Комментарии
Андрэй Дынько, «Наша Ніва»

Чаму выехаў Булгакаў?

Пішаш гісторыю? Пішы! Спяваеш? Спявай! Але як толькі ў цябе Лукашэнка на вокладцы, па табе ўдараць.

Былы галоўны рэдактар часопіса Arche выездам за мяжу адрэагаваў на справу, якую вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў. «Гэта быў занадта вялікі псіхалагічны ціск для мяне. Я часова вырашыў ад’ехаць», — сказаў ён.

Як можна меркаваць, пытанні да Булгакава выкліканыя не ўласна часопісам, а кнігамі.

А менавіта выданнямі палітычнага характару, што распаўсюджваліся ў Беларусі ў апошні час. Спецслужбы сканфіскавалі больш за 5000 асобнікаў кніг, што выйшлі пад рэдакцыяй Булгакава. Пераважна гэта слоўнікі, гістарычныя і літаратуразнаўчыя выданні. Аднак сярод іх ёсць паліталагічныя тамы — яны, здаецца, і выклікалі агонь. Стралялі ў палітыку, а папалі ў культуру.

Справа Булгакава паставіла пад пагрозу сам выхад Arche. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заблакаваў рахунак выдання.

Беларускае тэлебачанне прысвяціла гэтай справе два сюжэты. «Сумнеўная літаратура з прэтэнзіяй на экстрэмізм» — так ахарактарызаваў выданні часопіса Arche журналіст Аляксандр Вярбіцкі.

Атакі на Arche выклікалі грамадскае абурэнне. Людзі бачаць за ўсім гэтым спробу задушыць яшчэ адно з нешматлікіх выданняў на беларускай мове, прычым высокаінтэлектуальнае. Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала да кампаніі салідарнасці. Публікацыі ў абарону Arche з’явіліся ў шматлікіх інтэлектуальных выданнях Еўропы, уплывовая нямецкая газета «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг» прысвяціла справе каментар.

Гэтая тыповая для нашага часу гісторыя — узгадаем ад’езд прафесара Вардамацкага, журналістаў «Хартыі-97», кіраўнікоў Свабоднага тэатра. Усе яны аказаліся пад ударам праз сваю ўцягненасць у палітыку.

Зміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі выбралі турму перад эміграцыяй.

Палітвязні застаюцца ганебнай плямай на рэпутацыі лукашэнкаўцаў. Але і адток з краіны мазгоў — не меншая ганьба для ўладаў, і зло для нацыі.

Ці магчыма культурная дзейнасць зя мяжой? Згадайце, што ў эміграцыі тварылі Бродскі, Гамбровіч, Кундэра, Форман. Але! Тут адно вялікае беларускае але! І ў Бродскага, і ў Формана не было пытання з мовай.

Ад эміграцыі ці неэміграцыі сотні інтэлектуалаў лёс чэшскай, польскай і расейскай мовы ніяк не залежаў. А ў Беларусі ён залежыць менавіта што ад соцень людзей. Дзяржаўная традыцыя, гістарычная навука, Arche, што хочаце — усё гэта можна захаваць у эміграцыі. Але мова як жывы арганізм можа захавацца толькі там, дзе ёсць крытычная маса яе носьбітаў. А крытычная маса носьбітаў мовы можа быць толькі ў Беларусі. Як паказвае вопыт, маленькія Беларусі за межамі гістарычнай радзімы не трымаюцца даўжэй за адно пакаленне, якія б шчырыя людзі іх не стваралі.

А мы тут, унутры краіны, на жаль, вельмі блізка калыхаемся ад той крытычнай колькасці носьбітаў.

І не толькі ў мове справа: грамадзянская супольнасць, гэтая аснова сацыяльнага прагрэсу ў высокаразвітым грамадстве, таксама можа быць створаная толькі ўнутры краіны.

З аднаго боку, вырашэнне беларускіх нацыянальных праблем праходзіць праз сферу палітыкі. Гэта ўсё пытанні ўлады і дзяржаўнай волі: чыя ўлада, таго і вера. З другога боку, аўтарытарны рэжым тым і розніцца ад дэмакратычнага і таталітарнага, што пры ім дазваляецца ўсё, акрамя таго, што нясе непасрэдную пагрозу гэтай уладзе. Пішаш гісторыю? Пішы! Спяваеш? Спявай! Перакладаеш? Перакладай! Крытыкуеш? Крытыкуй! Але як толькі ў цябе нерэтушаваны Лукашэнка на вокладцы, па табе могуць ударыць.

Мы можам лічыць такія стандарты шкоднымі для будучыні нацыі. Яны могуць абураць. Гэта зусім не тое, што мы бачым па той бераг Буга і Нёмана. Але гэта рэальнасць.

Мы не першыя, хто сутыкаецца з такім выклікам. У «Нашай Ніве» пачатку ХХ стагоддзя, у газеце Купалы і Луцкевічаў, не было ніводнага крытычнага слова пра цара. Аніводнага.

Сістэму крытыкавалі, цара — не. Такі быў час.

Драма Arche — гэта балючы напамін усім, якая тонкая мяжы культуры і палітыкі ў цяперашняй Беларусі. Як толькі ступаеш у зону палітыкі, рызыкуеш мець праблемы. Гэта трэба ўлічваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)