім нічога за гэта не будзе, у іх абсалютны карт- бланш.

Калі пасля такога нічога не рабіць, мяне гэта проста з’ела б. Мне хацелася паказаць людзям, асабліва якія пацярпелі, што нам не ўсё адно, што мы пра іх памятаем, што нам баліць. Баліць за ўсіх.

«Для нашай сям’і ліставанне з палітвязнямі — гэта было святое»

Паўтары гады Наталля пісала лісты ледзь не кожную ноч, бо ў дзень даводзілася даглядаць дзяцей.

— Шмат з кім у мяне склалася добрае, вельмі шчырае, адкрытае ліставанне. Вяла каляндар, каб усіх павіншаваць з народзінамі, лічыла, як і яны, час да вызвалення. Памятаю ўсе дні, калі хто выходзіў.

Сачу за іх лёсам, з кімсьці працягваем падтрымліваць стасункі, нават сталі сябрамі. Хвалююся, калі хтосьці застаецца ў краіне, бо ведаю, што іх не пакідаюць без увагі, радуюся, калі з’язджаюць у бяспеку.

— Вы не падлічвалі свае лісты?

— Ніколі не падлічвала. Перапісвалася з дзясяткамі чалавек: дашлю нейкі вершык, хаця б пару слоў падтрымкі, у Дзень народзінаў —абавязкова па паштовачцы. Калі хто адказваў, завязвалася перапіска. З некаторымі пераходзілі на асабістыя тэмы.

— Пра што больш за ўсё пішуць палітвязні?

— Пра сваіх любімых. У каго ёсць дзеці, пішуць проста паэмы пра сваіх дзяцей, ад самага нараджэння. Часам апісваюць кожную дробязь, на якую ў звычайным жыцці мала хто звяртае ўвагу.

Шмат пішуць пра жонку, пра мужа, у каго няма — пра бацькоў, сясцёр і братоў, пра сямейныя традыцыі.

Шчыра кажучы, пра планы пасля вызвалення пісалі няшмат, наконт гэтага выказваліся з бояззю. Пісалі, што плачуць ад маіх нейкіх лістоў, і ў мяне таксама часта слёзы стаялі ў вачах, калі чытала адказы.

Часам лісты былі вельмі сумныя, аб тым, што «я ўвогуле не выйду адсюль, гэта ніколі не скончыцца».

— Што адказаць чалавеку, які ў поўным адчаі?

— Я намагалася знайсці ў мінулых лістах хоць нешта са светлых успамінаў, пра тых жа родных, і нагадвала, што было добрага, пісала: з таго, што вы мне расказалі, відавочна, вы добры бацька ці маці.

Паўтарала нейкія іх словы, казала, што магу толькі тэарэтычна, на адну тысячную ўявіць, наколькі там балюча і невыносна. Але рабіла акцэнт на тым добрым, што знаходзіла. Зразумела, падбіраць такія словы вельмі цяжка, заўсёды са слязамі.

Неяк адчула, што не магу не пісаць. Асабліва тым, з кім была ўжо моцная сувязь. Гэта была мая, можна сказаць, псіхатэрапія.

Нават пасля таго, як ліставанне амаль спынілі ў лютым 2022 года, каб не адчуваць, што сувязь з чалавекам згубілася зусім, працягвала пісаць, хоць ужо ведала, што лісты не даходзяць. Можа толькі адзінкавыя прарываюцца.

Калі зразумела, што страчу сувязь, перайшла на бандэролі. Дагэтуль адпраўляла іх часцей на дні нараджэння. Стала слаць усім. Бывала, выходзіла за месяц да 30 бандэроляў.

А двух палітвязняў абрала і вырашыла кожную суботу адпраўляць ім акрамя бандэролі невялікі грашовы перавод. Гэта магло быць усяго 10-15 рублёў, колькі ў мяне было на той момант.

Але я прыкладна ведала, калі яны гэта атрымаюць і што для іх гэта значыць. І да мяне прарваліся вестачкі, што для людзей дзень маіх падарункаў стаў сапраўдным святам. Гэта была мая мэта.

Больш за год я адпраўляла бандэролі, апошнія — ў снежні 2023 напярэдадні Новага года.

— Грошы на ўсё гэта вы бралі з сямейнага бюджэту?

— Канешне. Мой муж вельмі падтрымліваў мяне. У нас працуе толькі ён. І ён таксама хацеў зрабіць нейкі ўнёсак. Для нашай сям’і ліставанне з палітвязнямі — гэта было святое. Дзе б мы ні былі, што б не рабілі, усё адпраўлялі своечасова.

Я нават не ведаю, каму гэта было больш неабходна — ім ці нам. Бо калі ты чытаеш навіны, бачыш, у якім жахлівым псіхалагічным і фізічным стане людзе вызваляюцца, не ўсе, але большасць, немагчыма нічога не рабіць.

З кімсьці са сваіх сяброў па ліставанню я сустракалася пасля вызвалення. Пасля размоў з імі пра тое, што ім давялося перажыць, сама гадзінамі не магла прыйсці ў сябе.

Прыкладна з пятнаццаццю ў нас склалася вельмі добрая перапіска, як у блізкіх людзей. З некаторымі пасля вызвалення мы нават пералічвалі лісты і аказвалася, што ўсе дайшлі — і ім ад мяне, і мне.

Знаёмілася з роднымі. І калі пасля лютага 2022-га ліставанне перапынілі, я ўжо ад родных магла штосьці даведвацца пра чалавека.

Было такое, што пачыналі аддаваць лісты толькі ад родных, тады я перадавала свае паштоўкі ім, яны перапісвалі ўсё ў свае лісты і дасылалі.

А пару чалавек нават сустракала ў дзень вызвалення. Зразумела, мы не маглі рабіць ніякага свята, бо ўсіх папярэджвалі і палохалі наконт сустрэчы, на якую не павінны быццам прыходзіць ніхто, акрамя родных.

Нават ужо пасля, як чалавек выходзіць, па дарозе дамоў яго яшчэ доўга пераследуюць на машыне. Таму і самі родныя баяцца зрабіць лішні рух.

Напрыклад, падчас адной сустрэчы я проста сядзела насупраць і праз вакно назірала, чакала, потым падбегла літаральна на пяць хвілін толькі абняць.

Хтосьці пасля вызвалення прыязджаў да нас у госці.

«Постфактум разумею, што шанцаў застацца на свабодзе ў мяне не было»

— Ці разумелі вы, што ўсё гэта небяспечна для вас самой?

— Насамрэч, канчаткова я гэта ўсвядоміла толькі зараз, ужо за мяжой. Калі знаходзішся ў Беларусі, па іншаму ўспрымаецца страх. Нельга сказаць, што я была ўпэўненая, нібыта праскачу.

Але мы не збіраліся з’язджаць. Хаця ў мужа яшчэ раней была магчымасць з’ехаць па працы. І ўсё ж, як і шмат хто, мы чакалі, што ў любы момант да нас у дзверы пагрукаюць.

Так, я выдаліла ўсё з сацсетак, вычышчала тэлефон кожны дзень, лісты дома не захоўвала. Была дамова з адвакатам, была падпісана генеральная даверанасць. То-бок я быццам рыхтавалася, але хіба можна да такога быць падрыхтаваным?

Постфактум разумею, што шанцаў застацца на свабодзе ў мяне не было. Да таго я яшчэ і на некаторыя суды хадзіла. Было вельмі страшна, ішла туды з поўным наборам — два камплекты майткоў, шкарпэтак і гэтак далей.

Суцяшала сябе тым, што сапраўды не раблю нічога кепскага — пішу лісты, дасылаю шакаладкі. Вось такое маё «злачынства». Але зараз, як я разумею, мяне хочуць зрабіць ледзь не арганізатарам па фінансаванні тэрарыстычнай групоўкі.

Менавіта аб гэтым мяне папярэдзілі 24 студзеня некалькі чалавек. І я больш не змагла заснуць, не магла сабе ўявіць, што сюды ўварвуцца нейкія людзі і забяруць мяне на вачах у дзяцей.

Поўдні праплакала і ўсё ж такі мы з мужам вырашылі, што мне трэба ехаць. Бо дзеці зусім малыя. І ў той жа вечар я паехала. У Літву дабіралася вельмі доўга. У трэцяй краіне чакала яшчэ і мужа з дзецьмі.

— Да вас усё ж прыйшлі.

— Так, мы як раз размаўлялі з мужам па тэлефоне і я пачула, як да іх грукаюцца: «Адчыняйце дзверы!». Гэта былі вельмі цяжкія гадзіны, калі не ведаеш, што там адбываецца з самымі блізкімі людзьмі.

Прыйшлі з КДБ. Ператрус быў на маё імя, але дзейнічалі яны па класіцы — пагражалі мужу некалькі гадзін запар: калі не скажаце, дзе жонка, мы вас затрымаем за непадпарадкаванне, выклікаем апеку і дзяцей нават бабулі не аддадзім.

Яны былі ў нас поўдня, тэлефанавалі мне, дапытвалі дзяцей. Муж не вытрымаў, стаў супраціўляцца: гэта ненармалёва — дапытваць дзяцей.

Малыя трымаліся як партызаны, усе паўтаралі, не ведаем, дзе мама, нават самы малодшы. Але, дзякуй Богу, пальцам нікога не кранулі, толькі забралі тэхніку.

Яны нарэшце сышлі, у той жа вечар муж з дзецьмі пакінулі краіну.

— Вы толькі пару месяцаў у бяспецы, ужо адчулі, што не трэба чысціць тэлефон кожную хвіліну, можна не баяцца?

— Першы час усё яшчэ страшна было паставіць падабайку ці падпісацца на нейкі канал. Па звычцы хавала тэлефон у людных мясцінах. Толькі праз месяц прыкладна мяне адпусціла ў гэтым плане.

Пакуль яшчэ не ведаю, як з-за мяжы можна падтрымліваць сувязь з палітвязнямі. Проста не было часу, бо пакуль шмат праблем арганізацыйных. Але я вельмі хвалююся за тых людзей за кратамі, якія сталі мне блізкімі за гэты час, і буду намагацца ўсё ж наладзіць з імі сувязь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(23)