Общество

Жанна Літвіна сыходзіць з пасады старшыні БАЖ

Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю часопісу «Абажур» напярэдадні IX з’езду арганізацыі.

Справаздачна-выбарчы з’езд ГА «БАЖ», нагадаем, праходзіць 24 красавіка ў Мінску.

Падаем вытрымку з інтэрв'ю:

— Спадарыня Жанна, напярэдадні мінулага з’езда журналісцкай арганізацыі асабіста супраць Вас была зладжаная кампанія цкавання, у якой задзейнічалі «цяжкую артылерыю»: фільмы БТ, спісы невыязных, персанальныя «кампраматныя» лісты сябрам асацыяцыі і г. д Аднак тады Вы годна выстаялі і не пакінулі пасаду старшыні. Што ж здарылася цяпер, чаму Вы вырашылі сысці?

— Я бясконца ўдзячная маім калегам, якія на мінулым з’ездзе мяне падтрымалі і адэкватна паставіліся да той хвалі дыскрэдытацыі, якая была разлічаная на развал арганізацыі. Мы выстаялі разам!

Але існуе «закон грамадскай стомленасці». І аднойчы ён пачынае дзейнічаць не толькі ў дачыненні да кіраўнікоў дзяржаваў, але пашыраецца і на актывістаў грамадзянскай супольнасьці. Аднойчы прыходзіць разуменне таго, што, калі ў цябе ёсць пачуццё ўласнай годнасці, гэты крок — вызваленне пасады — чалавек павінен зрабіць свядома, своечасова, годна. Маё адчуванне, што гэты крок зараз проста неабходны. Каб захаваць павагу да сябе, нават з улікам таго, што БАЖ — неад’емная частка майго жыцця.

Я неверагодна ўдзячная тым, з кім была побач гэтыя 20 гадоў.

Я б хацела сваім сыходам падвесці своеасаблівую рысу пад перыядам у гісторыі БАЖ, звязаным з няспынным пераследам людзей нашай прафесіі, жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем і ўмяшаннем у нашую працу. Вельмі хочацца спадзявацца, што самыя жорсткія выклікі і выпрабаванні, трагічныя падзеі засталіся ў мінулым.

Я бачу, што вырасла новая генерацыя журналістаў, лідараў БАЖ, якія здольныя адказваць на выклікі часу.

Мой сыход з пасады зусім не азначае, што лёс журналісцкай арганізацыі будзе мне абыякавым. Я застаюся ў БАЖ. І буду вельмі радая, калі акажуцца запатрабаванымі мае досвед і ўзважанасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)