Общество

Сябруе з кіраўніком ГУБАЗіК. Што вядома пра новага міністра юстыцыі

Прызначэнне міністрам юстыцыі намесніка міністра ўнутраных спраў стала нечаканым для многіх. Чалавек без вышэйшай юрыдычнай адукацыі, абсалютна незнаёмы адвакацкім і юрыдычным колам Беларусі. Які ён, новы міністр? Наша Ніва распытала ў тых, хто ведае Хаменку.

Хаменка не беларус. Ён нарадзіўся на Данбасе ў 1966-м, у горадзе Ясінаватая, што цяпер знаходзіцца пад кантролем непрызнанай ДНР.

У 1987 годзе ён скончыў вучэльню МУС у Арджанікідзэ (цяпер — Уладзікаўказ). Служыў у Сярэдняй Азіі, давучваўся ў Маскве. За год да развала Савецкага Саюза трапіў у Беларусь і застаўся тут служыць.

Атрымліваў павышэнні за павышэннямі: кіраваў В/Ч 5448, потым пайшоў у штаб унутраных войскаў, потым — начальнікам Дэпартамента аховы. Намеснікам міністра ўнутраных спраў стаў са снежня 2019-га.

Што цікава, на нейкім этапе яму перайшоў дарогу Караеў — некалі ён быў ніжэйшым па пасадзе, чым Хаменка, якому мроілася пасада кіраўніка ўнутраных войскаў, але Лукашэнка абраў Караева.

«Хаменка — тыповы старэйшы афіцэр унутраных войскаў. Адметнасць у тым, што ў любую шчыліну ён забіраецца самастойна, да ўсяго яму ёсць справа, людзей не шкадуе, паводзіць сябе ганарліва і ідзе па галовах», — кажуць знаёмыя з ім.

Як намеснік міністра ён кіраваў дзвюма «глаўкамі»: галоўным упраўленнем кадраў і галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы. Апошняе пры Хаменку перастала існаваць. Але гэта не наватарства — скарачэнні і ўтварэнні правобраза ідэалагічнай службы адбываюцца ў нейкім сэнсе рэгулярна. Замест гэтага з’явілася новае «ўпраўленне па каардынацыі службовай дзейнасці».

Таксама пры Хаменку Чамаданава сышла з МУС. Ёсць версія, што менавіта ён спрычыніўся да развядзення ў бакі Чамаданавай і дуэта Падвойскага — Казлова.

Цікава, што летам 2020-га Хаменка кіраваў зводным атрадам цэнтральнага апарата МУС, што размяшчаўся ў будынку на Гарадскім Вале.

«Забаўляўся тым, што па дзесяць разоў на дзень выстройваў атрад у поўнай амуніцыі ва ўнутраным двары. Гэты атрад стаў прадметам кпінаў калег, — адзначаюць нашы крыніцы. — Задзейнічалі гэты «элітны» рэзерв толькі з 10-га жніўня, адправіўшы ва ўжо апусцелую Серабранку, дзе ўсіх «зачысцілі» да іх.

Убачыўшы гэта, «элітны» атрад, сфармаваны з афіцэраў цэнтральнага апарата, пайшоў гуляць па серабранскіх дварах пад мацерную лаянку жыхароў, ловячы ў каскі сырыя яйкі і ўсё астатняе». Потым гэтую прагулку па пустых дварах аформілі як «баявы» выезд і раздалі прэміі».

Пры гэтым у міліцэйскім асяродку Хаменку крытыкуюць за няўменне выказвацца. Такі тыповы страявы ваенны.

«Міліцыя — гэта народнае войска, якое прызначана для таго, каб дзеці смяяліся, старыкі, кхм, радаваліся, эм, тым працэсам, якія адбываюцца ў нас у краіне, ну і, канечне ж, працавалі прадпрыемствы», — так ён апісаў сваё разуменне інстытута МУС.

«Хаменка — чалавек учорашняга дня, пры гэтым арганічная кандыдатура для Ваеннага кабінета міністраў. Водзіць цеснае сяброўства з кіраўніком ГУБАЗіК Андрэем Паршыным, — лічыць калега Хаменкі. — Улічваючы нястрымную энергію ГУБАЗіКа ў генерацыі абсурдных прававых ідэй, якія не здольныя прайсці ніводную юрыдычную экспертызу, новы міністр, выглядае, утворыць з ГУБАЗіК своеасаблівы дуэт з адпаведнымі наступствамі.

Інстытут права дэградаваў, і цяпер у асобе такіх Хаменак яму ставяць помнік. Сліжэўскі быў далёкі ад ідэала юрыста, але меў нейкае разуменне. А з Хаменкам проста легалізоўваецца тое, што адбываецца.

Справа ў тым, што большасць указаў Лукашэнкі і другіх загадаў іншых людзей проста неканстытуцыйныя і ніколі б не прайшлі ніякай юрыдычнай экспертызы.

Таму апошнім часам узялі моду заганяць загады і ўказы пад ДСП. Так змяншаецца кола дапушчаных, меншая экспертыза, а калі зрабіць «сакрэтным», то ўвогуле ніякай экспертызы непатрэбна.

Я так разумею, з Хаменкам у Мінюста нават жадання не будзе сунуць свой экспертны нос у тое, што адбываецца з правам».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(32)