Экономика

Як бяднеюць беларусы. За год — мінус 57 кіляграмаў сьвініны

Улады кажуць, што даходы беларусаў растуць. Радыё Св*бода глядзiць, ці праўда гэта?

Заробак

Сярэдні заробак у Беларусі за студзень–лістапад — 1413,3 рубля. У параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2020 годзе ён вырас на 4,6%. Калі параўноўваць заробкі за лістапад, то з 2020 году рост толькі на 2,6%. Інфляцыя ж за 2021 год склала амаль 10%, абагнаўшы рост намінальных заробкаў.

Калі мераць у прадуктах і паслугах, то ўвесь сярэдні заробак у лістападзе 2020 году (1300,5 рубля) можна было патраціць на:

  • 1711 кіляграмаў бульбы, або 28 з паловай мяхоў па 60 кіляграмаў,
  • 500 кіляграмаў бананаў,
  • 351 кіляграм памідораў,
  • 177 кіляграмаў мяса (сьвініны),
  • 233 квіткі ў кіно,
  • 378 квіткоў у музэй.

У лістападзе 2021 году на сярэдні заробак (1476,3 рубля) можна было купіць:

  • 1135 кіляграмаў бульбы, або 18,9 меха па 60 кіляграмаў,
  • 464 кіляграмы бананаў,
  • 328 кіляграмаў памідораў,
  • 120 кіляграмаў мяса (сьвініны),
  • 238 квіткоў у кіно,
  • 373 квіткі ў музэй.

Такім чынам, сярэдні беларус за год зьбяднеў на 9 мяхоў бульбы, або 36 кіляграмаў бананаў, або на 57 кіляграмаў сьвініны, або 23 кіляграмы памідораў, або на 5 квіткоў у музэй. Затое на ягоны заробак можна набыць на 5 квіткоў больш у кіно.

Пэнсіі і мінімальны заробак

Пэнсіі ў 2021 годзе павышалі адзін раз, у верасьні — тады яны ў сярэднім вырасьлі на 6,3%. А інфляцыя за мінулы год — усё тыя ж амаль 10%.

Пасьля павышэньня ў верасьні сярэднюю пэнсію чыноўнікі ацэньвалі ў 545 рублёў. Сярэдняя пэнсія ўлетку 2020 году складала 472,9 рубля.

За сярэднюю пэнсію ўлетку 2020 году можна было набыць:

  • 387 кіляграмаў бульбы, або 6,4 меха па 60 кіляграмаў,
  • 174 кіляграмы бананаў,
  • 283 кіляграмы морквы,
  • 70 кіляграмаў мяса (сьвініны),
  • 85 квіткоў у кіно,
  • 139 квіткоў у музэй,

А ўвосень 2021-га:

  • 416 кіляграмаў бульбы, або 6,9 меха па 60 кіляграмаў,
  • 159 кіляграмаў бананаў,
  • 123 кіляграмы памідораў,
  • 44 кіляграмы мяса (сьвініны),
  • 88 квіткоў у кіно,
  • 137 квіткоў у музэй.

Мінімальны заробак за мінулы год вырас на 7,7%, то бок на 3,3% менш, чым рост інфляцыі — гэта значыць цэнаў.

А што з інфляцыяй

Рост цэнаў амаль на 10% улічвае сярэдні рост цэнаў усіх тавараў, але некаторыя прадукты вырасьлі ў цане значна больш. Напрыклад, гародніна ў цане прыбавіла 30%, бульба — 66,2%, капуста падаражэла амаль у 1,8 раза.

Мяса і мясныя вырабы падаражэлі на 15,2%, малочныя прадукты прыбавілі ў цане 6,8%.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)