Общество

Дырэктар ліквідаванай Студыі карысных кампетэнцый: «Нельга гвалтоўна забраць тое, што ствараецца з любоўю»

Лана Руднік — пра прымусовую ліквідацыю ўстановы.

— Мы з мужам пачалі сваю працу ў некамерцыйным сектары з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя, — піша дырэктар ліквідаванай Студыі карысных кампетэнцый Лана Руднік. — На нашых вачах раслі і развіваліся асобы, прафесіяналы, новыя арганізацыі.

Нас шмат хто ведае не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Дзе б мы ні былі, мы прэзентавалі сябе, свае справы, свой горад і краіну на годным узроўні.

У трэнінгу для трэнераў, для мы вучым праводзіць планаваць і праводзіць прафесійна адукацыйныя мерапрыемствы, мы часта прадстаўляем структуру рэфлексіі (reflexio (лац.) — азірнуцца назад) — аналізу заняткаў.

Калі мяне папрасілі ўчора даць каментар адносна прымусовай ліквідацыі нашай установы, я ўзгадала гэтую структуру.

Там чатыры кампаненты:

Першы — пачуцці.

Што я адчуваю ў сувязі з тым, што наша Студыя знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі (дарэчы, ніхто нам пра гэта не паведаміў. Ані афіцыйнага ліста на юрыдычны адрас, ані званка не было).

Мы самі знайшлі гэтую інфармацыю на сайце egr.by. Учора я не змагла зразумець, што я адчуваю. Мне здавалася, што мы гатовыя да таго, што нас усіх ліквідуюць. Дзень раней, дзень пазней. Не мае значэння.

Але… Учора мне не хацелася даваць аніякіх каментароў. Гэта складана прыняць ненармальную сітацыю. Расчараванне, злосць, адчай…

Другі кампанент — факты. Што адбылося?  Адбылося гвалтоўнае закрыццё альбо ліквідацыя тых, хто бачыў місіяй сваёй вырашэнне грамадска-значных праблемаў, дапамогу тым, каму баліць. Каму не хапае ўвагі, каму не хапае інфармацыі, хто хоча развівацца.

Трэці — прычыны. Чаму так адбылося?  Напэўна, пры папушчальніцтве большасці, пры нашым раўнадушшы, пры тым, што часта маўчалі, дзе трэба было крычаць.  Адбылося тое, што мы назіраем мора несправядлівасці навокал і маўчым. Маўчаць таксама тыя, ад каго залежыць прыняццё рашэнняў на самых розных узроўнях. Мы пагрузіліся ў цемру падману, агрэсіі і страху.

І, нарэшце, высновы.

Мы працягнем працаваць. Мы не кінем ў самоце людзей, якія былі разам з намі. Мы знойдзем новыя фарматы і новыя месцы для працы. Мы ганарымся ўсім тым, што зрабілі дагэтуль, і зробім яшчэ больш.

За адносна невялікі час свайго існавання (са снежня 2014 года) мы паспелі зрабіць нямала: наш «Універсітэт Залатога Веку» добра вядомы за межамі горада і краіны. Сотні сталых гарадзенцаў набываюць тут карысныя веды, новых сяброў, новы сэнс жыцця.

Мы былі аднымі са стваральнікаў кааліцыі «За годнае даўгалецце», бралі актыўны ўдзел у правядзенні «Форума ўніверсітэтаў трэцяга веку», Міжнароднага Форума «Годнае даўгалецце-2030», ініцыявалі так і не падтрыманую гарадзенскімі ўладамі ідэю далучэння Гродна да Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей.

Наша «Школа сучаснай журналістыкі» штогод выпускае не проста журналістаў, а сумленных, неабыякавых людзей.

«Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва «Good Impact» дапамагла стаць на ногі адразу некалькім добра вядомым зараз у горадзе ініцыятывам.

Мы штогод рабілі дзясяткі мерапрыемстваў, скіраваных на падтрымку людзей з інваліднасцю, псіхалагічную і іншую дапамогу людзям у складаных сітуацыях, спрыянне ахове навакольнага асяроддзя, дамагалі мноству людзей атрымліваць патрэбныя ім веды і ўменні ў самых розных сферах (замежныя мовы, маляванне, медыяпісьменнасць, асновы бізнеса і г.д.).

У нас выдатная каманда менеджэраў, экспертаў, выкладчыкаў, валанцёраў, надзейныя партнёры ў розных гарадах і краінах. І таму — мы не спыняемся!

Нельга гвалтоўна забраць тое, што ствараецца з любоўю.

З любоўю, Лана Руднік і каманда «Студыі карысных кампетэнцый».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)