Политика
Руслан Гарбачоў

«У Глыбокім піналі мяне разок нагамі: «Дзмітрый Вячэслававіч, палучыце, калі ласка!»

З пачаткам прэс-канферэнцыі Змітра Дашкевіча стала зразумела, што амаль усе падрыхтаваныя пытанні бессэнсоўны. Было ўражанне, што сустрэліся людзі з розных светаў. Адказваючы на пытанні былы палiтвязень раз-пораз зрываўся на толькі вядомае яму набалелае.

Пра першыя гадзіны на волі

З’ездзіў да таты. Схадзілі да матулі на могілкі. Прыехалі ў Менск, зайшлі зарэгістравацца. Сення ўначы чакаў, што будуць ламіцца ў дзверы. Воля ў нас умоўная. У нашай краіне цяжка ўвогуле назваць свабоду свабодай.

«У Глыбокім піналі мяне разок нагамі»

Калі чалавек умее размаўляць на «вы», то ўжо лічыцца вельмі культурным і адэкватным супрацоўнікам унутраных спраў. У Глыбокім піналі мяне разок нагамі ў ізалятары. «Дзмітрый Вячэслававіч, палучыце, калі ласка!». Пасля прыходзілі ў камеру і казалі: ну ты ж не будзеш карміць нашых дзяцей. Я кажу: «Рады, што беларуская апазіцыя дапамагае вам карміць дзяцей. Пасля не кажыце, што мы нічога не робім». Але звярталіся на «вы», усе было акуратненька.

«Дваццаць гадоў бальшавізму вельмі на ўсе паўплывалі»

Раней, калі я ездзіў па Беларусі, такой яскравай розніцы паміж усходам і захадам не заўважаў... (Зміцер Дашкевіч сядзеў у Горках, Глыбокім, Мазыры, Гродна – С. ) Гэта такая розніца катастрафічная! Дваццаць гадоў бальшавізму вельмі на ўсе паўплывалі. Наколькі адрозніваецца свядомасць, калі табе даюць загады, калі пінаюць нагамі!

«Калі прыйдзе блатны – гэта ўжо зусім іншы фармат»

У Мазыры ізалятар быў з шклопакетамі. З шклопакетамі, е-мае! Лег на падлогу – так цепленька там ляжаць. Сядзеў бы і сядзеў. Але пайка там проста ніякая была. Можна было пачаць кіпішаваць за ежу, нешта пісаць. Але для супрацьдзеяння гэтаму есць на некаторых зонах каста – так званыя блатныя.

У Горках, напрыклад, людзі баяцца пісаць за зону аб сваей справе. Адміністрацыя кажа блатным: вы толькі не лезце ў сталовую, а нармальна сядзіце ў ізалятарах, у вас там есць курыць, варыць, есці, апранацца. Некаторыя там на матрасах спяць, міліцыянер можа і сала ў камеру прынесці. А астатнім даюць кашулю, і спі пры 10-15 градусах.

Адміністрацыя не можа сказаць зэку: не пішы скаргаў у Дэпартамент выканання пакаранняў. Адміністрацыю не паслухаюць. Але калі прыйдзе блатны і скажа не пісаць – гэта ўжо зусім іншы фармат. Вось праз такую схему зоны і кіруюцца. Я адразу зразумець не мог: чаму людзі не дамагаюцца выканання сваіх правоў. А вось як яно аказалася.

...У Горках адміністрацыя проста камеры адкрывае. Заходзяць гэтыя таварышы і выкалачваюць... Чорная справа робіцца, а адміністрацыя пушыстая.

«Найбольш сумаваў па ежы»

З побытавых рэчаў у турме я найбольш сумаваў па ежы. На зоне даюць яйкі два разы на тыдзень, а ў Гарадзенскай турме не давалі.

З раніцы, напрыклад, вам даюць 400 г супа. З мяснога вылавіць там што-небудзь не спадзявайцеся. Добра, калі там есць капуста ці бульба. Тут жа даюць 200 г кашы. У ей ужо можа быць мяса, а можа і не быць. Добра, калі там не палова вады. Я звычайна зліваў ўсе гэта ў адну талерку і ў мяне атрымоўвалася прыблізна 600 г супчыка.

У шэсць гадзін вам даюць яшчэ 200 г кашы, ну і якіх-небудзь кішак рыбных – гэта нешта страшнае.

У Гародні апошні месяц пачалі даваць па кавалку скумбрыі. Дзе яны яе толькі ўзялі? Калі баландзер не жлаблівы, мог і два кавалкі пакласці.

«Прыкрылі лавачку з цыбуляй»

Асноўная садавіна ў турме – капуста. У Гарадзенскай турме прадавалася цыбуля. Я браў па кілаграмы два цыбулькі, і як Бураціна валіў яе з чорным хлебам. А пасля прыехала праверка з Дэпартамента. «Фу, вы прадаеце цыбулю, гэта антысанітарыя». Усе, прыкрылі лавачку. Вось чым займаецца Дэпартамент, у які пішуць і просяць пра паляпшэнне умоваў і выдачы вітамінаў. Хай клейсцер жрут!

«Афіцыйна напісаць прашэнне аб памілаванні прасілі толькі адзін раз»

Напісаць прашэнне ад памілаванні прасілі шмат разоў. Але было цяжка разабрацца, ці гэта адміністрацыя рабіла па свайму меркаванню, ці зверху быў загад. Больш-менш афіцыйна прасілі толькі адзін раз – у Горках. Гэта была першая хваля вызвалення палітвязняў. Мяне прывялі ў кабінет да начальніка. Ен сказаў: есць інфармацыя, што пойдзеш на волю, толькі напішы прашэнне. Я адмовіўся.

Чаму я напісаў, што падпісаўшы прашэнне аб памілаванні, Саннікаў зрабіў адзіна правільны і магчымы ўчынак у той сытуацыі, а сам не разгледзеў для сябе такі варыянт?

Так як браліся за Саннікава, у гэтай краіне не браліся за нікога. Клянуся. Я шмат што бачыў, але не думаю, што маю права пра гэта гаварыць. Мацней браліся хіба што за Захаранку, Красоўскага і Завадскага.

Аб затрыманні ў снежні 2010-га

Мы сядзелі на адной кватэры, не карысталіся тэлефонамі. Паглядзелі ў вакно: некалькі машын без нумароў. Уключылі інтэрнет: суткі да выбараў, а ніхто не сядзіць. У 2006-м, здаецца, паўтысячы пасадзілі да выбараў. Вырашылі адчаліваць з кватэры, пайшлі ў розныя бакі. Мы ўтраіх адарваліся на тралейбусе, зайшлі ў двары. Убачылі групу з шасці чалавек. Пачуў, як размаўляюць па тэлефоне: «Тут Дашкевіч стаіць, браць?». Я зразумеў, што ўсе падыходзіць да завяршэння. Сказаў Эдуарду (Лобаву) устаўляць сім-карту ў тэлефон і паведаміць пра наша затрыманне. Тут жа двое падыйшлі да нас. Псіхалагічна ў іх добра ўсе адпрацавана. Адзін запытаўся: дай закурыць. Другі: а дзе тут 25 дом. Я думаў, каму адказаць, вырашыў спачатку, што трэба з цыгарэтамі разабрацца. І тут мяне павалілі.

Стала ясна, што ўсе прапала. А тыя двое пачалі крычаць: міліцыя, нас ізбівают, міліцыя! Цырк. Тут жа пад’ехаў бусік і міліцыя разабралася, хто пацярпелы, а хто казел. Нас пагрузілі.

«У Эдуарда Лобава быў залаты ключык ад каморкі папы Карла»

Ці быў у кагосці з нас ледаруб? Я вам так скажу: гэта усе правакацыя. Ніякіх ледарубаў не было. Усе што было ў Эдуарда Лобава – залаты ключык ад каморкі папы Карла. Вы ведаеце, што папа Карла зачыніўся ў каморцы. Мы вырашылі займець дублікат ключыка. У нас было некалькі дублікатаў, адзін з іх і быў у заплечніку Эдуарда Лобава. Шкада, што ў нас не атрымалася скарыстацца ім у 2011 годзе. Мы абавязкова скарыстаемся ім у 2015-м. У нас ужо будзе больш дублікатаў.

«Ні аб чым не шкадую»

Я нікому не жадаў бы прайсці той маразм, які я прайшоў. Але я ні аб чым не шкадую, усе рабіў бы так як і зрабіў.

«19 чысла ніхто за ўладай не прыйшоў»

Кажуць: вось не спрацавала стратэгія ўзяць уладу 11 кандыдатамі. Праблема не ў тым, што яна не спрацавала, а ў тым, што ніхто і не браў гэтую ўладу! 19 чысла за ей ніхто не прыйшоў. Быў адзін чалавек, які 19 снежня выказаў жаданне кіраваць гэтай краінай далей. Прыйшлі на Плошчу, каб тры гадзіны казаць пра караблі, якія бараздзят прасторы опернага тэатра? Нам 20 гадоў пра гэтыя «караблі» распавядаюць. Нашто ў мікрафон пра гэта тры гадзіны?

19 чысла народ павінен быў вяртаць сабе ўладу. Калі 30 тысяч лічаць, што ў народа забралі Дом ураду, мне падаецца лагічным, што яны павінны прыйсці і вярнуць яго. Калі прыйшлі вярнуць – вярніце. Калі сабраліся пагаварыць пра «караблі» – напішыце 18 чысла: мы збярэмся, каб тры гадзіны казаць пра «караблі». А прыйшлі, пашкрабалі – чаго шкрабаць? Ці бяры, ці сядзі дома.

(Звяртаецца да Насты Дашкевіч) Заўтра атрымаем папярэджанне пракурора? (смяеццаС. )

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)