Общество
Анастасія Зелянкова

«Пакуль чуюць толькі тых, хто абяцае каўбасу»

Пачаў сваю дзейнасць Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Сваёй галоўнай мэтай яго заснавальнікі, у ліку якіх вядомы гісторык прафесар Анатоль Тарас, ставяць вывучэнне і прапаганду айчыннай гісторыі і культуры, але з падкрэсленым прабеларускім ухілам.

Пра планы і дасягненні, а таксама пра тое, як выхаваць у беларусаў нацыянальную самасвядомасць, стваральнікі Інстытута расказалі падчас прэзентацыі ў Мінску.

— Мы пачалі працаваць значна раней: выдавалі кнігі ў серыі “Невядомая гісторыя”, гістарычны альманах “Дзяды”, наладзілі чытанне лекцый для грамадскасці ў розных гарадах, распрацавалі сайт, — патлумачыў падчас прэзентацыі дырэктар Інстытут беларускай гісторыі і культуры Віктар Яўмененка. — Трэба было аб’яднаць усе нашы праекты пад адзіным кіраўніцтвам. Зараз мы можам пачаць дзейнічаць афіцыйна. Інстытут быў зарэгістраваны ў Рызе, але ўся дзейнасць яго будзе ажыццяўляцца ў Беларусі

Стваральнікі інстытута не хаваюць, што галоўнай мэтай ставяць папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры. Прычым з падкрэсленым прабеларускім ухілам.

— Мы займаемся прапагандай прабеларускага пункту гледжання. Каб людзі маглі даведацца, якая яна Беларусь, і што за слаўная нацыя – беларусы, — адзначае Віктар Яўмененка.

— Ёсць розныя падыходы да фарміравання нацыянальнай свядомасці, — лічыць гісторык Анатоль Тарас. — Адны кажуць: будзе мова – будзе нацыяналізм. Аднак, як мы бачым, гэты падыход не спрацоўвае. Мы лічым, што трэба пачынаць з гісторыі. Мы займаемся менавіта прапагандай гісторыі. Адгэтуль выхоўваецца свядомасць. Без яе ніякія высокія ідэі, з якімі ідзе апазіцыя, не будуць пачутыя. Пакуль чуюць толькі тых, хто абяцае каўбасу. А мы збіраемся даць ідэю.

Стваральнікі Інстытута падкрэсліваюць, што шмат праектаў ужо знаходзіцца ў распрацоўцы. Так, у бліжэйшы час будзе створана Таварыства аматараў айчыннай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага, якое ставіць на мэце аб’яднаць усіх аматараў гісторыі і людзей, здольных абуджаць іншых да вывучэння. Плануецца таксама выхад анлайн-перадач для інтэрнэт-аўдыторыі, дзе будуць разглядацца цікавыя і невядомыя старонкі гісторыі. Два разы на год арганізатары збіраюць наладжваць канферэнцыі, на якіх будуць абмяркоўвацца не толькі гістарычныя, але і грамадска-палітычныя пытанні, які цікавяць грамадства. Дарэчы, адна з такіх канферэнцый — “Формирование белорусской идеологии: объединяя расколотое” — ужо запланавана на кастрычнік.

У далёкай перспектыве Інстытута – стварэнне Школы сацыяльна-культуралагічных навук для паслядыпломнай адукацыі грамадзян, а таксама стварэнне ўласнай сістэмы ўзнагарод (дыпломы, значкі) для тых людзей, якія ўвайшлі ў беларускую гісторыю і зрабілі значны ўнёсак у яе.

Не адмаўляюцца стваральнікі Інстытута і ад ранейшых праектаў. Пад яго эгідай ужо пабачыла свет новая кніга з серыі “Невядомая гісторыя”. Гэта раман Францішка Аляхновіча “В когтях ГПУ” ў перакладзе на рускую мову Анатоля Тараса. У кнізе сабрана больш за 100 унікальных фотаздымкаў, падаюцца артыкулы пра аўтара.

Падчас прэзентацыі Анатоль Тарас успомніў, які лёс напаткаў яго ранейшыя выданні. Так, напрыклад, самай скандальнай кнігай, па словах гісторыка, стала «Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой», а інтэрв’ю, дадзенае пасля яе выхаду “Салідарнасці”, трапіла нават на сайт дзярждэпу ЗША. Цэлую дыскусію ў друку выклікала інтэрв'ю па выхадзе кнігі «Партизаны СССР: от мифов к реальности». А кніга «Беларусь – превыше всего» зацікавіла нават Мясніковіча.

— Мне патэлефанавала сакратар прэм'ера і сказала, што Мясніковіч зацікавіўся кнігай, — расказаў Анатоль Тарас. — На што я адказаў, што не ведаю асабіста прэм'ера, а незнаёмым людзям я кніг не дару. І параіў, дзе можна яе купіць.

На пытанне, ці не баіцца ён недабразычліўцаў, Анатоль Тарас адзначыў:

— Не трэба палохацца, трэба проста рабіць сваю справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)