Скандалы
Аксана Колб, «Новы час»

У Заслаўі адмянілі выставу пра падзеі 1939 году ў Заходняй Беларусі

Ідэолаг Руслан Трухан лічыць, што выстава з прыватнай калекцыі Ігара Мельнікава дыскрэдытуе і прыніжае ролю СССР. Таму, калі не ўмяшаюцца "вышэйшыя сілы", сёння ў Заслаўе выстава не адчыніцца.

Выстава «Заходнебеларуская Атлантыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакументах, фотаздымках і артэфактах» павінна была адчыніцца сёння.

Галоўная ідэя выставы была паказаць Вераснёўскую кампанію 1939 года, у якой удзельнічалі злучэнні Войска Польскага, у складзе якіх была значная колькасць ураджэнцаў Заходняй Беларусі. Акрамя таго на вытаве планавалася паказаць і мірнае жыццё Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах праз арыгінальныя фотаздымкі, дакументы і рэчы таго часу. Наведвальнікі музея змаглі б убачыць таксама формы афіцера Войска Польскага, жаўнера пяхотнага палка і марака пінскай рачной флатыліі. Усяго ў экспазіцыі было 300 прадметаў, большая частка з якіх арыгіналы.

Але усе гэтыя рэчы, якія Ігар Мельнікаў збіраў не адзін год, выдаткоўваючы немалую частку сваіх грошай, аказваецца, прыніжаюць ролю СССР, а зараз увага: правапераемніцай якого з'яўляецца Беларусь, а значыць прыніжаюць ролю Беларусі (!). Вось такую выснову зрабіў Руслан Трухан, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.

Пры гэтым чыноўнік (а ў нядаўнім мінулым галоўны брсмавец Мінскай вобласці) нават не глядзеў экспанаты, не размаўляў з Ігарам Мельнікавым. Ён проста не рэкамендаваў дырэктару музейна-выставачнага комплексу ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" Мікалаю Паграноўскаму адчыняць выставу.

А што дырэктар музея? Здавалася б інтэлігентны, адукаваны чалавек, які займае такую пасаду (за такія смешныя грошы!) мог бы проста пасмяяцца над непісьменнасцю хай сабе і ідэолага. Але ж не, хаваючы вочы, азіраючыся на дзверы, ён паведаміў Ігару, што ў іх праблемы, але калі ён зможа неяк дамовіцца з ідэолагамі, то дырэктар, у прынцыпе не супраць... А калі не дамовіцца, выставы не будзе.

Падумаеш, Ігар Мельнікаў некалькі месяцаў рыхтаваў да выставы сваю калекцыю, некалькі тыдняў разам з работнікамі музея мантаваў стэнды і вітрыны, закупляў за ўласныя грошы рамы і іншыя неабходныя рэчы! І гэта не улічваючы таго, што сваю калекцыю ён прадаставіў музею абсалютна бясплатна і прапанаваў, дарэчы, уваход на выставу таксама зрабіць вольным, але дырэктар музея сказаў, што гэта немагчыма і зараз кошт квітка — 15 тысяч рублёў.

"Выстава рыхтавалася амаль паўгода. Яе галоўная ідэя — паказаць мужнасць беларускіх жаўнераў польскай арміі, якія першымі ў Еўропе, разам з палякамі, сказалі Гітлеру “не”. У верасні 1939 года яны зрабілі крок да перамогі ў маі 1945 года. Аднак відавочна сучасным беларускім дзяржаўным ідэолагам гэта старонка нашай гісторыі падаецца не цікавай. Яны лічаць, што беларусы змагаліся з нацызмам толькі ў мундзірах савецкай арміі.

Насамрэч, нашыя суайчыннікі змагаліся з “карычневай чумой” на розных франтах. Змагаліся мужна і аддана. Дзіўная і, прабачце, глупая пазіція нашых чыноўнікаў з-за якой такі цікавы гістарычны праект як “Заходнебеларуская Атлантыда” так і не адкрыўся ў Заслаўе. Але я спадзяюся. што ўсё ж знойдзецца іншая магчымасць пазнаёміць аматараў гісторыі з маёй калекцыяй. Дарэчы, я адкрыты для прапаноў", — пракаментаваў сітуацыю Ігар Мельнікаў.

Дырэктар ДУ ГКМЗ "Заслаўе" Мікалай Міхайлавіч Паграноўскі ў каментары НЧ паведаміў, што адкрыццё выставы адкладваецца па тэхнічных прычынах. А на маё пытанне: ці не з-за забароны Трухана не адкрыецца выстава? Мікалай Міхайлавіч паведаміў, што пакуль не можа гэта каментаваць і папрасіў патэлефанаваць пасля 13.00.

Чаму пасля 13.00? Справа ў тым, што раніцай на перамовы з Труханом паехалі быцькі Ігара. Але. як высветлілася, спадар ідэолаг, зразумела, вельмі заняты чалавек, і сказаў, што можа сустрэцца толькі ў 15.00. Руслан Іванавіч Трухан пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю НЧ, але таксама толькі пасля 15.00. А шкада, мне хацелася менавіта зараз задаць яму некалькі пытанняў.

Першае: ці вядома яму, што на анансаванае праз беларускае тэлебачанне мерапрыемства збіраецца ехаць шмат людзей, у тым ліку дыпламатаў, вядомых гісторыкаў і дзеячаў культуры? Якім чынам можна будзе паспець паведаміць усім гэтым паважаным людзям пра вынік гэтай сустрэчы (нагадаю, выстава павінна адчыніцца ў 17.00)? Я ўжо не кажу пра сотні звычайных аматараў гістрыі, якія збіраюцца наведаць экспазіцыю з прыватнай калекцыі Ігара Мельнікава.

Другое: якую крамолу можна было ўбачыць у рэчах, дакументах і фатаздымках, нават не пабачыўшы іх на ўласныя вочы і не паразмаўляўшы з уладальнікам?

Трэцяе, галоўнае, і, напэўна, рытарычнае: да якой пары малапісьменныя ідэолагі (якія, дарэчы, то подпісы на выбарах забараняюць збіраць, то незалежныя прафсаюзы цкуюць) будуць вырашаць, што вартае нашай увагі, а што шкоднае для іміджу краіны?

Пакуль канчаткова пытанне з выставай нашага журналіста Ігара Мельнікава не вырашана. Спадзяюся, што начальнікі Трухана ўсё ж не будуць раздзьмуваць міжнародны скандал на роўным месцы і псаваць пазітыўны імідж Беларусі (на выставу акрамя замежных дыпламатаў збіраўся прыехаць адзін з Радівілаў). А можа яшчэ ў спадара Паграноўскага пераможа пачуццё ўласнай годнасці...

Пакуль жа прапаную паглядзець некалькі фотаздымкаў з той выставы, якая можа не адбыцца. Абяцаю, што, калі яе забароняць, нашы чытачы ўбачаць усе экспанаты хаця б на фота.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)