Филин

Іван Корсак

«І хай «Филин» не толькі зробіць вас мудрэйшымі, але ператворыцца для вас у птушку шчасця і ўдачы»

Эксперты падзяліліся наказамі для чытачоў на 2022 год.

Напярэдадні Новага года Филин спытаў у людзей, з меркаваннямі якіх мы знаёмілі вас на працягу года, які б наказ і якія пажаданні яны б пакінулі чытачам на 2022 год. Вось што з гэтага атрымалася.

Юрый Дракахруст: «Пугачы — яны такія, здольныя тварыць добрыя цуды»

— Як казаў Гегель, сава Мінерва — птушка мудрасці — вылятае ў прыцемках. Прыцемкаў зараз у нас хапае. Але самыя цёмныя прыцемкі — перад світанкамі.

І хай «Филин» не толькі зробіць вас мудрэйшымі, але ператворыцца для вас у птушку шчасця і ўдачы. Пугачы — яны такія, здольныя тварыць добрыя цуды.

Юрый Чавусаў: «Гэта павінен быць год ведаў»

— 2021 год быў надзвычай цяжкі для ўсяго свету праз наступствы пандэміі, і звязанымі з імі шматлікімі крызісамі і выклікамі.

Для Беларусі гэтыя цяжкасці былі, мабыць, памножаныя на эфекты палітычнага крызісу, якія балюча ўдарылі па грамадзянскай супольнасці. Наступствы гэтых падзеяў будуць далёкасяжныя, і яны без сумневу будуць вызначаць аблічча надыходячага года ў Беларусі і свеце.

Аднак, апроч новых выклікаў, адыходзячы год прынёс нам адну вельмі карысную рэч — гэта досвед, а досвед азначае веды, навыкі, здольнасць пераадольваць цяжкасці на грунце ранейшага вопыту.

Ілюстрацыя па просьбе суразмоўцы

І веды маюць вельмі важную ўласцівасць: у чалавека можна адабраць шмат чаго: працу, волю, родны дом, нават радзіму. Але веды — іх адабраць нельга!

І калі чалавек шануе веды, назапашвае іх, карыстаецца імі, развіваецца, прагне развіцця — ён мае шанец вярнуць сабе ўсё, што было адабранае.

Таму ў 2022 годзе нам усім, чалавецтву, беларускаму грамадству, наканавана рабіць гэты год — годам ведаў, пазнання, рацыянальнага дзеяння. Насуперак эмоцыям. Гэта павінен быць год ведаў — інакш ён стане страчаным годам роспачы і працягу канфліктаў.

Александр Фрыдман: «Кожны дзень, тыдзень, месяц і год набліжае Беларусь да дэмакратычнай будучыні»

— Для тых, хто хоча бачыць Беларусь вольнай і дэмакратычнай краінай, 2021-ы год атрымаўся вельмі цяжкім, багатым на негатыўныя эмоцыі, расчараванні і нават адчай. Менавіта пасля такога года, калі падаецца, што зло канчаткова перамагло дабро, а запаветных пераўтварэнняў і чакаць ужо не варта, нельга страчваць надзею.

Асаблівасць дыктатарскіх рэжымаў – жыццё без будучыні. У іх ёсць мінулае, ёсць сённяшні дзень, але ў іх няма будучыні. Найноўшая гісторыя паказвае, што яны знікаюць. Некаторыя раней, іншыя – троху пазней.

А гэта значыць, што кожны дзень, тыдзень, месяц і год – нават такі, як 2021 – набліжае Беларусь да дэмакратычнай будучыні.

Хочацца спадзявацца, што чакаць засталося ўжо не так доўга. Можа, яна прыйдзе ўжо нават у 2022 годзе.

Павел Усаў: «Гэта наш гістарычны шлях і мы павінны прайсці яго да канца»

— Перш за ўсё, хацелася б падзякаваць за вытрымку і сілу духа. Мы ўсе будаўнікі нашай нацыі, як бы цяжка ні было, але гэтае полымя загортвае і ўзмацняе фундамент будучага дэмакратычнага грамадства.

Можна расчароўвацца ў палітыцы і палітыках, але гэта наш гістарычны шлях і мы павінны прайсці яго да канца.

Наста Лойка: «Заставацца сабой і памятаць на свае правы»

— У 2022 годзе варта навучыцца лёгка ўспрымаць усё, што будзе адбывацца.

Упэўненая, нас чакаюць працяг рэпрэсіўных практык і новыя выклікі, але ўсё роўна варта заставацца сабой і памятаць на свае правы.

Вадзім Мажэйка: «Прымаць рашэнні па сумленні»

— Год контррэвалюцыі — гэта было няпроста для ўсяго грамадства. Жадаю ўсім нам у 2022 годзе прымаць рашэнні па сумленні, не паддавацца страхам, верыць у сябе і ў Беларусь, шанаваць сяброў, калег і блізкіх.

Анатоль Котаў: «Трымаемся!»

— Жадаю, каб 2022 год для ўсіх стаў годам перамогі, вызвалення і адраджэння сапраўднай беларускай дзяржавы. Мужнасці нам усім, здароўя і поспехаў! Трымаемся!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)