Политика
Руслан Гарбачоў

Зянон Пазьняк: «Настальгія – страшэнная з’ява. Гэта невыносна!»

Як Зянон Пазьняк перажывае эміграцыю, чаму ў 18 гадоў ён уцёк з Масквы, за што яго выключалі з інстытута і чаму ён не стаў акцёрам — «Салідарнасць» прадстаўляе інтэрв’ю з Варшавы з легендай беларускай палітыкі.

– Зянон Станіслававіч, вы ўжо амаль 15 год па-за Радзімай. Настальгія ня мучыць?

– Настальгія – гэта першае, з чым трэба навучыцца змагацца на чужыне. Мне асабліва цяжка было першыя гады, недзе да 2000-га.

Настальгія – страшэнная з’ява. Як цела баліць, мы усе ведаем. А гэта боль душы. Гэта невыносна! Ніякія словы не перакажуць, што гэта такое. Час спыняецца. Успаміны, галасы, карціны Бацькаўшчыны апаноўваюць тваёй душой і ты ня можаш ні пра што іншае думаць, ня можаш нічога рабіць…

Дык вось, трэба не дапусціць, каб гэтае мінулае валадарыла над табой, каб гэтыя карціны цябе захоплівалі ў аблогу, каб гэты рай, што застаўся там, не ўзяў цябе ў палон. Бо яго няма. Гэта ілюзія. Гэта проста баленне тваёй душы. Самае небяспечнае, што ў гэтай ілюзіі хочацца быць, існаваць, яна зацягвае, як спевы сірэн, але ў іх – канец.

Мая жонка Галіна хадзіла ў Варшаве на вакзал, каб проста ўбачыць цягнік адтуль. Гэтага нельга было рабіць. Мне кожны дзень прыходзілася праяўляць сілу волі, каб давесці сабе пра што нельга думаць, і чаго не рабіць! Калі з гэтым не справіцца, яно можа знішчыць чалавека. На настальгію пакутуюць многія, не разумеючы яе прыроды, я назіраў, як некаторых людзей яна ператварыла ў руіны.

Фота Юліі Дарашкевіч («Наша Ніва»)

– Што дапамагло вам перамагчы?

– Перш за ўсё сіла волі. Па-другое, у мяне ёсць шчаслівая магчымасць ездзіць на Віленшчыну, сваю Бацькаўшчыну. Калі ў 1997 годзе я першы раз прыехаў туды з Амерыкі, адчуў у душы найвялікшае шчасце. Які гэты пах! На Радзіме пахне па іншаму! Якое шчасце адчуваць гэта! Бачыць гэту траву, бачыць гэты пыл, гэтае неба…

Бачыце, я нават не кажу ў гэтай сітуацыі пра быт. У эміграцыі вельмі цяжка выжываць.

– Дзе вы жывеце?

– У Варшаве здымаю кватэру.

– Ваша маці зараз жыве ў Менску?

– У Менску. Зараз яна вельмі хворая, амаль страціла слых. Калі яна яшчэ мела здароўе, прыязджала да мяне, мы бачыліся ў 1998-м. А пасля інсульту, калі ёй стала цяжка хадзіць, гэта стала немагчымым.

– У вас на фронце загінуў бацька. Ці адчувалі вы ў дзіцячыя гады недахоп аўтарытэту?

– У дзяцінстве ў мяне было ўсё: матчына ласка, добрае асяроддзе і аўтарытэты. Найвялікшым аўтарытэтам быў бацька – дамаглася гэтага маці. Яна заўсёды прыводзіла прыклад бацькі: што бы ён рабіў, як бы ён радаваўся, калі б я вось гэтак зрабіў... Яго дух быў дома.

Усё было сваё – куды не пойдзеш, сустрэнеш свайго чалавека. Моладзь тады не з’язджала ў гарады, мястэчка (мястэчка Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласці – Р.Г.) было перапоўненае, было сваё асяроддзе, свае традыцыі. Чужых не было. Чужыя з’явіліся пазней, у 50-я гады. Гэта былі людзі з Усходу, і яны былі зусім іншымі. Яны не хадзілі ў касцёл, яны пілі гарэлку, яны лаяліся матам. Мы іх не разумелі і не ўспрымалі.

– Гэта вы кажаце пра расейцаў ці беларусаў з Усходу?

– Пра тых, хто гаварыў па-руску – іх было цяжка адрозніць (у дзяцінстве мы па-руску не разумелі). Канешне, бальшыня з іх былі беларусы з БССР, і ў прынцыпе людзі не благія, але мясцовыя называлі іх «саветамі».

– Вы былі камсамольцам?

– Калі я сканчваў 10-ты клас, то дырэктар школы сказаў: калі я не ўступлю ў камсамол, то не атрымаю атэстат сталасці. Я напісаў заяву і фармальна ў камсамол уступіў. Але адразу ж як паступіў у інстытут, выкінуў камсамольскі білет.

– Чаму не хацелі ўступаць у камсамол?

– Гэта ж залежнасьць, дурнота, чужая ідэалогія, камунізм.

– Вы ў той час гэта разумелі?

– Гэта ў нас на Віленшчыне разумеў кожны чалавек, кожнае дзіця. Там тады грамадства было такое. У піянеры дзяцей прымушалі ўступаць настаўнікі. У нас у класе з 40 вучняў было толькі недзе 7 піянераў – дзеткі настаўнікаў і начальнікаў (гэта 1951-53 гг.). Калі некага прымусілі, дык ён не насіў гальштук. А калі насіў – то бывала, што дзеці яго білі (казалі: «здымі, дурань, а то прыдуць немцы і на гальштуку павесяць»).

– Вы з дзяцінства адчувалі ў сабе лідэрскія якасці?

– З дзяцінства мне было непрыемна змушаць да нечага чалавека, дыктаваць яму сваю волю, біць яго. Але як правіла дзеці гуртаваліся вакол мяне. Само сабой так атрымлівалася. Я выдаваў ініцыятывы, прыдумваў, што можна зрабіць… Увогуле дзіцячыя гады ўспамінаюцца мне як сфера ўсепаглынаючага дабра.

Дарэчы, упершыню я адчуў настальгію на кароткі перыяд у 18 гадоў. Калі паехаў у Маскву і два тыдні жыў у чужым для сябе горадзе – марыў паступаць на зорную астраномію, якой тады захапляўся, гэтак жа як фатаграфіяй, тэатрам і кіно.

А там жа, у той Маскве, зусім іншыя людзі, гыркаюць, злуюцца, ніхто ні ўсьміхаецца, усе некуды сьпяшаюць, бягуць, як жару ўхапіўшы. Мне пачала мроіцца Беларусь, стала балець душа і ўсё цела, успаміналіся нават пахі Айчыны, нібы таму ваўку ці сабаку. Яшчэ трохі і здаецца б завыў – так было блага.

Я ўсё кінуў, паехаў на вакзал, узяў білет у агульны вагон, бо іншых не было, і 18 гадзін ехаў стоячы. Як да Смаленску даехаў мне быццам неякае цяпло зайшло ў душу, стала добра і спакойна.

Але тады, дзе б я ня быў, можна было вярнуцца ў Беларусь. Зараз такой магчымасці не існуе: схапілі б на мяжы згодна загаду. Я пра гэта ўжо шмат казаў, у тым ліку пра прыклады Захаранкі і Ганчара.

Фота з кнігі «Глёрыя Патрыя»

– У Тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску адчувалі ўціск з-за сваіх поглядаў?

– Камуністы, што былі пастаўлены на чале інстытута, не разумелі псіхалогіі студэнтаў, таму мінімальна ўплывалі на іх. Гэта быў асаблівы інстытут, мастацкая вольніца, студэнты жылі сваім жыццём. Але самых актыўных, канешне, выключалі. Мяне выключалі двойчы.

– Двойчы?!

– Так, двойчы.

– Як вас выключылі першы раз?

– Гэта быў другі курс. Выключылі мяне па ініцыятыве парткама. Па майстэрству акцёра я ішоў на выдатна (ставілі нават у прыклад), але паколькі палітычна студэнт аказаўся недабранадзейным, то пасля некалькіх канфліктаў камуністы хуценька далі рады. Паставілі нездавальняюча па профільнай дысцыпліне і «гуд бай» – выключылі.

Як толькі я перастаў быць студэнтам, то адразу ж пазбавіўся інтэрната. А на вуліцы зіма. Я паспрабаваў уладкавацца на працу – нідзе не прымаюць, усюды былі парткамы. Я апынуўся ў бязвыхадным становішчы. Ехаць дадому было для мяне немагчымым – шкадаваў маці. Яна ўсё жыццё ня ведала, і да гэтага часу ня ведае, што мяне двойчы тапталі ў інстытуце. Яны здзекваліся на да мной, а навошта, каб маці перажывала?

Зіма, мароз, грошай ніякіх, работы ніякай, і начаваць няма дзе! У інтэрнаце ж стаяла ахова… Што мы рабілі з сябрамі? Яны заходзілі на другі паверх інтэрната. Першы звешваўся праз вакно з лесвічнай пляцоўкі уніз, другі трымаў яго за ногі, я хапаўся рукамі за рукі першага. І мяне цягнулі ў калідор!

Такім чынам нейкі час я спаў у сяброў. Зазнаў пачуццё голаду. Грошай не было абсалютна, не было чаго есці. І гэты голад працягваўся ні дзень, ні два, а месяцамі!

Пасля змог неяк уладкавацца рабочым сцэны опернага тэатру, працаваў фатографам. Так зіму і пратрымаўся.

– Але як вас аднавілі ў інстытуце?

– Я не проста шукаў працу, я змагаўся. Лічыў сваё выключэнне несправядлівым, таму і да Максіма Танка хадзіў і да іншых. У выніку сваёй упартасцю дамогся таго, што мне дазволілі здаваць экзамены на мастацтвазнаўчы факультэт.

– А да гэтага вы на якім былі?

– На акцёрскім. Але акцёрам я бы ўсё роўна ня быў, нягледзячы на тое, што ў мяне былі ўсе дадзеныя, у тым ліку і знешнія, і ўсё добра йшло. Гэта было не маё – акцёр несвабодны чалавек, а я не любіў падпарадкоўвацца дурням.

Паступіў на мастацтвазнаўчы факультэт, але голад працягваўся. Неяк сядзеў стомлены, і кроў з носу як хлынула на канспекты! Выкладчык сказаў: «Выйдзіце». Я адказаў «Прабачце, я вінаваты» і выйшаў з аўдыторыі...

За што Зянона Пазьняка звальнялі з працы, як ён ствараў самвыдат і абараняў ад разбурэння Верхні горад і Траецкае прадмесце – чытайце ў другой частцы інтэрв’ю на «Салідарнасці» на наступным тыдні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)