Беседка

Павел Харланчук: «Мы выйшлі з любоўю, а з іншага боку людзі настроіліся на вайну»

Зорка беларускай сцэны – пра цяперашняе жыццё.

Павел Харланчук летам далучыўся да трупы маскоўскага тэатра пад кіраваннем Сяргея Бязрукава. Наша Ніва пагаварыла з акторам пра спробы сцерці любыя згадкі пра яго, купалаўцаў і афіцыйны Купалаўскі, сны пасля Акрэсціна і сям'ю.

«Выбар упаў на тэатр, дзе дазваляюць здымацца ў кіно»

Фота Наша Нiва

— Ці шмат прапаноў аб працы вам паступала?

— Першая сур’ёзная размова і прапанова была на ролю ў пастаноўцы «Працэс» па Кафку ад Александрынскага тэатра (у Піцеры). Ужо былі прызначаны рэпетыцыі на восень. Мне якраз падыходзіла, бо летам я паехаў на здымкі ва Узбекістан. Але мне пазванілі падчас здымак і сказалі, што там павінна быць 10 устаноўчых рэпетыцый у чэрвені. А ў мне шчыльны графік, і гэта было немагчыма. Таму з Александрынкай не атрымалася.

Хадзіў я і да Уладзіміра Машкова. Думаю, пры жаданні мог бы там працаваць. Але ў прыярытэце здымкі, бо гэта больш матэрыяльна забяспечыць. Тут трэба абіраць паміж пачуццямі і розумам. Потым хадзіў да Пісарава, размаўляў з Газаравым (мастацкія кіраўнікі маскоўскіх драматычных тэатраў).

— Чаму расійскія тэатры разглядалі?

— Проста ў Маскве больш здымак, і тэатр — не самая галоўная частка майго выбару. У Кіеве ў мяне праекты былі, але звычайна раз на год.

Калі я даслаў свае відэа ў Губернскі тэатр, адказалі: усё нармальна, толькі няма ставак. А потым напісалі, што ёсць роля, і я пайшоў туды. Выбар на гэты тэатр упаў, таму што там дазваляюць здымацца ў кіно.

— Заробкі ў расійскіх тэатрах нашмат большыя, чым у нашых? Як там з жыллём?

— Наконт заробку сказаць не магу, бо яшчэ не атрымліваў. Ні пра якое жыллё размовы не было. У Александрынцы ёсць пры тэатры нейкія кватэры, а тут не. Кожны сам за сябе, акцёры самі здымаюць.

У сярэднім заробак у тэатры, я думаю, 800-1000 даляраў.

— Дзе ў бліжэйшы час вас можна пабачыць — на сцэне, на экране?

— Выйшла адна прэм’ера на ютуб-канале — «Эллі», эксперыментальны серыял з кароткімі эпізодамі. На Першым канале — серыял «Спытайце медсястру». Здымаўся ў Карэна Аганесяна, блізкага мне чалавека, у «Гульні на выжыванне», другім сезоне (гэта якраз было ва Узбекістане).

На сцэне буду граць у спектаклі «Нашла каса на камень» па Астроўскім. Выступаю 19 кастрычніка і 3 лістапада. Пакуль адзін спектакль, але ёсць яшчэ прапановы на дзве ролі — у «Вішнёвым садзе» на Пецю Трафімава і ў «Сірано дэ Бержэрак».

«Калі б купалаўцам далі збірацца ў нейкім месцы, адназначна былі б аншлагі кожны дзень»

— Пасля звальнення трупу купалаўцаў, здаецца, таксама запрашалі пераехаць у іншы тэатр. Чаму вырашылі заставацца?

— Я чуў, што былі прапановы забраць частку артыстаў, не ўсю трупу. А чаму не паехалі, не ведаю. Я ў сілу абставін вымушаны быў адысці. Каб я быў адзін, я б нікуды нават кроку не зрабіў. Сядзеў бы паралельна на нейкіх агучках, халтурках. Але мне трэба працаваць, бо ў мяне дзеці вырастаюць і падвышаюцца ўсе расходы.

Фоты з асабістага архіву

— Купалавец Іван Трус сышоў у Александрынскі тэатр. Хтосьці яшчэ шукаў сабе новае месца?

— Не ведаю. У якім тэатры? У Мінску немагчыма — у нас чорны білет, я не думаю, што мы тут уладкуемся. Ведаю, што некаторыя з’ехалі. Раструшчваюць трупу патроху. Ведаеце, каб далі працаваць, спакойна збірацца ў нейкім месцы, адназначна былі б аншлагі кожны дзень. Але не даюць жа гэтага рабіць.

— Па чым з таго купалаўскага перыяду сумуеце?

— Я па Купалаўскім моцна сумую. Не ведаю, ці змагу я палюбіць новы тэатр. Там людзі шчырыя, мне вельмі падабаюцца, але маё сэрца ў Купалаўскім назаўсёды. Пасля яго жадання шукаць штосьці яшчэ не было — на жаль, гэта неабходнасць. Я працаваў у лепшым тэатры ў сваім жыцці. Сумую па людзях, таму што з імі і творчыя перамогі можна было адзначаць, і перажываць паразы.

— А ці сочыце за цяперашнім купалаўскім?

— Не. Даносяцца нейкія звесткі, хто туды перайшоў. Мне было вельмі дзіўна, што перайшлі пару чалавек, якія, калі з імі падчас працы ў Купалаўскім размаўляў, казалі: «Вой, гэта беларуская мова, навошта яна». І цяпер гэтыя людзі ў тэатры працуюць. Што іх пераканала палюбіць беларускую мову?

— Як вам новы мастацкі кіраўнік Вольга Няфёдава?

— Зразумела, што Вольга перакручвае ўсё на свой капыл — што ўсе нашы зборы былі спланаваныя, што праца даўно вялася наконт гэтага, што кагосьці падкупілі. Гэта ўсё не так.

Прызначэнне яе на пасаду стала, мякка кажучы, сюрпрызам. Бо ніякіх захадаў з боку Вольгі падчас працы ў тэатры наконт таго, каб яго ўзначаліць, не было. І яе кандыдатуру ў бліжэйшыя гады як мастацкага кіраўніка, калі вярнуцца ў ранейшы час, я б не разглядаў. Таму што там Гарцуеў быў бы першым варыянтам, калі не Пінігін. Я нават пра такія амбіцыі ад Вольгі не чуў. Але значыць, з тых, хто застаўся ў тэатры, яна была самая годная, смелая — напэўна, так трэба лічыць.

— Вам зараз не хапае магчымасці выступаць па-беларуску?

— Я магу сказаць, што ў працы стала болей расійскай мовы, але яна была і раней. І ў сценах Купалаўскага, калі мы з хлопцамі пачыналі па-беларуску размаўляць, падыходзілі некаторыя артысты гэтага тэатра і запытвалі: «Ребята, извините, а можно вопрос: почему по-белорусски?» У кіно па-беларуску я здымаўся толькі адзін раз — у стужцы «Талаш».

Меней стала размоваў з калегамі і спектакляў па-беларуску — гэта праўда. Але я беларускую мову не выключаю — з дзецьмі на ёй размаўляю, думаю на ёй.

«Я ўжо больш лёгка перажываю моманты, калі мяне сціраюць»

— Ці сніцца вам Акрэсціна (Харланчука затрымлівалі 11 жніўня 2020-га. — «НН»)?

— Не. Зразумела, у мяне не было такіх пакутаў, як у людзей, што цяпер сядзяць. Так, я таксама патрапіў на зверскі АМАП, раз’юшаных, накручаных людзей. Была камера на 60 чалавек, якая разлічана на шэсць, былі амаль суткі без ежы і вады. Мы стаялі ў адлегласці 20 сантыметраў адзін ад аднаго, і не было месца ні прысесці, ні прылегчы. Яно, канечне, не забываецца, але, дзякуй Богу, не сніцца.

— Вас калі выпускалі, адзін супрацоўнік сказаў: «Не трымай зла». Удаецца?

— Не мне з імі разбірацца. Калі была гісторыя з тэатрам Максіма Горкага (у 2006-м Паўла звольнілі адтуль, пасля таго як ён адседзеў 10 сутак за палатачны гарадок на плошчы. — «НН»), неяк у мяне так арганізм перастроіўся і я падумаў, што адчуваць нянавісць і жыць помстай будзе горш для мяне.

Нічога зрабіць з гэтымі людзьмі я не змагу, а сам буду пакутаваць, злавацца, гарэць унутры. Я не магу жыць нянавісцю. Я не прымаю тое, што гэтыя людзі робяць. Але думаю, ёсць суд справядлівасці значна больш уплывовы і моцны, чым мая злосць.

— Што для вас стала самым складным за гэты год?

— Слухайце, гэтыя складанасці яшчэ працягваюцца. Пераезды, пошук працы, жыццё паміж, нестабільнасць. Канечне, я ўжо больш лёгка перажываю моманты, калі мяне сціраюць. Спачатку вывесілі рэкламу са мной, потым знялі.

Ведаю, што прыбіраюць прозвішча і на кінастудыі. Адзін акцёр даваў інтэрв’ю для дзяржаўнай газеты, згадаў мяне, і карэспандэнт напроўст сказаў: выбачайце, але мы прозвішча Паўла не можам публікаваць.

— А што за гісторыя з рэкламай? Вы сталі тварам мужчынскай калекцыі «Элемы»…

— А потым усё знялі, у інстаграме падчысцілі фота, плакаты на вуліцах прыбралі. Чуткі пайшлі, што я неверагодныя грошы за рэкламу папрасіў. Можа, гэта яшчэ ўсплыве, скажуць пра мяне, што нажываюся на дзяржаўныя грошы.

— Вы футбольны заўзятар. Ці працягваеце сачыць за беларускім футболам?

— Я сачу толькі за акцёрскай камандай «Без грыму», дзе гуляюць мае сябры і якую стварыў Юрый Іванавіч Зінчанка. Я так удзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён калісьці ў маім жыцці з’явіўся. У камандзе акцёры з розных тэатраў, кубак нядаўна ўзялі.

Калі-некалі гляджу, на якім месцы Гомель, бо я адтуль родам. А больш ні за кім не сачу.

— Самі цяпер, напэўна, не гуляеце ў сувязі з пераездам?

— Так, гэта адна з вялікіх складанасцяў у маім жыцці, таму што ў мяне няма каманды, з якой я бы мог трэніравацца.

«Старэйшы сын з 15 год жыве сваім жыццём»

— У інстаграме вы падпісаны «Кутуньё». Чаму?

— Мой першы псеўданім. Звязаны яшчэ з той гісторыяй з тэатрам Максіма Горкага. Гэта першы раз, калі мяне заціралі. Я тады граў у Сучасным мастацкім тэатры, і напачатку спектакля мы выходзілі на сцэну, называлі сваё прозвішча і казалі ролі, якія выконваем.

Перад спектаклем да мяне падышоў мастацкі кіраўнік Уладзімір Ушакоў і сказаў, што ёсць нейкі куратар па мне, лепш не называць сваё прозвішча, прыдумаць штосьці іншае. Ну я выйшаў і прадставіўся: мяне завуць Павел Кутуньё. Не ведаю, чаму гэта ў галаву прыйшло. Так першы псеўданім і прыжыўся.

— Як часта цяпер бачыцеся з сям’ёй?

— Нячаста, раз на месяц.

Разам з жонкай Ганнай

— Вашаму старэйшаму сыну 18, паступіў кудысьці?

— Не, Піліп з 15 год стаў жыць сваім жыццём і нават не з намі. Спрабуе недзе працаваць. Я трымаю з ім сувязь. У яго нялёгкі лёс, канечне, і вуліца яго зацягнула, былі падлеткавыя праблемы адміністрацыйнага характару.

Калі з намі жыў, ішоў на фізмат, калі выбраў свой шлях, былі іншыя варыянты, хацеў на кухара вучыцца. Але так нікуды не паступіў.

— Для вас гэта балюча, што ён вырашыў сваім шляхам ісці?

— Ну напачатку было балюча, вельмі, бо шмат высілкаў было ўкладзена — і Ганна займалася, і рэпетытары. Піліп кемлівы хлопец. Потым мы падумалі, калі ён будзе шчаслівы кухарам, гэта таксама добрая праца.

А калі не захацеў быць кухарам, мы змірыліся з тым, што чалавек абраў свой лёс. Я ж не магу яго за руку правесці па ўсім жыцці. Мая задача — сказаць яму, што будзе ў выніку, калі ён пойдзе туды ці туды. А сілком, нават калі гэта блізкі табе чалавек, немагчыма нічога зрабіць.

— Хтосьці з дачок у актрысы збіраецца?

— У мяне сярэдняя Алівія займаецца ў тэатральнай студыі. І Адэля магла б, але яна больш захапляецца хіп-хопам, вакалам. Не ведаю, як малодшая, пакуль не заяўляла. А Івона, здаецца, не хоча.

«Мы выйшлі з любоўю»

— У жніўні мінулага года вы пісалі, што не варта чакаць хуткіх перамен. Чаму ўжо тады былі ўпэўнены ў гэтым?

— Я думаю, гэта ў сілу беларускага характару. І мне вельмі падабаецца, як наш народ выйшаў, як мы супрацьстаялі мірна, без зброі, без лайна, без нянавісці. Гэта сапраўды рух любові і жаданне да перамен.

Ведаеце, тут справа ў тым, што мы выйшлі з любоўю, а з іншага боку людзі настроіліся на вайну. Калі ў іх зброя, змагацца вельмі цяжка. Але я не хацеў бы іншага шляху, каб на вуліцах Мінска было тое, што паказвалі па дзяржаўных каналах і чаго не было: кактэйлі Молатава, забойствы, параненыя сілавікі.

Канечне, гэты шлях вельмі доўгі. І калегі ўкраінскія казалі, што мы занадта мірныя, і армяне так казалі. Цяпер выязджаюць лепшыя людзі, рэстаратары, айцішнікі, ідзе ціск на спартсменаў… Напэўна, у гэтай краіне наступіць час кафетэрыяў і палацаў культуры, на жаль.

— Што чакае культурны асяродак? Частка акцёраў і гуртоў з’ехала, курсы «Мова нанова» прыкрылі.

— Ці ў анлайн, ці ў андэграўнд сыдзе да пары да часу. І гэтыя людзі застануцца героямі для культуры Беларусі, калі яны будуць працягваць працаваць.

Нават калі яна будзе за межамі рэспублікі. Бо знаходзячыся цяпер у межах рэспублікі, немагчыма стоадсоткава сказаць, што мы працуем на яе культуру. Я пакуль спрабую стаць на ногі, каб адчуваць сябе нармальна.

— А што адчуваеце, калі цяпер у Мінск прыязджаеце?

— Можа быць, скруху. Я згадваю той час, калі на вуліцах было пад 300 тысяч. Ведаю, што ў гэтым горадзе яшчэ шмат любові — яна там была і яна дасць свае парасткі. Я чамусьці цяперашні Мінск не адчуваю. Гляджу і бачу мінулае. Дзіўнае пачуццё, не магу адным словам выказаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)