Скандалы
Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Вялікі канцэрт «Палаца» нечакана адменены

Канцэрт гурта «Палац» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з нагоды 20-годзьдзя нечакана адменены. Арганізатары вышуманыя вяртаць гледачам грошы за квіткі, якія былі разабраныя яшчэ за два тыдні да пачатку дзеі.

Музыканты гурта «Палац», якія рыхтавалі да канцэрту 26 кастрычніка адмысловую праграму «Песьні любові і мудрасьці», выглядаюць разгубленымі. Для іх гэты выступ быў вельмі важным. Па-першае, ён прысьвечаны 20-годьдзю гурта, а таму запрашэньні на яго атрымалі тыя, хто так ці інакш спрычыніўся да гісторыі каманды.

Па-другое, «палацаўцы» рыхтаваліся прадставіць у гэты дзень адразу два новыя рэлізы – музычную прыпавесьць «Салдат-доктар» і сьвежы студыйны альбом «Кола грукатала». Да ўсяго, квіткі на канцэрт былі раскупленыя яшчэ за два тыдні да пачатку.

Афіцыйнай прычынай называецца тое, што «па абставінах, незалежных ад адміністрацыі тэатру і музыкантаў гурта «Палац», паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзеньне мерапрыемства стала немагчымым». Аніякай больш канкрэтыкі не паведамляецца. Адзінае, што змагла зрабіць адміністрацыя тэатру, дык гэта папрасіць у гледачоў прабачэньня. Лідэр гурта Алег Хаменка зазначыў парталу Tuzin.fm: «Я і мае паплечнікі нічога камэнтаваць ня хочам і нам няма за што прыносіць прабачэньні. Пакінем гэту сытуацыю без камэнтароў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)