«Выканаўца, імаверна, былы вайсковец». Эксперт разабраў відэа падрыву міліцэйскай машыны

На днях міліцыя і СК адсправаздачыліся пра затрыманне чалавека, які падарваў міліцэйскую машыну каля Цэнтральнага РУУСа Мінска ў ноч з 7 на 8 студзеня. У дадатак апублічылі відэа падрыву. Агулам сітуацыя вельм незвычайная, бо да таго за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі «падрыўнікоў» было ўсяго двое — Канавалаў і Сідаракін.

Якія высновы можна зрабіць з прагляду відэа? Наша Ніва пагаварыла з экспертам падрыўной справе.

«Тое, што бачна такая вялікая колькасць белага дыму, але сіла выбуху адносна невялікая (па маіх прыкідках, эквівалентна 200 грам траціла), азначае, што рвалася нешта самаробнае, а не вынесеная з ваеннай часткі выбухоўка, — кажа наш эксперт. — Такое можна сабраць у хатніх умовах. Без экспертызы сказаць што за рэчыва, толькі па відэа, немагчыма».

Эксперт адзначае, што гэта «кустаршчына», але такая прылада зможа лёгка нанесці чалавеку сур'ёзныя пашкоджанні. І звяртае ўвагу яшчэ вось які момант.

«Без пэўных навыкаў такое зрабіць не атрымаецца, — кажа наш суразмоўца. — Або чалавек фанатык і доўга вывучае літаратуру і практыкуецца (пытанне — дзе?), або праходзіў спецыяльную падрыхтоўку, напрыклад, падчас службы ва Узброеных сілах.

На тое, каб навучыцца сабраць прыладу такой магутнасці з нуля, не маючы навыкаў, толькі з дасяжных на рынку матэрыялаў, па маіх ацэнках, трэба ну не менш за год.

Важна не проста прачытаць кнігі, але і паспрабаваць матэрыялы, іхнія прапорцыі, умовы захоўвання, транспарціроўкі і гэтак далей.

Але самае важнае гэта прылада ініцыяцыі, карацей — узрыўнік, — каб яго сабраць патрэбны веды і рэальная практыка. Не кожны ваенны пасля курсаў зможа сабраць узрыўнік.

Суразмоўца звяртае ўвагу на вялікую колькасць вадкіх рэчываў у памяшканні затрыманага, з чаго выглядае пытаннем, цвёрдай была выбохоўка пад машынай, ці вадкай. Фота Следчы камітэт

Па тым мільгаценні пад машынай перад выбухам немагчыма адназначна сказаць, якім спосабам зроблены падрыў. Праз шнур, які гарыць, або гэта гарыць і рэагуе выбуховае рэчыва перад выбухам, пасля атрымання дыстанцыйнага сігнала», — кажа спецыяліст.

Магчымая датычнасць затрыманага да сілавых структур выглядае імавернай. На гэта намякае тое, што следчыя органы і міліцыя не назвалі ні ягонага імя, ні паказалі яго твару, што з'яўляецца выключэннем пры асвятленні падобных спраў.

«Падыход да РУУС з гэтага боку зручны ў плане канспірацыі, бо можна падысці праз прыватны сектар, удалечыні ад застаўленых камерамі магістраляў, — дадае ваенны. — З таго боку, дзе стаяла падарваная машына, знаходзіцца спартыўная зала і вокны ДАІ, дзе ноччу, пад раніцу, імаверна нікога не будзе. Імавернасць таго, што дзяжурны на камерах у гэты час кемарыў, таксама моцна большая за нуль».

За ўсю гісторыю Беларусі, выглядае, гэта трэці «падрыўнік». Вядома, што да таго з выбуховымі рэчамі меў справу асуджаны за тэракт у метро Дзмітрый Канавалаў.

Другі, але малавядомы «падрыўнік» — гэта былы намеснік Карпянкова ў «Алмазе», а цяпер зняволены Вячаслаў Сідаракін, які атрымаў турэмны тэрмін за тое, што службовай выбухоўкай за грошы дэмантаваў будынкі. На адным з такіх зносаў — царквы пад Бягомлем, — яго і затрымалі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.1 (оценок:10)