Общество
Сямён Печанко

«Замовіў каву — афіцыянт прынёс бутэльку каньяку з надпісам на этыкетцы “К.В.”»

Кур’ёзнымі гісторыямі, звязанымі з выкарыстаннем беларускай мовы, а таксама прагнозамі на бліжэйшыя 10 год з «Салідарнасцю» ў Дзень роднай мовы падзяліліся вядомыя беларусы.

Алег Трусаў: “На выбарчы ўчастак прыйшоў чалавек з сякерай, абураны маім «нацыяналізмам»”

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў прыгадаў, што за час актыўнага карыстання беларускай мовай трапляў у самыя розныя гісторыі:

— У савецкія часы мяне нават забіць хацелі за мову. Я ўдзельнічаў у выбарах. На выбарчы ўчастак прыйшоў нейкі чалавек з сякерай, абураны маім «нацыяналізмам». Але мы размінуліся. Так, за саветамі больш негатыву было. У часы незалежнасці, наадварот, толькі пазітыў. У таксі грошы не бралі пачуўшы мову, а аднойчы ў краму без чаргі прапусцілі, — смяецца Алег Трусаў.

Старшыня ТБМ упэўнены, што моўнае пытанне на 90% знаходзіцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі:

— Такая залежнасць узнікла ў часы Пэчы Паспалітай і захоўваецца дагэтуль. І калі праз дзесяць год шалі гісторыі хіснуцца ў наш бок, зменіцца ў лепшы бок і становішча мовы. Кардынальна стан мовы зменіцца калі на ёй загаворыць улада — пачынаючы з прэзідэнта, лічыць старшыня ТБМ.

— Тады за 2-3 гады мы прыйдзем да сапраўднага раўнапраўнага дзвюхмоўя. А яшчэ праз год дзесяць — гэта сярэдні тэрмін навучання ў школе — мова запануе канчаткова. Беларусы размаўляюць на мове начальства. Я некалькі год быў на кіраўнічай пасадзе ва ўніверсітэце, а дэканы і студэнты там дагэтуль гавораць на мове. Хоць я нікога не прымушаў. Сам прынцыпова размаўляю па-беларуску з 1982-га.

Алег Трусаў перакананы, што і рускую мову беларусы не забудуць, і англійскую будуць вучыць. Бо з часоў ВКЛ прэстыжна ведаць некалькі моваў апроч роднай.

Дарэчы, 3 сакавіка ў офісе Таварыства беларускай мовы (Мінск, вул. Румянцава, 13, ст. метро «Плошча Перамогі») адбудзецца арганізацыйны сход і пачатак бясплатных штотыднёвых заняткаў па беларускай мове, гісторыі, інфарматыцы і іншых прадметах для школьнікаў 7—9 класаў. Пачатак а 17-й.

Уладзімір Арлоў: “Мне не хапіла мужнасці адмовіцца”

Пісьменнік Уладзімір Арлоў упэўнены, што беларуская мова будзе жыць і заваёўваць новых і новых прыхільнікаў.

— Праз 10 гадоў мой зусім малы яшчэ ўнук Ясь будзе размаўляць з бацькамі і мной па-беларуску. Ён будзе вучыцца ў беларускай школе, — перакананы пісьменнік.

Ён прыгадаў гісторыю са студэнцкіх гадоў, калі нерашучасць у моўным пытанні каштавала яму грошай.

— Неяк пасля атрымання стыпендыі я выправіўся з аднакурсніцай у рэстаран «Папараць-кветка». Для пачатку замовіў нам каву. Не зразумеўшы мяне, афіцыянт прынёс бутэльку каньяку з надпісам на этыкетцы «К.В.» Мне не хапіла мужнасці адмовіцца і ў выніку за той паход у рэстаран я выклаў больш за палову сваёй стыпендыі.

Алеся Літвіноўская: “Аднойчы у краме я папрасіла паказаць імбрык з валошкамі…”

Вядучая бясплатных моўных курсаў «Мова нанова» Алеся Літвіноўская кажа пра перспектывы мовы праз дзесяцігоддзе з асцярожным аптымізмам:

— Я так бы не сказала яшчэ два-тры гады таму. Тады я і ўявіць не магла, што на бясплатныя курсы беларускай мовы будуць прыходзіць па 300 чалавек. Гэта людзі розных узростаў, якія дагэтуль размаўлялі толькі па-руску і тут адчулі прыхільнасць і цікавасць да беларускай мовы.

Па словах вядучай «Мова нанова» арганізатары курсаў атрымліваюць лісты і тэлефанаванні з іншых гарадоў і мястэчкаў з просьбамі і прапановамі зладзіць падобныя мерапрыемствы ў іх.

Алеся Літвіноўская трапляла ў кур’ёзныя сітуацыі звязаныя з мовай, але моўных канфліктаў з ёй не здаралася:

— Як правіла гэта класічныя сіуацыі са словамі «гарбата», «сурвэтка». Аднойчы быў выпадак у краме, калі я папрасіла паказаць імбрык з валошкамі. Натуральна, можна было сказаць больш зразумелымі словамі — чайнік с васількамі, такія словы ёсць у беларускай мове.

Часцей за ўсё, па словах Алесі, рэакцыяй на мову з’яўляецца паўза. Афіцыянты ў рэстаранах чакаюць стандартнага запыту па-руску і многім з іх даводзіцца спачатку зразумець, што адбываецца.

— Некаторыя людзі пачынаюць апраўдвацца і гэта можа гаварыць нават пра нейкі комплекс. Кажуць, што даўно вучылі мову, або зусім не вучылі, што яны ўвогуле не адсюль.

Зміцер Вайцюшкевіч: “Няхай каверкаюць, нічога. Мы паправім!”

Спявак і музыка Зміцер Вайцюшкевіч таксама спадзяецца на лепшае.

— Зараз ёсць праблемы з мовай. Хоць да яе і назіраецца ўсплёск інтарэсу — курсы, белмоўны інтэрнэт. Я ўсё ж спадзяюся, што будзе некалі лепш, чым цяпер. І на мове загавораць і чыноўнікі, і міліцыянты. І мова зойме сваё пачэснае месца.

Спявак кажа, што сам яшчэ ідзе па дарозе да мовы:

— Я пакуль яшчэ на гэтым шляху, сам вучуся. Са сваімі дзецьмі я яшчэ не цалкам магу размаўляць на мове. Тым не менш, магу даць параду тым, хто адмаўляецца перайсці на беларускую мову, бо нібыта баіцца каверкаць словы:

— Няхай каверкаюць, нічога. Мы паправім!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)