Cтаршыня гарвыканкаму выступіў па-беларуску і абвясьціў, што Савецкай плошчы больш няма

Без асаблівага вітаньня некалькі тысяч магілёўцаў, якія прыйшлі адзначыць афіцыйны Дзень незалежнасьці на Савецкую плошчу, успрынялі вестку пра яе перайменаваньне. Навіну агучыў на беларускай мове старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў.

«Галоўнае сьвята краіны адзначана ў Магілёве перайменаваньнем плошчы Савецкай у плошчу Славы, якая, — як, заявіў у сваёй прамове кіраўнік гарадзкой выканаўчай вэртыкалі, — у будучым набудзе новы воблік і новае адметнае гучаньне».

Пасьля працяглай паўзы і цішыні Ўладзімер Цумараў працягнуў: «Тут знойдзе сваё адлюстраваньне ня толькі гісторыя дня мінулага, але і важнейшыя працоўныя вехі дня сёньняшняга». Пасьля гэтых словаў паўза ў прамове чыноўніка была карацейшай, але з той жа цішынёю грамады.

Казаў у сваёй прамове кіраўнік гарадзкой вэртыкалі пра посьпехі ў эканоміцы, новыя адкрытыя аб’екты ды мір і спакой у Беларусі. Падзякаваў вэтэранам за іхную перамогу і падарыў магілёўскім пажарнікам ключы ад пажарнай машыны «Ford».

Пра тое, што найстарэйшы пляц гораду пераназавуць Уладзімер Цумараў заявіў яшчэ месяц таму. Пазьней ініцыятыву гарвыканкаму падтрымалі большасьцю галасоў дэпутаты гарсавету. Як заяўлялася ня супраць былі «працоўныя калектывы, грамадзкія арганізацыі і простыя жыхары гораду».

Напярэдадні сэсія гарсавету, на якой дэпутаты зацьвярджалі рашэньне пра перайменаваньне плошчы, да іх зьвярнуліся прадстаўнікі грамадзкасьці, аб’яднаныя ў суполку «Грамадзкі магістрат». Прасілі не сьпяшацца зь перайменаваньнем, а правесьці мясцовы рэфэрэндум, на якім вызначыць, ці падтрымліваюць ініцыятыву жыхары гораду. «Грамадзкі магістрат» прапанаваў свой варыянт назвы плошчы — Ратушная. Пра зварот на сэсіі казалі, але, яго не падтрымалі.

У розныя часы і эпохі плошча насіла розныя назвы. За часамі магдэбурскай вольнасьці яна была Гандлёвай. Калі прыйшлі расейцы, стала Губэрнатарскай, пазьней Думскай. За бальшавікамі — Плошчай Свабоды. Пасьля Другой усясьветнай вайны стала Савецкай.

Ідэя перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы ўпершыню была агучаная ў 2005 годзе. У 2007-м пераназваньне не падтрымалі. Нечакана сёлета яе актуалізаваў Уладзімер Цумараў. Чыноўнік патлумачыў, што новая назва плошчы, як ён выказаўся, «просіцца»:

«Перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, якой яна павінна быць. Такая назва плошчы просіцца, — казаў Цумараў. Тлумачэньні іншых чыноўнікаў зводзілася да таго, што савецкая назва плошчы не адпавядае сёньняшнім рэаліям.

Прыхільнікі ідэі перайменаваньня Савецкай плошчы ў Ратушную даводзілі, што дамінантай на пляцы зьяўляецца Ратуша, а не манумэнт барацьбітам «За Савецкую ўладу». На іхную думку, назва Ратушная нэўтральная і не адыёзная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)