Политика
Ігар Карней, Радыё Свабода

«Відаць, Пефціева ў Эўропе любяць больш, чым мяне»

Набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы Ўладзімер Пефціеў і Ўладзімер Тарнаўскі выключаныя з чорнага сьпісу Эўразьвязу, іх калега беларускі алігарх Юрый Чыж у санкцыйным сьпісе застаўся. Гэтую навіну ён уведаў ад Свабоды.

У кампаніях Пефціева і Тарнаўскага пакуль не камэнтуюць, ці паспрыяюць новыя ўмовы актывізацыі іх дзелавой актыўнасьці за межамі Беларусі — у офісах іх кампаній Свабодзе зазначылі, што апошнія рашэньні Эўразьвязу «вывучаюцца». Тым часам Свабода пацікавілася ў Юрыя Чыжа, ці ня крыўдна яму, што калегаў выкрасьлілі з чорнага сьпісу, а яго — не.

Разам з хакейнай камандай Аляксандра Лукашэнкі Юры Чыж цяпер знаходзіцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

— Юры Аляксандравіч, зьнялі санкцыі пэрсанальна з Пефціева і Тарнаўскага, вас пакінулі. Чым патлумачыце?

— Нават ня ведаю, не цікавіўся пакуль што. Шчыра кажучы, я цяпер у адпачынку і ў прынцыпе ня ў курсе справы.

— Некаторыя вашы кампаніі, як і Пефціева, гэтаксама апраўданыя. Але калі яго рэабілітавалі асабіста, то вас — не.

— Значыць, яго вельмі моцна там любяць, адрозна ад мяне...

— Той жа Пефціеў дамагаўся сваёй рэабілітацыі праз Эўрапейскі суд, вы пакінулі справу на самацёк. Можа гэта паўплывала?

— Цяжка сказаць. Паколькі я ніякай падрабязнай інфармацыі ня маю, мне няма чаго абмяркоўваць. Магчыма, на наступным тыдні, як вярнуся, абмяркуем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)