Политика

Ірына Марозава

Апейкін: «Размова пра допуск атлетаў-дысідэнтаў на сёння датычыцца літаральна некалькіх чалавек»

Кіраўнік Фонду спартовай салідарнасці — пра нявызначанасць з допускам беларускіх і расейскіх  спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.

Павел Латушка, выступаючы на ІІ Еўрапейскім кангрэсе спорту і турызму, выказаў меркаванне, як спартсмены, якія кінулі выклік недэмакратычным рэжымам, могуць быць дапушчаныя да прадстаўлення сваіх краін у міжнародных турнірах.

Сярод агучаных палітыкам прапаноў:

  • дазволіць допуск беларускіх спартсменаў-дысідэнтаў да міжнародных спаборніцтваў наўпрост, без заяўкі ад той ці іншай нацыянальнай федэрацыі;
  • дадаць крытэрый адсутнасці афіляванасці з вайсковымі і сілавымі структурамі РБ;
  • выкарыстоўваць вопыт Польшчы, дапускаючы да стартаў спартсменаў з выразнай антываеннай пазіцыяй і якія не фінансуюцца беларускім рэжымам.
Фота: Facebook Аляксандра Апейкіна

— Павел Паўлавіч б’е ў штангу — моцна, але недакладна, — ацэньвае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» выступленне палітыка кіраўнік BSSF Аляксандр Апейкін. — Рэч у тым, што ўсе гэтыя прапановы былі зробленыя і накіраваныя ў МАК яшчэ год таму, многія федэрацыі яго выкарыстоўваюць, і праца Фонду спартовай салідарнасці ў гэтым кірунку не спынялася.

Мяркую, Пал Палыч не зусім у тэме. Бо гэтыя ж самыя ідэі гучалі падчас канферэнцыі Athelets for Freedom у Таліне, і на дыскусіі ў Еўрапарламенце 11 ліпеня. У экспертных колах гэтая тэма досыць даўно распрацаваная.

Міжнародны алімпійскі камітэт, дадае Аляксандр Апейкін, ужо прыняў гэтыя крытэрыі аб допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў у нейтральным статусе — і праз два тыдні на сесіі МАК у Мумбаі (Індыя), верагодна, папраўкі ў Алімпійскую хартыю будуць канчаткова зацверджаныя:

— Атлеты, якія падтрымалі вайну ва Украіне, якія афіляваныя з вайсковымі структурамі, проста не будуць дапускацца да міжнародных турніраў. Але нават з улікам усіх гэтых умоў аб нейтральнасці, калі адфільтраваць і палічыць, расейская дэлегацыя на Алімпіяду ў Парыжы складае больш за 100 чалавек — гэта недзе 30-40 п’едэсталаў, на якія будуць уваходзіць расейскія спартсмены.

Што да беларускай гісторыі, то размова пра допуск атлетаў-дысідэнтаў на сёння датычыцца літаральна некалькіх чалавек. Гэта не масавая з’ява. Кейсы атлетаў, якія засталіся дзейнымі і хочуць выступаць, я магу пералічыць проста па пальцах.

І гэта з улікам, што кейс Крысціны Ціманоўскай сюды ўжо не ўваходзіць, мы дамагліся таго, каб ёй скарацілі на адзін год каранцін, і польская федэрацыя падключылася.

Таму гучныя заявы пра абарону правоў спартсменаў-дысідэнтаў — чысты папулізм. Іх было некалькі дзясяткаў, і большасць параствараліся: нехта спыніў кар’еру, нехта пачаў зусім іншае жыццё. Паўтаруся, гаворка зараз ідзе літаральна пра некалькіх пратэсных спартсменаў.

Але нявырашаныя пытанні ў спартовай сферы таксама засталіся. Так, 6 кастрычніка адбудуцца адкрытыя дэбаты з удзелам прадстаўнікоў МАК і еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, спартовых федэрацый, Еўрапарламенту, саміх спартоўцаў — дзе будуць гаварыць аб тых атлетаў, хто вырашыў «заставацца па-за палітыкай».

— Асноўная тэма — тыя «нейтральныя» спартоўцы, якія ў складзе беларускай дэлегацыі збіраюцца на Алімпіяду і якія фактычна ніяк не выказаліся ні наконт вайны, ні па сітуацыі ў Беларусі, не далучыліся да антываеннай дэкларацыі.

Будзем абмяркоўваць, як нам ставіцца да гэтай праслойкі спартоўцаў, якіх даволі шмат, і чаму так атрымліваецца, што людзі, якія выказаліся супраць вайны і дыктатуры, страцілі свае правы і патрапілі пад нейкія абмежаванні, а тыя, хто прамаўчаў, зараз могуць спакойна ехаць на Алімпійскія гульні, — гаворыць Аляксандр Апейкін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(28)