Политика

Вікторыя Захарава

Карбалевіч: «Улады прызнаюць, што яны хаваюцца ад уласнага народа»

Той выпадак, калі фразу «замазаныя ўсе» трэба ўспрымаць літаральна.

Кіраўнік аддзела ГУБАЗіК МУС Вячаслаў Арлоўскі прапанаваў пазбаўляць беларускага грамадзянства тых, хто з'ехаў з краіны і «адтуль робіць усё магчымае, кааб нашкодзіць дзяржаве». Між тым, у артыкуле 10 Канстытуцыі РБ, так сама як і ў Законе  «Аб грамадзянстве» наўпрост гаворыцца: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь альбо права змяніць грамадзянства».

Але сілавікам, якія актыўна здзяйсняюць рэпрэсіі, часам не да асноўнага закону?

– У Беларусі рыхтуецца новая Канстытуцыя, з якой можна прыбраць той пункт, які ёсць у дзейнай Канстытуцыі і гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь, што іх не пазбавяць гэтага грамадзянства, – заўважыў палітолаг Валер Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

З юрыдычнага гледзішча, дадаў эксперт, зрабіць гэта няцяжка і цалкам рэальна. Падобная практыка некалі існавала ў Савецкім Саюзе, дзе пазбаўленне грамадзянства выкарыстоўвалася як рэпрэсіўная мера супраць нелаяльных рэжыму асоб – дысідэнтаў, апазіцыйнай інтэлігенцыі, што не ўпісвалася ў савецкую сістэму.

Ці значаць заявы ГУБАЗіК, што Беларусь вяртаецца да савецкай сістэмы?

– Мне цяжка сказаць, наколькі ініцыятыва МУС узгодненая з палітычным кіраўніцтвам, пакуль гэта нейкі «ўкід», кшталту крымінальнага пераследу падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Тут трэба ўлічваць і элемент запужвання, і нейкія сапраўдныя прававыя рэчы, – адзначыў палітолаг. — Але ва ўмовах неправавой дзяржавы ў прынцыпе магчыма ўсё, што заўгодна.

Я хачу нагадаць, што восенню 2020 года ў Беларусь не ўпускалі беларускіх грамадзян – студэнтаў, якія ехалі з Польшчы, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, – хаця ў беларускай Канстытуцыі таксама ўсё запісана на гэты конт. Затым – сёлетнія змены ў заканадаўстве: палажэнне аб тым, што пазбаўляць грамадзянства можна тых беларусаў, хто мае яго не з народжання, а набылі грамадзянства, будучы ўжо дарослымі.

То-бок, дэ-факта гэта ўжо было, улады рабілі падобныя рэчы, не ўпускаючы беларускіх грамадзян у Беларусь. А яшчэ ж можна прыгадаць гісторыю з Паўлам Шараметам, якога пазбавілі беларускага грамадзянства шмат гадоў таму, далёка да ўсіх бягучых падзей… І цяпер, ва ўмовах жорсткага тэрору – усё магчыма.

Не абмінуў увагай палітолаг і ўчорашні дзіўны фармат навінаў – у тэлевізійным сюжэце пра прызначэнні сілавікоў не толькі не назвалі імёны і пасады кіраўнікоў КДБ, але і размылі іхныя твары і нават постаці.

– Зусім нядаўна Лукашэнка ўзнагароджваў группу сілавікоў за выдатныя дзеянні супраць палітычных апанентаў, і іх імёны таксама не называліся, – нагадвае Валер Карбалевіч. – Цяпер кіроўныя кадры КДБ таксама будуць ананімнымі.

У нейкім сэнсе гэта заканамерна, гаворыць палітолаг:

– Калі ўлада існага рэжыму сумніўная з гледзішча легітымнасці,  то і ўсе структуры, якія абараняюць гэты рэжым, таксама павінны хаваць свой твар. Звярніце ўвагу: тыя, хто арыштоўваў людзей на вуліцах, былі ананімнымі, не прадстаўляліся; тыя, хто ўрываецца ў кватэры беларусаў – зноў жа, не заўсёды і не ўсе прадстаўляюцца; мы бачым, што міліцыянты, якія даюць паказанні ў судах, таксама хаваюцца пад нейкімі псеўданімамі.

Логіка засакрэціць асабліва прадстаўнікоў сілавых структур выглядае дзіўна. І гэта значыць, што яны адчуваюць, у якой краіне жывуць, адчуваюць, што ў гэтай краіне большасць насельніцтва іх  не любіць (прыгадацем, калі міністр унутраных спраў расказваў, што ягоную сям'ю «травяць» і кідаюць у паштовую скрынку пагрозы)… Улады прызнаюць гэтым фактам ананімнасці, што яны хаваюцца ад уласнага народа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(93)