«Эўропа ўжо ня бачыць будучыні Беларусі з Лукашэнкам»

«Я бачу толькі перамены да горшага», – заявіў міністар замежных справаў Літвы ў адказ на пытаньне радыёстанцыі «Žinių radijas» у які бок сёньня рухаецца Беларусь.

– Асабліва тое, што цяпер адбываецца ў гэтак званым новым заканадаўчым працэсе, дзе ўзвышаецца роля спэцслужбаў і прэзыдэнта, якому яны падсправаздачныя – гэта сьведчыць пра зьмяншэньне грамадзянскіх свабодаў, – упэўнены кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Гэта ўжо, як выглядае, заўважылі і Злучаныя Штаты, і краіны Эўропы, якія ўжо здымаюць ружовыя акуляры і выдзяляюць усё больш скаардынаванай і дзейснай падтрымкі на ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Паводле міністра, Літва ўжо прапануе іншым краінам Эўразьвязу пачаць ствараць «постлукашэнкаўскую» стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю.

– Гэтая своечасова высунутая ідэя мае за мэту паказаць і беларускаму грамадзтву, і кіраўнічай эліце, што Эўропа ня бачыць будучыні гэтага рэжыму ў Беларусі і ўжо рыхтуе новую палітыку дачыненьняў з новай беларускай уладай, – сказаў Аўдронюс Ажубаліс.

Як зазначыў літоўскі міністар, Беларусь адчувае вострую патрэбу ў грашах, таму яна адмаўляецца ад усё большай часткі сувэрэнітэту ў абмен на расейскую падтрымку сваёй палітыкі «атрымліваю і разьмяркоўваю».

Аднак міністар ня ўзяўся прагназаваць, якую частку таго сувэрэнітэту, які ў яе яшчэ застаецца, улада Беларусі гатовая прадаць за магчымасьць працягваць такую палітыку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)