Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша нiва», «Радыё Свабода» и photo.bymedia.net
Акцыя на «дзень закаханых» жорстка разагнаная (фотарэпартаж)

Традыцыйная акцыя “Маладога фронту”, прысьвечаная дню Сьвятого Валянціна, скончылася затрыманьнямі.

Затрыманьні пачаліся на плошчы Якуба Коласа. Там, як паведамляе «Радыё Свабода», кіраўнік Моладзі БНФ Андрусь Крэчка, актывісты арганізацыі Павал Чудук, Антон Койпіш, а таксама намесьнік старшыні "Маладых Хрысьціянскіх дэмакратаў" Дзяніс Кобрусеў раздавалі валянцінкі. На адным баку было намаляванае сардэчка, на другім – напісаны верш Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Трэба любіць”. Аднак гэта не спадабалася “ахоўнікам парадку”.

Ля Палацу Рэспублікі а шостай вечара ўсё было падрыхтавана да акцыі “Маладога фронту”: дзяжурылі міліцыянты ў цывільным, аўтобус са спецназам і аўтазак. Як паведамляе «БелаПАН», пасьля таго як намесьнік старшыні “Маладога фронту” Іван Шыла ўручыў прэмію “Люблю Беларусь” лідару моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаілу Пашкевічу, пачаліся затрыманьні.

Міліцыянты вырывалі ва ўдзельнікаў акцыі сьцягі. Спэцназ накінуўся на дзяўчатаў. Некаторых цягнулі за ногі па асфальту. У прыватнасьці, такі лёс нападкаў дзяўчынаў, якія прыйшлі на акцыю ў строях анёлаў з крыльцамі.

Схапілі таксама мастака Алеся Пушкіна. Агулам было затрымана 22 чалавекі.

Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны і Савецкі РУУСы. Міліцыянты зьбілі Міхаіла Пашкевіча, калі ён заступіўся за Насту Палажанку. Хлопца завялі ў асобны пакой. Яму разьбілі акуляры, а потым адабралі статуэтку, якую ён атрымаў на плошчы як ляўрэат прэміі "Люблю Беларусь".

Прыкладна а 9-й усіх затрыманых адпусьцілі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)