Диаспоры

Вікторыя Захарава

Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава: «Сто гадоў прайшло – а нічога не змянілася!»

Як беларускія песні далятаюць з Басфору на радзіму.

Спявачку Таццяну Грыневіч-Матафонаву летась нездарма ахрысцілі «першай скрыпкай пратэстаў». Пад яе спевы, гітару ды скрыпку збіраліся і танчылі ля Чырвонага касцёла ў Мінску, каля філармоніі, на дваровых раённых канцэртах людзі, якія прыйшлі адстойваць свае галасы і выбар. А потым, ратуючыся ад пераследу, актыўнай і надта заўважнай беларусцы давялося пакінуць радзіму.

Ужо больш як год Таццяна жыве ў Турцыі. Пра тое, што натхняе на чужыне, пра турэцка-беларускі YouTube і гастролі ў Польшчы спявачка распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці».

– Паўтары месяцы мы трымаліся на плошчы Незалежнасці – збіраліся, спявалі, танчылі. Але апошнія разы я нават не магла браць з сабой скрыпку, бо гэта было небяспечна, – згадвае спявачка атмасферу вулічных канцэртаў 2020-га. – Тады мы зрабілі аўдыязапіс гэтых гульняў і танцаў, дзе была патрэбная музычная падтрымка; у дзяўчатак была калонка, і пад яе танчылі. З кожным разам было менш удзельнікаў, бо ўсе зразумелі: штохвіліну цябе могуць затрымаць.

…Памятаю, сядзела з гітарай на лавачцы, грала і спявала «Калыханку» Генадзя Бураўкіна. А потым дзесьці ў фэйсбуку бачыла відэа, як тое выглядала: першы куплет людзі падпяваюць, пачынаецца другі куплет – і пачынаецца перапалох, людзі бягуць, музыка перапыняецца, і толькі чутна, як па-за кадрам абмяркоўваюць, што міліцыянеры зачынілі дзверы ў касцёл…

Гэта страшна. І пераглядаючы на наступны дзень тое відэа, ехаўшы аўтобусам паўз плошчу, было таксама адчуванне перапалоху, ажно да слёз на вачох. Нават зараз, калі ў думках вяртаюся на плошчу, хочацца і плакаць і бегчы, хоць ужо няма неабходнасці.

Усе фота з асабістага архіву спявачкі.

Тады, згадвае Таццяна, у мітусні пабілася яе скрыпка, якая выпала з футляру – але людзі сабралі грошай на рамонт. Ужо ў Турцыі ўдалося набыць іншы інструмент, але тую сваю скрыпачку спявачка дагэтуль згадвае з жалем і пяшчотай.

«Сябар купіў мне квіток да Стамбула: «Хопіць, прылятай»

– Зразумеўшы, што на плошчы нам збірацца больш не дадуць, я пераключылася на вечаровыя дваравыя выступы (іх было 2-3, а то і 4 у дзень), каб узняць дух, аб’яднаць людзей, але самай галоўнай задачай было несці паўсюль беларускае слова, беларускую песню. Таму што мы бачылі, што рух быў розны, а вельмі хацелася аб’яднаць усіх агульнай ідэяй, нагадаць, што ўсё ж мы беларусы, што ёсць нашая мова і культура. Так і пачалі спяваць паўсюль – і «Купалінку», і «Муры», і тую ж «Калыханку».

На вулічных выступах было багата пачуццяў: ад эмацыйнага ўздыму, яднання з аўдыторыяй да болю і разгубленасці, калі слухачоў зацягваюць у характэрныя бусікі проста на тваіх вачах. Некалькі разоў ад затрымання музыкі ратаваліся літаральна цудам: то вырашылі не спускацца ў падземку і прагулачным крокам мінулі месца, дзе праз некалькі хвілін пачынаўся адвольны «хапун», то, адстаўшы ад асноўнай калоны, пасля прыходзілася ўцякаць ад «ціхара»…

З дваравых канцэртаў клапатлівыя гаспадары часам адпраўлялі артыстаў на таксоўцы альбо самі падвозілі ў наступны двор, каб музыкаў не затрымалі. Але неўзабаве менавіта на іх і распачалося сапраўднае «паляванне».

– Для мяне выразным трывожым званочкам стала, калі з двароў пачалі забіраць першых музыкаў. Аляксандра Памідорава забралі, потым іншых – і ты ўжо вольна хадзіць не можаш, больш думаеш пра бяспеку… Тады мой турэцкі сябра і купіў мне квіток да Стамбула, сказаў: «Хопіць, прылятай».

Я ўсё адно далучалася да нядзельных, да жаночых маршаў – але было вельмі нервова, калі бачыла, як пад’язджаюць аўтазакі, і разумела, што патрапіць магу зусім не ў аэрапорт. Дый пытанне здароўя – з дыягназамі, якія паставілі мне дактары, і ў нармальным асяродку жыць цяжка, не тое што сядзець за кратамі. (У Стамбуле стан Таццяны палепшыўся, а тады за час маршаў, згадвае, схуднела на 7 кіло – С.).

Тым больш, як мы бачым дагэтуль, зачыстка ідзе без разбору – пад раздачу патрапілі ўсе актыўныя, зачапляюць ужо нават «ябацек».

«Доўгі час было адчуванне, што целам я тут, а думкамі засталася на плошчы»

– Яшчэ летась я звярнулася да нотаў, якія некалі даў Кірыла Насаеў (хормайстар, музыколаг, былы кіраўнік мужчынскага хору «Унія» – С), ды так і не забраў. І натрапіла на гімн партыі эсэраў, напісаны Паўлінай Мядзёлкай – «Пад гоман вясёлы». А ў песні  ёсць такія словы: «Адных ужо крыюць курганы-магілы, другія – у муках за кратай турмы».

Я сабе дома спявала і плакала. Таму што сто гадоў прайшло – а нічога, халера на яго, не змянілася! У нас цяпер такая ж сітуацыя.

І мы з сынам пачалі запісваць песні з архіваў, адкрываючы іх для сябе наноў. Штосьці аранжыравалі самі, штосьці ўзялі з напрацовак Кірылы Насаева. Запісалі сем песень, сярод іх і гімн эсэраў, і «Беларуская Марсэльеза», і «Ах ты, Нёман-рака». З гэтага пачалі наш YouTube-канал, які працягваем і зараз. Цяпер тут і турэцкія, і беларускія песні, і мае нейкія замалёўкі з турэцкага жыцця, запісы спеўных сустрэч, якія ладзім з Сержуком Сакаловым-Воюшам – шмат усяго.

Але гэта сёння, а ўвосень 2020-га Таццяна Грыневіч меркавала, што вернецца праз пару месяцаў, на Каляды, і ўжо набыла была зваротны квіток.

– Тады ж кожны лічыў, што месяц-другі – і ўсё будзе добра. А тут праходзіць месяц, другі, і бачна па навінах, што людзей забіраюць, што небяспека не змяншаецца. Мы параіліся з мамай, яна кажа: «Табе там добра, то і заставайся». Так я і не паехала.

А ў сакавіку не стала мамы – каронавірус. Але з-за лакдаўнаў Таццяна не паспявала на пахаванне – была з роднымі толькі онлайн…

Як прайшоў год у чужой краiне – больш сонечнай, бяспечнай, але з іншым менталітэтам і ладам жыцця, далёка ад сяброў і блізкіх?

– Сапраўды, часам тутака цяжка, – пагаджаецца Таццяна, – некаторыя моманты падаюцца на нашу свядомасць дзікімі з-за розніцы культур. Але жыць трэба, прыйшлося паразумецца, знаходзіць нейкія кампрамісы – у нечым мой сябар Сабры падладзіўся пад мяне, на нешта я пагадзілася.

У іх тут жанчыны ня могуць размаўляць з чужымі мужчынамі, але мы адразу дамовіліся, што гэта датычыцца толькі турэцкіх мужчын, а са сваімі сябрамі, якіх я ведаю шмат год, працягваю кантактаваць. Пазнаёміла Сабры з Сержуком Сакаловым-Воюшам, яны пагаварылі. Сабры ўжо ведаў колькі словаў па-беларуску: «Прывітанне», «Дзякуй», «Жыве Беларусь», «*** у аўтазак!» і праспяваў песні «Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю».

Першы месяц, калі толькі прыехала, пачувалася нібы ў вакууме. Потым знайшла для сябе аддушыну ў YouTube-канале, атрымала зваротную сувязь, што ён іншым, акрамя мяне, цікавы. Але ўсё адно доўгі час было адчуванне, што целам я тут, а думкамі засталася там, на плошчы – настолькі ўсю душу аддавала, не было часу заняцца сабой…

«На прапанову адзначыць Купалле прыехалі ўсяго чатыры чалавекі»

– Асветніцкія zoom-канферэнцыі з песнямі і вершамі, запісы для YouTube (як я бачыла, вы нават Купалле зладзілі на Басфоры) – гэта цудоўна, але ж, мабыць, не замяняе жывых стасункаў, сустрэч са слухачамі.

– Насамрэч, не замяняе. Хоць я нешта граю пастаянна, і каб не перашкаджаць суседзям, якія неяк нават выклікалі паліцыю за гучную музыку, цяпер штодня хаджу займацца ў творчы цэнтр. У ім ёсць вольны клас і піяніна, якім дазваляюць бескаштоўна карыстацца.

Тутака таксама ёсць беларусы, і мы ў чаціку камунікуем, але сабрацца разам цяжкавата. Я сабе гэта тлумачу так, што Стамбул сам па сабе вельмі вялікі: 40 кілометраў ад Чорнага мора да Мармуровага, і ўздоўж марэй – 100 кілометраў. Калі напачатку, як я прыехала, яшчэ дамаўляліся аб сустрэчах – 2 гадзіны трэба было толькі дабірацца, і столькі ж назад. Часу, каб паразмаўляць ды паспяваць, сфатаграфавацца са сцягам, заставалася мо якіх паўтары гадзінкі.

І я разумею, што адлегласць, у кагосьці дзеці, праца, планы. Але ўсё ж было крыўдна, калі на прапанову адзначыць Купалле прыехалі ўсяго чатыры чалавекі. Так, мы праводзілі два разы Купалле, але ж мне падавалася, што можна і трэба было сабрацца большай кампаніяй. Не магла зразумець, што з гэтым рабіць: чаму Купалле беларусам менш цікавае, чым, напрыклад, гульня нашай баскетбалісткі ў камандзе Турцыі?..

Сёлета ў мяне заканчвалася віза ў Польшчу, а там якраз у Любліне вучыцца сын, я ўжо  год яго не бачыла. Паехала праведаць, і сяброўка ўгаварыла прыехаць не на тыдзень, а на месяц. І атрымалася зладзіць канцэртны тур.

Ён быў досыць багаты: Беласток, Гайнаўка, Люблін, паміж імі яшчэ Студзіводы (гэта вёсачка, дзе беларусы Беласточчыны зладзілі музэй беларускай культуры), а тады ў Варшаве з Сержуком Доўгушавым былі танцавальныя вечарыны, і далей яшчэ тур па захадзе краіны – Гданьск, Познань, Уроцлаў і Кракаў. Я нават не ўяўляла, што за такі кароткі час можна так добра праехаць. А ўсяго толькі стэлефанавалася, спісалася са знаёмымі, дый з незнаёмымі таксама, і актыўныя беларусы адгукнуліся.

Гэтыя сустрэчы былі настолькі радасныя, цёплыя! Амаль у кожным месцы знаходзіліся людзі, з якімі мы перасякаліся ў Беларусі: з кім на плошчы, з кім у дварах, з кім у іншых гарадах. Мы глядзелі адзін на аднога са слязамі на вачах, бо ўсе з’ехалі на чужыну, і атрымліваецца, што толькі тут цяпер можам убачыцца.

«Усе нашыя песні – даўнішнія, цяперашнія – павінны гучаць»

– Спадзяванні вярнуцца былі яшчэ летась. І Сабры ўжо чакае, калі зможа прыехаць – ён зайздросціць на наш снег і прапануе часам: «А паехалі проста зараз!». Пры тым мы глядзім навіны, ён разумее і ведае ўсё, распытвае беларускіх сяброў, але дагэтуль у глыбіні душы не можа паверыць і прыняць, што ў ХХІ стагоддзі гэта ўсё адбываецца.

Сабры разумее, як мне цяжка, вельмі дапамагае. Шмат у чым дзякуючы яму ў мяне крылы наноў выраслі. Ён дапамагае здымаць ролікі, літаральна ў апошні дзень перад лакдаўнам набыў для мяне клавішы і перахаднік для навушнікаў. Таму нават у маленькім пакойчыку мы адзін аднаму не замінаем: я за піяніна займаюся, а ён у сваіх справах ці глядзіць тэлевізар. Мабыць, таму ўвесь час лакдаўну мы вельмі дружна жылі і знаходзілі адзіную мову, хоць Сабры гаворыць па-турэцку, а я па-беларуску, – усміхаецца спявачка.

– Вы доўгі час знаходзіцеся па-за межамі радзімы. Калі не ведаеш, як атрымаецца вярнуцца, што надае сіл?

– Вельмі натхніў мяне той канцэртны тур, што прайшоў у Польшчы. Да таго ж дзякуючы падтрымцы беларусаў атрымалася набыць камп’ютар з добрай гукавой картай, мікрафонам (бо раней я была практычна без тэхнікі), і палепшыць якасць аўдыя- і відэазапісаў, якія я раблю.

Тым больш, і людзі просяць: «Калі ласка, вяртайце назад даўнішнія песні». Хоць яны ўсе – даўнішнія, цяперашнія – павінны гучаць. Нашыя ж песні зараз нідзе не гучаць – ні на радыё, ні на ТБ, такая пайшла «культурная палітыка», што іх усе прыбралі.  

Раней здавалася, што я ўжо дастаткова за жыццё зрабіла: 14 дыскаў, дапаможнікі для школ, садочкаў, беларускія рамансы, галасы паэтаў – дзе бачыла, што ніша пустая, там працавала, а сябры дапамагалі. І, думалася, ужо і паміраць можна. Тым больш, я ж не выканала ўсё, што раілі дактары, а звярнулася да нетрадыцыйнай медыцыны. Ну, альбо, каб не так песімістычна глядзець – ты на свабодзе, у цяпле, ёсць, дзе жыць, ёсць, што есці – можна было б сядзець і адпачываць.

Але вырашыла для сябе, што нельга ўпускаць час, і кожную хвіліну трэба рабіць тое, што ты можаш – не апускаючы рук, не спадзеючыся на іншых. Відаць, так запалі гэтыя словы Ларысы Геніюш «Адзінай думкі не зракуся і сэрца мне не задрыжыць: як жыць – дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць». У гэтым і ёсць сэнс жыцця. А інакш – навошта?

Калі ты жывеш хоць за Басфорам, хоць у Афрыцы, ці ў любой іншай кропцы свету, – і ёсць такія думкі – то будзеш жыць для Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)