Комментарии
Юлія Шымкевіч, «Наша Ніва»

Катастрофа беларускай мовы ў Гомелі

У Гомелі сустрэць на вуліцы людзей, якія б размаўлялі на беларускай мове, — складана. Для таго, каб пачуць родную мову — трэба ведаць месца і час, дзе могуць збірацца беларускамоўныя. Нямала іх у сацыяльных сетках і суполках. Але сабрацца, каб атрымаць асалоду ад «звонкага «дзе» і густога «чаго», цяжка.

Марыя Сідарэнка знайшла аднадумцаў у інтэрнэце

Рэдактар даў мне заданне «напісаць пра беларускамоўную сям'ю». Шукала я, шукала і на ўвесь Гомель не знайшла сямей, каб маці, бацька, дзеці — усе размаўлялі на роднай мове. Няма. Ці гэтыя сем'і сышлі ў падполле да лепшых часоў?

Ёсць такія сем'і, дзе, напрыклад, з дзецьмі размаўляюць і на беларускай, і на рускай мове. Ёсць такія, дзе бацька размаўляе з сынам па-беларуску, а маці — па-руску. А вось у «чыстым выглядзе» — на жаль.

«Нема», «Няма»…

Няма ў Гомелі школ з беларускай мовай выкладання, як і дзіцячых садкоў. Выключэнне — «беларускія» класы ў гімназіі №36 імя Івана Мележа, у якой «выхаваўчы працэс — на беларускай мове», і дзіцячы садок №160 — з адной групай, дзе дваццаць дзетак выхоўваюць на беларускай мове.

Жыхарка Гомеля, сябар ТБМ Марыя Сідарэнка спрабавала «рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права» і арганізаваць у садку па месцы жыхарства беларускамоўную групу для дзяцей, але сутыкнулася з рашучай адмовай загадчыцы.

«Гэта немагчыма!» — адрэзала загадчыца садка і дадала, што працаваць няма каму, а яшчэ і «вы тут з беларускай мовай».

Загадчыцы была прапанавана дапамога з метадычнай і дыдактычнай літаратурай, але тая адмовілася — маўляў, «усяго хапае».

Паратунак у інтэрнэце

Для пошуку аднадумцаў маладая маці стварыла суполку ў сацыяльнай сетцы «Беларуская мова — мова маіх дзяцей».

Людзі да суполкі далучыліся — амаль тысяча чалавек. Але беларускамоўная група ў садку так і не была створана. Проста ў групе абменьваюцца цікавосткамі, навінамі, спасылкамі, дыскутуюць.

У асноўным беларускамоўных можна сустрэць там, у віртуальным свеце. Там жа маладыя бацькі раяць кнігі-дыскі, дзе набыць-­знайсці-спампаваць. «У Інтэрнэце дастаткова інфармацыі, сайтаў, слоўнікаў, суполак для беларускамоўных, шмат новага і цікавага з'яўляецца, у рэальным жыцці інакш, цяжэй», — лічыць Марыя Сідарэнка.

Яна тым часам набывае кнігі для свайго чатырохгадовага Уладзіка ў Мінску, вучыць з ім вершы на роднай мове, чытае малому «Маму Му» Юі Вісландэр, «Кніжку Ферды Мураша» Ондржэя Сэкары, «Пацучок Фэлік падарожнічае» Алены Масла, «Казкі, баечкі, вершыкі» Алега Старынчыка.

Уладзік гаворыць і на рускай мове, і на беларускай. Натхнёна расказвае нам зімовыя вершы пра тое, як «па сумётах шыбуе Дзед Мароз».

Кнігі не купіць

«Наогул, набыць кнігі ці дыскі для дзяцей на беларускай мове ў Гомелі досыць праблематычна, усю літаратуру я вязу з Мінска, робячы два разы на год «налёты» на сталічныя кнігарні. Там яшчэ можна нешта прыдбаць.

У сталіцы і курсы моўныя, і мерапрыемствы ладзяцца на беларускай мове, у Гомелі гэтага не хапае. Ну, некалькі канцэртаў. Спектаклі «Дзяды» і «Кот на лаўрах» па п'есе Івана Штэйнера мы наведалі ў лістападзе.

Неяк праз ТБМ збіраліся — спявалі пад гітару на роднай мове, майстаркласы ладзяцца па народных танцах у філіяле Веткаўскага музея, прыязджаў «Стары Ольса», «Вурай», іншыя. «Талака» ладзіць штогод такія святы, як Гуканне вясны, Купалле, Ваджэнне і Пахаванне стралы, Каляды, шмат іншага. У прынцыпе, з мерапрыемствамі для дарослых не так ужо і блага», — пералічыла наша суразмоўца.

Для дзяцей у Гомелі наогул, мякка кажучы, не створана ніякай «культурна-беларускай прасторы».

«У мінулым годзе на ранішніку ў садку Уладзік расказваў Дзеду Марозу верш на беларускай мове, у гэтым годзе нас папярэдзілі, што ёсць сцэнар свята, вершы ўсе па сцэнары — на рускай мове, таму ніякіх беларускіх вершаў», — зазначае Марыя.

На гэты Новы год Уладзік прыйшоў на ранішнік у драматычны тэатр у вышыванцы, чым выклікаў здзіўленыя погляды.

Праблему можна было б вырашыць, каб Уладзік меў аднагодкаў, бацькі якіх таксама б імкнуліся да выхавання дзяцей сапраўднымі беларусамі.

«Што, беларускамоўныя нашы: з апазіцыі, ТБМ, грамадскія актывісты, журналісты — не маюць дзяцей?» — пытаемся мы.

Марыя смяецца ды жартам і ўсур'ёз дадае: «Беларускамоўныя, як правіла, шмат вучацца. Адукацыя ў іх не на апошнім месцы. Магістратуры, аспірантуры… А потым часта з'язджаюць. Не да дзяцей. Адзін-два максімум».

Сама ж маладая жанчына працуе бухгалтаркай, але на працы не размаўляе з калегамі на роднай мове. «Каштарыс, рахунак… Ад такіх слоў мае калегі ўпалі б у стан анабіёзу. Цяжкавата гэта прасоўваць аднаму», — дзеліцца суразмоўца.

Яшчэ некалькі гадоў таму яна сама і не думала пра беларускую мову, пакуль не пазнаёмілася выпадкова з сябрамі ТБМ, якія дапамаглі ёй выправіць памылкі ў напісанай для вучобы працы па беларускай мове. І так зерне беларушчыны трапіла на спрыяльную глебу.

«Я проста ўпершыню ўбачыла «жыўцом» людзей, якія размаўляюць цалкам на беларускай мове. Я ўсвядоміла, што яны існуюць, яны не вымерлі, як маманты. І гэта натхняе.

Адэкватны чалавек мусіць ведаць родную мову, гэта паказальнік узроўню развіцця чалавека, яго выхаванасці, інтэлігентнасці. Мой бацька, ён з Віцебшчыны, заўсёды з павагай ставіўся да беларускай мовы, любіў яе, нешта і мне перадалося. У пачатковых класах у Гомелі, у школе №30, я вучылася на беларускай мове — ніхто не быў супраць, усе ўспрымалі гэта як належнае! А потым усё гэта скончылася — ужо ў пятым класе выкладанне ўсіх прадметаў пачалося на рускай мове, такая сітуацыя і цяпер», — адзначае Марыя.

Яна лічыць, што для рашэння праблемы варта было б, каб дзяржава клапацілася пра захаванне свайго, роднага — мовы, культуры, і каб людзі не былі абыякавымі.

«Трэба з дзяцей пачынаць: для іх арганізоўваць святы, імпрэзы, вясёлыя, пазнавальныя і цікавыя. Вось буду ўсё-такі спрабаваць нешта «прабіць» у нашым садку», — кажа Марыя.

Садок №160, дзе ёсць адна група з беларускай мовай выхавання, знаходзіцца на іншым канцы Гомеля. Бацькам Уладзіка прыйшлося б больш за гадзіну ехаць-ісці да садка раніцай, яшчэ гадзіну — ад садка да працы і столькі ж марнаваць часу на вяртанне дахаты вечарам. «Шчыра — нам вельмі нязручна было б вазіць туды штодзень Уладзіка, ён часта хварэе, а ехаць далёка, праз увесь горад», — дадае Марыя.

Садок. Узорна-паказальная група

У садку №160, які месціцца на ўскрайку Гомеля, у Савецкім раёне, група з беларускай мовай працуе два гады. Дваццаць дзяцей весела шчабечуць, адказваючы на пытанні выхавальніцы пра назвы зімовых месяцаў. Потым, утварыўшы жывы цягнічок, праводзяць экскурсію па групе, паказваючы «цырульню, краму, дзе можна купіць хлеб духмяны», старанна хорам чытаюць вершык «Хлеб — святыня, хлеб — багацце, хлеб у хаце — шчасце ў хаце!».

З выхавальніцай Аксанай Гаўрыленка дзеці абмяркоўваць чырвона-зялёны сцяг. «Дзеці, якога колеру ў нас на сцягу болей — чырвонага ці зялёнага?» — «Чырвонага!» — «А чаму? А таму, дзеці, што сэрца якое ў нас, у беларусаў?» — «Добрае!»

Аксана Сяргееўна кажа, што пры стварэнні групы (па ініцыятыве аддзела адукацыі) не ўсе бацькі былі «за». «50 на 50. Але цяпер, я вас упэўніваю, усе бацькі задаволены!

Дзеці прыходзяць дахаты і вучаць бацькоў, як правільна гаварыць. Некаторыя дарослыя не разумеюць і потым у мяне пытаюцца — што гэта за белыя валокны ці іншыя словы. Я сама раней блага ведала родную мову, а зараз вучуся — разам з дзецьмі. Мне родная мова падабаецца, калі я пачала лепш яе разумець, ведаць, вельмі цікавыя вершы, загадкі, гульні, традыцыі. Вось мы неяк аб'ядналі ўсе каляндарныя святы — Вялікдзень, Купалле, Каляды, зрабілі такое свята — гадавое кола, было вельмі цікава і дзецям, і дарослым. Наша культура, традыцыі — невычэрпная крыніца», — упэўнівае выхавальніца.

Яна шкадуе, што мала дыдактычнага, метадычнага матэрыялу па занятках на роднай мове.

«Хацелася б больш мець дапаможнікаў для развіцця маўлення, напрыклад. Але нешта самі шукаем, набываем, робім», — кажа выхавальніца.

Намесніца загадчыцы садка Людміла Маёрава зазначае, што садок — гэта «пляцоўка для Інстытута ўдасканалення настаўнікаў», і тут часта праходзяць паказальныя мерапрыемствы.

Наогул, садок №160 ад свайго стварэння ў 1995 годзе меў напрамак беларусізацыі. Але потым гэта ўсё скасавалі, як і школы з беларускай мовай навучання. Цяпер беларусізацыя — гэта адна група, дваццаць дзетак. «Мы б і другую групу маглі адкрыць, каб была патрэба, каб бацькі жадалі гэтага», — прапануе Людміла Леанідаўна.

Яна, як і загадчыца садка Таццяна Маскоўкіна, працуе тут ад адкрыцця дашкольнай установы. Дзякуючы іх намаганням, у садку была створана «Беларуская хатка» з вышыванкамі, калаўротамі, ступамі, драўлянай калыскай, падвешанай пад столь, жорнамі, саламянымі лялькамі, партрэтамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Загадчыца кажа, што дзеці з задавальненнем займаюцца ў такім інтэр'еры. «Для нас жа гэта звыкла — вышыванкі, абрусы, калыска, а гарадскім дзецям усё гэта так у навіну!» — дадае загадчыца.

Беларуская гімназія з рускай мовай навучання

«Беларускай» лічыцца ў Гомелі гімназія №36 імя Івана Мележа. Тут вучацца 454 вучні. (Па праекце ў гімназіі маглі б вучыцца больш за паўтары тысячы.) Гімназія размешчана ў Савецкім раёне, у спальным мікрараёне.

Па сутнасці, тут нават у «беларускіх» класах такія прадметы, як матэматыка, фізіка, хімія, біялогія ды іншыя, выкладаюць на рускай мове. На роднай мове — сама мова і гісторыя Беларусі. Таксама на беларускай арганізаваны «выхаваўчы працэс». Што гэта значыць? Усе каляндарныя мерапрыемствы (дзяржаўныя, народныя святы), святкаванне юбілеяў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў праходзяць на беларускай мове. Таксама на роднай мове вядуцца класныя журналы і дакументацыя, праходзяць нарады, урачыстасці, Мележаўскія чытанні.

У гімназіі працуе бард Вальжына Цярэшчанка, выкладае беларускую мову, а таксама кіруе ўзорным ансамблем «Амялушкі». Заняткі ў калектыве праходзяць на беларускай мове, такі ж падбіраецца і рэпертуар.

ВНУ: сістэма кіравання газавай блокавай гарэлкі па-беларуску

Нядаўна розгалас у СМІ набыла абарона дыплома па-беларуску ў Гомельскім політэхнічным універсітэце імя Сухога. Гэта была першая ў гэтай ВНУ за апошнія 10 гадоў дыпломная работа на роднай мове. Завочнік Андрэй Грабянчук з дапамогай свайго навуковага кіраўніка, загадчыка кафедры «Прамысловая электроніка» Юрыя Крышнёва распрацаваў сістэму кіравання газавай блокавай гарэлкі для катлаагрэгата. Праект быў ацэнены на 10 балаў.

Колькі год таму абараняў дыплом па-беларуску ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту і намеснік старшыні абласнога ТБМ Яўген Якавенка.

Тым часам, у Мазырскім педагагічным універсітэце не могуць набраць групу студэнтаў па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура».

Восенню ўніверсітэт падвёў вынікі паступлення: з запланаваных 400 чалавек на бюджэтныя аддзяленні стацыянара недабор склаў 110 чалавек. Незапатрабаванымі аказаліся філалагічныя спецыяльнасці. Асабліва «беларуская мова і літаратура». Разлічваючы зрабіць спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура» больш прываблівай, дадалі да яе ангельскую мову, але і гэта не дапамагло: ніводнай заявы на 2013—2014 год.

У Мазырскім універсітэце беларускую мову і літаратуру з дадаткам «нямецкая мова» вывучаюць толькі шэсць чалавек.

І гэта ўлічваючы той факт, што на асобныя спецыяльнасці ў апошні час універсітэт праводзіць цыклічны набор, то бок праз год.

Хто ж хоча ісці ў настаўнікі, калі гэта найменш аплачваная прафесія цяпер?

Пакуль мова трымаецца на такіх волатах духу, як Крышнёў, Цярэшчанка, Якавенка, Сідарэнка. І цяга да мовы ёсць — інтэрнэт таму сведчанне. Але каб мова вырвалася з інтэрнэту на вуліцы, патрэбная дзяржаўная воля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)