Общество
Андрэй Водчыц

«Божа, як мы хацелі жыць! Але потым прыйшло пекла»

Неверагодная гісторыя здарылася ў Гарадку (Віцебская вобласць). Мясцовага беспрацоўнага з няпростым лёсам знялі з уліку ў цэнтры занятасці і цяпер судзяць за тое, што ён параўнаў паводзіны начальніка раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні з паводзінамі тэрарыстаў у Луганску.

8 красавіка адбудзецца чарговае судовае паседжанне, на якім Леаніду Аўтухову за «абразу службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў» могуць даць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых вялічынь. Чаму так задрылася «Салідарнасць» запыталася ў самаго Леаніда Аўтухова, старшыні Віцебскай абласной рады Партыі БНФ.

– Калі вы сталі на ўлік як беспрацоўны?

– Я страціў працу ў 2008 годзе, пасля ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў. Усё па палітычных матывах. У апошні час я хаджу на судовыя паседжанні і даю парады людзям. Вось апошняя справа: двум сем’ям адключылі святло, і паколькі там зніклі адпаведныя ўмовы для пражывання, то хацелі забраць у іх непаўнагадовых дзецей. Ды я ўзняў бучу, параіў сем’ям пераехаць да сваякоў. Цяпер мне помсцяць.

– Як так атрымалася, што за столькі год вы не знайшлі працы?

– Мы жывем у маленькім мястэчку. Выбачайце, калі ласка, але рэальных вакансій тут няма. Нядаўна ў цэнтры занятасці мне прапанавалі пайсці на павышэнне катэгорыі для кіроўцаў. Я пайшоў. Сумленна і паспяхова адвучыўся. У цэнтры занятасці мне сказалі ісці на працу ў леспрамгас. Прыходжу і бачу: стаяць чатыры колы, звязаныя паміж сабой металічнымі асновамі. Груда металалома. Мне кажуць: сядайце, кіруйце. Я пытаюся: як вы гэта сабе ўяўляеце? Аўтамабіль поўнасцю раздзёрбаны, патрабуе рамонту, шэсць гадоў не праходзіў тэхагляд. Кажу: я не адмаўляюся ад працы, вазьміце мяне слесарам. Начальнік: не, слесарам трэба плаціць зусім іншыя грошы, а так я буду вам плаціць мінімум (тады гэта было паўтары мільёны).

Вяртаюся ў цэнтр занятасці, расказваю, што мяне браць на працу адмовіліся. Праз пяць дзён ім прыходзіць па факсу папера, што гэта я адмовіўся працаваць кіроўцам. Я аказваюся вінаватым.

Далей мне прапанавалі дзве пасады: электраманцёра і механіка. Але ж я не маю права працаваць на гэтых пасадах, у мяне няма адпаведнай кваліфікацыі. Вы б мяне яшчэ лётчыкам паставілі!

Звярнуўся са скаргай у пракуратуру, а пракурор мне кажа: а чаму не папробаваў? Адказваю: дык у мяне ж няма адпаведнай кваліфікацыі. Ён на гэта (уявіце, пракурор раёна!): я некалі з жонкай папробаваў і сёння з ёй жыву.

Добра, я на ўсё гэта плюнуў і адпрацаваў, як мне было пазначана, у сярэдзіне лютага тры дні абавязковых грамадскіх прац. Сабраў і здаў 21 кг макулатуры. Прынёс даведку ў цэнтр занятасці, а мне паведамілі: вы ўжо знятыя з уліку, бо не хочаце працаваць. Як так, шаноўнае панства?

Але ж я бачыў, як у супрацоўніцы цэнтра занятасці трымцелі рукі. Яна, дарэчы, сумленны чалавек, не першы год працуе. Але знаходзіцца ў залежнасці ад кіраўніцтва, сказала: ну што я зраблю. Я ўпэўнены, што гэта была каманда начальніка ўпраўлення Прасолава, які неаднойчы мне выказваў прэтэнзіі. Я пайшоў у райвыканкам і зрабіў у кнізе заўваг запіс, у якім выклаў усё, што я думаю пра гэтага кіраўніка.

Пасля ён напісаў заяву, што я яго абразіў, назваў самадурам, напісаў, што ён паводзіць сябе як тэрарыст у Луганску. Цяпер вось чакаю заўтрашняга судовага пасяджання.

– Што вы думаеце пра ўведзены падатак на дармаедства?

– Калі ўвялі яго, то хай забяспечаць працай. У Гарадку не працуе больш за 50% насельніцтва, тут усё знішчана. Гэта вы ў Мінску не адчуваеце, а заездзьце у Гарадок – няма дзе працаваць. Я па спецыяльнасці тэхнік-электрамеханік па абслугоўванні жывёлагадоўчых ферм, у якую ўваходзіць вентыляцыя і выдаленне гною. Але з калгасаў людзей выганяюць, працы няма.

– На што вы жывяце, калі не маеце сталай працы?

– Засталіся якія-ніякія зберажэнні. Займаюся хатняй гаспадаркай, зараз вось якраз прыйшоў паглядзець курэй, 8 яек забраў. Мая жонка працуе. Жывем даволі сціпла. Дачка вучыцца ва ўніверсітэце на пятым курсе.

Я некалі ж быў чалавекам сярэдняга дастатку. У мяне была піларама, якую потым спалілі (узбудзілі крымінальную справу, але вінаватых так і не знайшлі), трактар, прыватны аўтамабіль. Божа, памятаю, як дачушка нарадзілася, калі Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазняк у Вярхоўным Савеце былі, я нарадавацца не мог. Гучала родная мова, з’явілася прыватная ўласнасць, з’явілася надзея. Божа, як мы хацелі жыць! Але потым прыйшло пекла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)