Общество
Сямён Печанко

Што можна пабачыць у мястэчку, дзе будзе музей шляхты

«Салідарнасць» прапануе невялікае падарожжа ў колішняе родавае гняздо Чачотаў і Бохвіцаў.

Расійскі бізнесовец з беларускімі каранямі Павел Бераговіч марыць стварыць музей беларускай шляхты ў выкупленай ім сядзібе ў Падароску, што ў Ваўкавыскім раёне.

Акрамя ўласна сядзібы тут яшчэ ёсць гаспадарчыя прыбудовы і вялікі парк, аточаны цаглянай агароджай, упрыгожанай шыкоўнай брамай.

Пакуль што тут ідуць падрыхтоўчыя працы, вонкава сядзіба мала чым адрозніваецца ад таго, як яна выглядала год ці два таму. Хіба што вакол дома і прыбудоваў з’явілася будаўнічая агароджа, за якую не пускае пільны вартаўнік з вайсковай выпраўкай.

Неабходнасць у прысутнасці тут вартаўніка відавочная: не ўсе госці сядзібы ідуць сюды з фотаапаратамі — на былой летняй пляцоўцы на вочы тарпляюць сляды ад пікнікоў з гарэлкай.

Пасля знаёмства з сядзібай вам пэўна захочацца прагуляцца па Падароску — мястэчку, вядомаму з пачатку XVIст. Праз запруджаную Зяльвянку на супрацьлеглым ад сядзібы беразе бялее царква.

Збудаваная у другой палове XVIIстагоддзя, былая ўніяцкая, цяпер праваслаўная царква Святой Тройцы.

Падароскі касцёл Святой Альжбэты і Ласкі Божай пачаў дзейнічаць у 1993 годзе. Будынак пад касцёл перабудавалі. Пра тое, што тут было раней, звесткі разыходзяцца: адны кажуць — зернесховішча, іншыя — клуб пажарнай службы.

Мястэчка захавала старую планіроўку. Праўда, у цэнтры даўно ўжо няма рынка. Цяпер тут невялікая дарожная развязка з помнікам савецкім салдатам у цэнтры.

Пры саветах Падароск стаў сельсаветам. Мястэчка пакрысе пачало ператварацца ў стандартную савецкую вёску.

Якая, аднак, не цалкам страціла набыткаў слаўнай даўніны.

Падобныя дамкі можна пабачыць у суседніх Ружанах

Цяпера жа, калі саветаў няма, пра іх нагадваюць савецкія дамы і крама, аздобленая мазаікай. Алень і зубр — як напамін пра блізкую ад гэтых мясцінаў Белавежскую пушчу. 

У некалькіх кіламетрах ад Падароска, каля вёскі Галышкі, збоч дарогі можна пабачыць стары калгасны клуб. Цяпер будынак закінуты.

Паўсюль раскіданыя старыя дакументы, газеты ды інструкцыі па кіраванні сельскагаспадарчай тэхнікай і абсталяваннем. Агульнае ўражанне — нагадвае дом з прывідамі ў амерыканскіх фільмах жахаў. Мог бы стаць папулярным атракцыёнам у дадатак да музея шляхты. І назва ляжыць на паверхні — «Дом з прывідам камунізму».

Калі ж сур’ёзна, то радуе, што ў сядзібы ў Падароску з’явіўся неабыякавы да беларускай гісторыі гаспадар. Будзем спадзявацца, што сядзіба, а то і цэлае мястэчка атрымала шанец узгадаць сваё слаўнае мінулае.  

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)