Спорт
Павел Свярдлоў, Еўрарадыё

Будучы Аляксандр Глеб збівае каленкі аб жалязякі (фота, відэа)

А будучы Аляксандр Гутар за трэніроўку 5 разоў падае на асфальт. У цэнтры Мінска футбольная школа дагэтуль трэніруе дзяцей... на асфальце.

Самы знакаміты беларускі футбаліст Аляксандр Глеб так і не здолеў высветліць, куды падзеліся грошы, прызначаныя для яго першай спартовай школы.

― Нічога не магу сказаць, хаця я гэтым цікавіўся, ― з сумам распавядае Еўрарадые Аляксандр Глеб. ― Вельмі хацелася б, каб у школе паклалі поле. Бо сродкаў, пералічаных “Арсеналам” і “Барселонай”, было сапраўды дастаткова, каб стварыць для дзяцей добрыя ўмовы. Але ўсе сыйшло, як у сухую зямлю. Бясконцыя адгаворкі: тут не тое, гэта не тое. Крыўдна за школу і за дзяцей.

Адсотак ад кожнага трансфера заўжды пералічваецца школе, дзе футбаліст пачаў трэніравацца. Ад Аляксандра Глеба спартоваму таварыству “Дынама” дасталося 600 тысяч еўра! 284 тысячы пералічыў “Арсенал”, прыкладна столькі ж ― “Барселона”.

Але ў дынамаўскай спартовай школе №3 дзяцей дагэтуль трэніруюць... на асфальце! З ямінамі, дарожнымі латкамі і каналізацыйнымі люкамі.

Тут займаецца 26 груп. Агулам 321 хлопчык.

― Мы тут даўно гуляем. Прызвычаіліся ўжо! ― паціраючы абадраныя локці, кажуць “дзеці асфальта”. Бачна, што на гэтым полі яны наўмысна імкнуцца гуляць вельмі пяшчотна.

Трэніроўка звычайна пачынаецца з размінкі і адпрацоўкі тэхнічных элементаў. Другая палова заняткаў ― футбольны спарынг. Цяжэй за ўсе, натуральна, даводзіцца варатарам: маленькі Яраслаў за гульню падае на асфальт разоў пяць, не менш!

Пяцікласнікі, як пра баявыя раны, з гонарам распавядаюць пра свае першыя траўмы:

― Памятаеш, ты чатыры разы за адну трэніроўку ўпаў. І яшчэ галавой ударыўся!

― Тут вельмі проста ўпасці. Не трэба нават падножак, проста гульнявы момант. Паслізнуўся, ці корпус паставілі табе...

На мясцовым асфальце пачыналі гуляць тры футбалісты сенняшняй алімпійскай зборнай Беларусі: варатар Аляксандр Гутар, паўабаронца Мікіта Букаткін і абаронца Дзяніс Палякоў. Кіраўніцтва школы разводзіць рукамі: як уехалі сюды 30 гадоў таму, перад маскоўскай Алімпіядай, так з тых часоў нічога і не змянялася.

― Мы з вамі можам толькі канстатаваць факты: дзеці б’юць галовы, калені, локці. Але нікому да гэтага справы няма. Гробяць здароўе і ўсе. Школа не мусіць працаваць у такіх умовах! ― з болем кажа трэнер Валянцін Дамашэвіч.

Дырэктар спартовай школы Аляксандр Ляўковіч спадзяецца, што падчас рэканструкцыі стадыена “Дынама”, якая мусіць пачацца ў кастрычніку, на дзіцячае поле пакладуць хаця б штучнае пакрыцце.

Аляксандр Ляўковіч: “Поле ў нас памерам амаль як асноўнае на стадыене “Дынама” ― 90х60 метраў. А асноўнае ― 105х68. Рэгламент патрабуе, каб побач з галоўнай арэнай была запасная ў добрым стане, каб зборная, якая прыязджае гуляць у гасцях, мела магчымасць патрэніравацца, не псуючы асноўны газон. Таму я думаю, што добрае поле на месцы гэтага асфальту ўсе ж такі будзе. Напэўна, старыя трыбуны адсунуць у глыбіню парка, і некалькі кіескаў прыбяруць”.

Каб даведацца, як ідзе справа з рамонтам, іду ў падтрыбунныя памяшканні стадыена “Дынама”. Дырэктар арэны Уладзімір Вільчынскі зараз у адпачынку. У аддзеле па рамонце і эксплуатацыі будынкаў мяне сустракае жанчына... з газонакасілкай у руках! Яна жартам кажа, што ідзе касіць траву на полі. А пасля распавядае, што планаў па рэканструкцыі стадыена дагэтуль няма. Як няма і ўпэўненасці ў тым, што “Дынама” селета пачнуць рамантаваць.

“Па тэлебачанні кажуць, што ў нас тут ужо і дах над стадыенам, і ўсе астатняе. Адны мы нічога гэтага не ведаем! Рэканструкцыя стадыена ўпіраецца ў грошы...”

А грошы за трансферы Аляксандра Глеба, па звестках Аляксандра Ляўковіча, дагэтуль ляжаць “на дэпазіце” спартовага таварыства “Дынама”.

Аляксандр Ляўковіч: “Калі адбываўся гэты перавод, у нас не было самастойнага рахунку для пазабюджэтных грошай. Яны трапілі на дэпазіт у БФСТ “Дынама”. Таварыства нам дапамагае: чатыры разы мы з гэтых грошай ездзілі на турніры ў Францыю, арандавалі палі, каб праводзіць спаборніцтвы ў Мінску”.

Але асфальт застаецца на сваім месцы. А дзеці хутка забываюцца пра пабітыя каленкі і з захапленнем гуляюць у футбол.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)