Спорт

Паўночная Карэя: выжыць пасьля футбола ўжывую

Вугальныя шахты і сваякі як нематэрыяльныя метады матывацыі, інфармацыйны прарыў па-кімчэнірску, прабачэньні азіяцкага Руні і прагляд футбола за півам разам з сям'ёй паўночнакарэйскага варотчыка ў гістарычны для расколатай надвое нацыі дзень - у матэрыяле паводле інфармацыі аўтараў Х'юнь-Джын Кіма і Джын Лі агенцтва Associated Press у мастацкай апрацоўцы Дзяніса Талпекі.

Вядомая ўсім як самая закрытая краіна планеты Паўночная Карэя, ці для яе жыхароў – Карэйская Народная Дэмакратычная Рэспубліка, абрала ня лепшы момант дазволіць сваім грамадзянам убачыць крыху больш знешняга свету.

Аўтарытарны рэжым настолькі распірала ад гонару ад гульні нацыянальнаяй каманды ў першай сустрэчы чэмпіяната супраць Бразіліі, што ён пайшоў на беспрэцэдэнтны крок -- дазволіў свайму народу убачыць матч з партугальцамі ў наўпроставым эфіры. Разам з сотнямі мільёнаў жыхароў планеты.

У паўночнакарэйцаў (спадзяемся, што яны ня будуць злавацца на нас, што мы назавем іх гэтак) развілі звычку бачыць толькі пазітыўныя навіны аб сваёй краіне і яе жыхарах. Але у той дзень для іх была падрыхтавана ўжо зусім іншая гісторыя... «Еўрапейскія бразільцы», як называюць пірэнейскую дружыну ў футбольным свеце, сталі тварцамі самай буйной перамогі на гэтым турніры, адной з найбуйнейшых у гісторыі спаборніцтваў і пазбавілі карэйцаў шанцаў на "запланаваны" лідэрам краіны Кім Чэн Ірам "чарговы цуд" - прасоўванне ў наступны раунд.

Пасля паразы 0-7 адзіны карэйскі канал адразу скончыў трансляцыю, перайшоўшы да рутыннага агляду чарговага цяжкага і, нягледзячы ні на што, шчаслівага панядзелка ў краіне на поўначы Карэйскай паўвыспы. "Партугальцы перамаглі. Зараз у іх чатыры ачкі, - рапартаваў каментатар цэнтральнага вяшчання. - На гэтым мы заканчваем прамую трансляцыю".

І пабеглі больш звычайныя воку карцінкі: рабочыя і інжынеры ды амаль несупынная хвала ў бок лепшага чалавека ў свеце Кім Чэн Іра.

Разбітая і прыгнечаная паўночнакарэйская каманда тым часам хутка пакідала поле стадыёна ў Кейптаўне з апушчанымі долу вачамі.

...Яны ведалі, які гэта для КНДР дзень

І, магчыма, здагадваліся, і, вядома, думалі аб тым, якія будуць іх дні пры вяртанні на Радзіму.

Зорны форвард Чон Тхэ Се, калі прагучаў фінальны свісток, упаў на калені. Пасля ён сказаў, што вельмі засмучаны, што каманда зрабіла занадта шмат памылак і папрасіў прабачэння ў сваёй нацыі за няспраўджаныя надзеі. Звычайна гаваркі Чон пазней хуценька прашмыгнуў праз задні выхад арэны.

Партугалец Ціага, які забіў двойчы ў гэты вечар, пажадаў поспехаў карэйцам у гульні з івуарыйцамі, але прызнаўся, што не шкадаваў пра шматлікія прабоіны, якія былі нанесены супернікам яго партнерамі і персанальна ім: кожны гол яго каманды набліжаў партугальцаў да выхаду ў 1/8 фінала.

"Гэта проста футбол", - сказаў ён.

Але гэта не проста гульня для Паўночнай Карэі, дзе жабрацкі народ змагаецца кожны дзень за шчасце пракарміць свае сем'і. Калі, праз 44 гады пасля першага і да гэтага году адзінага разу калі паўночнакарэйцы гулялі на чэмпіянаце свету, гульцы каманды мінулай восенню здабылі квіток у Афрыку, іх ушаноўвалі па вяртанні дадому, як герояў.

Футбол у Карэі - самы папулярны від спорта. Але яшчэ больш істотна, што гульня мае самага вядомага ў краіне фаната - Кім Чэн Іра.

Кіраўнік КНДР, якому зараз 67 гадоў, у 1966-м годзе, па словах былога трэнера нацыянальнай футбольнай каманды Мун Кі Нама, выкарыстаў поспех той каманды для павелічэння свайго палітычнага капіталу. З відавочна акрэсленай мэтай – праз некаторы час узяць на сябе цяжар лідэра нацыі ад свайго бацькі Кім Ір Сэна.

Вядома, паспявае лідэр нацыі кіраваць футбольнымі працэсамі і зараз. У красавіку да выезду на зборы перад ЧС-2010 ён даў "падрабязныя кіруючыя ўказанні", як сказаў адзін з прадстаўнікоў афіцыйнай паўночнакарэйскай дэлегацыі ў Паўднёвай Афрыцы.

За жывы футбол!

Таталітарны рэжым дазваляе жыхарам сваёй краіны глядзець адзіны дзяржаўны тэлеканал. У КНДР забаронены прыём замежных FM-радыёстанцый. Доступ да замежнай часткі інтэрнэту дазволены толькі нацыянальнай эліце. Такія інфармацыйныя «краявіды» – тыповая будзённасць сыноў Кімавых.

Але ў ізаляванай краіне, дзе ідуць распрацоўкі ў галіне ядзернай энэргетыкі, з-за чаго яна ўважліва і пільнуецца вядомымі ўсім абаронцамі сусвету ды якую апошні раз узгадвалі, калі ў сакавіку затануў паўднёвакарэйскі ваенны карабель, дзякуючы футболу гэтым летам здарыўся сапраўдны інфармацыйны прарыў.

І гэта не перабольшванне. Футбол робіць цуды і зараз. Калі ў ім усё менш рамантыкі, а пануе прагматызм.

Адліга па-паўночнакарэйску уключае ў сябе беспрэцэдэнтна шырокае асвятенне чэмпіянату свету. Дзяржаўнае тэлебачанне ў запісы ўжо паказала шэраг гульняў цалкам. Прычым і сустрэчу галоўных ідэалагічных канкурэнтаў - паўднёвых суседзяў.

"Сыны Кімавыя" маюць магчымасць паказваць найбуйнейшую падзею ў свеце ў наўпроставым эфіры ўжо некалькі гадоў. Але не робяць гэтага. Аказваецца, і ў футболе прысутнічаюць элементы, якія ну аніяк не спалучаюцца са шляхам да светлай будучыні сапраўднага камуніста.

Так, у мінулым гульні ЧС паказваліся таксама. Але час ад часу... праз некалькі тыдняў пасля іх заканчэння. У 2002-м і 2006-м гадах уладар правоў на паказ гульняў з Паўднёвай Карэі, ідучы па абраным тады шляху да аб'яднання нацыі, у якасці чарговага кроку да збліжэння падараваў братам-канкурэнтам "жывы" футбол. Але ганарлівыя суседзі абралі менш небяспечны для маральнага здароўя народу варыянт, паказаўшы футбол у запісы. Прычым не гульні цалкам, а толькі іх урыўкі ды агляды.

На гэты раз футбольныя міжкарэйскія перамовы па збліжэнні нацыі пачаліся яшчэ ў мінулым годзе, але былі спынены з-за таго самага затанулага карабля і ўзнікшай нарастаючай напружанасці ў адносінах карэйцаў поўначы і поўдня. Як вынік, тэлевізійная кампанія Паўднёвай Карэі SBS, маючы правы паказваць футбол на ўсю Карэйскую паўвыспу, паведаміла, што не мае планаў пасылаць футбольны сігнал далей за паўночную мяжу краіны.

І толькі перад самым стартам ЧС-2010 размешчаны ў Малайзіі "Азіяцка-Ціхаакіянскі тэлевізійны саюз" прапанаваў паўночнакарэйцам трансляцыі, не патрабуючы аніякай платы. Малазійцы - не заклятыя "паўднёвікі". Таму пагадненне з імі аб паказе футбола адпавядала ідэалагічнай мадэлі і ўсё ж было заключана.

Прыкладна праз суткі пасля таго, як карэйцы стартавалі ў ПАР, краіну адразу пасля рэпартажу аб гульні з Бразіліяй чакаў сапраўдны падарунак. Гледачам дзяржаўнай тэлевізіі Пхеньяна паведамілі, што сустрэча супраць Партугаліі - каманды, якая перакрэсліла мары мэтанакіраванай ганарлівай краіны стаць лепшымі ў свеце і ў футболе ў 1966-м годзе - будзе паказана ўжывую.

21 чэрвеня 2010 года ўвойдзе ў гісторыю тым, што ў гэты дзень паўночнакарэйскім гледачам іх родная тэлевізія паказала футбол з-за межаў краіны ў наўпроставым эфіры. Невялічкі, але ж важны этап у развіцці краіны, якая фільтруе літаральна ўсё, што паўночнакарэйцы могуць пачуць аб навакольным свеце.

Гэта было зроблена з надзеяй, што спартыўны поспех стане стымулам для далейшага росту нацыянальнага гонару і дасць людзям дадатковых сіл на шляху краіны да хуткай ідэалагічнай перамогі.

На нервах, узрушаны і ўражаны старэйшы брат асноўнага брамніка Ры М'ён Гука са сваякамі ў іх кватэры падрыхтаваліся глядзець гульню звычайным, аказваецца, не толькі для капіталістычнага грамадства чынам - з півам ды закускамі.

"Гледзячы за гульнёй ў наўпроставым эфіры, я адчуваю, што зараз нібыта сам знаходжуся ў Паўднёвай Афрыцы!" - кажа брат Ры М'ён Ір пхеньянскаму агенству навін APTN.

Убачыць футбол і...

Гол Раўля Мерэлеша ў вароты свайго сваяка на 29-й хвіліне сустрэчы ўсе, хто сабраўся ў кватэры, сустракаюць моўчкі.

"Нашы абаронцы не бачылі яго, гэтак нечакана узнікшага нібыта зніадкуль", - каментуе гол голас з "яшчыка", адчуваючы адказнасць моманту і спадзяючыся на светлую будучыню. - Надалей яны павінны быць больш уважлівымі".

У перапынку гледачам паказваюць гістарычныя ўрыўкі мінулых чэмпіянатаў ды лічбавыя вынікі бягучага. Вядома, не абышлося без натхняючай патрыятычнай песні. "Мы любім нашу Краіну больш за ўсё" нясецца з тэлепрыёмнікаў у пераважную большасць кватэр КНДР у той вечар. Дзяржаўнае тэлебачанне не рабіла пад час трансляцыі аніякіх спробаў схаваць тое, што паказвалі камеры з далёкай Афрыкі: ні сцэны натоўпу, ні рэклама спонсараў, якія размясцілі свае шчыты каля стадыёна ды вакол поля, не былі адцэнзураваны.

Пасьля трох чарговых мячэй у вароты карэйцаў у другой палове на працягу некалькіх хвілін у сям'і Ры панавала цішыня. Пасля чацвертага гола усе надзеі на станоўчы вынік зніклі. Фінальны свісток, пасля сямі прапушчаных мячэй, быў сустрэты сваякамі брамніка, здаецца, нават з некаторай палёгкай. Стала відавочна, што глядзець футбол ўжывую можа быць куды больш балюча...

Гульцы каманды пацягнуліся з поля, нават не прыняўшы ўздел у традыцыйным для такіх спаборніцтваў саколка-абмене з партугальцамі.

Гэта ўсё яшчэ «проста футбол»?

Трэнер карэйскай дружыны Кім Чэн Хунь пасля на прэсавай канферэнцыі прызнае свае стратэгічныя памылкі. Карлуш Кейруш суцешыць калегу тым, што праз такія паразы таксама даводзіцца праходзіць у футбольнай кар'еры і трэба навучыцца іх пераадольваць.

Але ж тыя, хто развітаўся з краінай раней, як напрыклад экс-трэнер карэйскай каманды, тлумачаць, што дрэннае выступленне на міжнародных спаборніцтвах прыводзіць да цяжкіх пакаранняў дома. Калі пра футбольную кар'еру можна будзе думаць толькі ў часе мінулым. Напрыклад, пасьля вяртання на Радзіму футбалістаў могуць чакаць "ачышчэнне" (аб тым, хто выканае ролю Бога можна здагадацца) і, магчыма, праца на вугальных шахтах. Як не самы горшы варыянт.

...За дзень да гульні цяперашні карэйскі трэнер журналістаў і ўвесь свет упэўніваў, што ніякіх наступстваў акрамя турнірных магчымыя паразы на турніры для яго каманды мець не будуць: "Часам вы перамагаеце. Часам - саступаеце. Не ўсё ідзе заўсёды так, як хочаш. І магу ўпэўніць усіх, што ніякага пераследу каманды ў выніку няўдачы не будзе".

Магчыма, ён такім чынам супакойваў самога сябе. І сваю каманду. Як сапраўдны капітан, ён пакіне «судна» апошнім у выпадку «ссылкі ў Сібір» па-карэйску. І ўжо прыняў для гэтага меры, прызнаўшы свае памылкі праз лічаныя хвіліны пасля таго, як знік з аб'ектываў тэлекамер у падтрыбунных памяшканнях. Вядома, што ў вечар перад гульнёй Кім Чэн Ір быў вельмі заняты, таму пра яго падказкі на паслягульнявой «прадлёнцы» - ні-ні.

Нягледзячы на буйную паразу, сваякі, супакойваючы сябе і аўдыторыю адзінага ў краіне канала лепшай будучыняй, таксама не крытыкавалі каманду: "Калі яны ўспрымаць урокі сённяшняй гульні і назапасяць больш вопыту ў далейшых гульнях, я цвёрда веру, што яны дасягнуць лепшых вынікаў удалейшым", - кажа Пак Ір, цесць брамніка, рэпарцёрам кампаніі APTN.

Паўабаронца Ан Ен Хак, адзін з двух народжаных у Японіі гульцоў паўночнакарэйскай каманды, сказаў, што настрой у раздзявальні пасля сустрэчы "ня быў добрым".

Але ён ужо глядзеў наперад і быў у думках аб гульні супраць Кот-д'Івуара: "Мы зрабілі шмат памылак, з-за чаго мы праглынулі так шмат галоў, - сказаў ён агенцтву "The Associated Press". - Але мы будзем працаваць як толькі можам і спрабаваць паказаць свае найлепшыя якасці і аддаць усе сілы ў апошняй гульні на турніры".

Магчыма, у паўночнакарэйскіх футбалістаў яшчэ ёсць шанец не патрапіць да канца жыцця на вугальныя шахты. А, можа, нехта з «адзінаццаці сяброў Хуня» будзе спрабаваць рабіць усё магчымае, каб і наступную гульню нацыянальнай каманды на чэмпіянатах свету каэндээраўцы ўбачылі таксама ўжывую.

...Кожны з карэйцаў знойдзе сваю матывацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)