Политика
Анастасія Зелянкова

Пра што дамовіліся прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта

На чарговым пасяджэнні Рады інтэлігенцыі ўдзельнікі «круглага стала» па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл зацвердзілі свае «Папярэднія абавязацельствы». Кандыдаты паабяцалі, што будуць пазбягаць правакацыйных выказванняў на адрас адзін аднаго, а ў выпадку абрання «адзіным» забяспечаць удзел астатніх у сваім штабе.

Дакументы быў прыняты падчас чарговага “круглага стала” ў нядзелю 23 мая. “Абавязацельствы” ўтрымліваюць тры асноўныя пункты. Першыя два рэгламентуюць паводзіны прэтэндэнтаў у перыяд працэсу абрання “адзінага” і іх абавязкі ў выбарчай кампаніі.

Так, прэтэндэнты паабяцалі падчас працы “круглага стала” “ўстрымлівацца ад кампраметацыйных і правакацыйных выказванняў на адрас любога з яго ўдзельнікаў” і прыкласці “ўсе намаганні для дасягнення згоды на аснове кансенсуса”.

Другім пунктам яны сведчаць: “Кожны з нас гарантуе, што ў выпадку абрання адзіным кандыдатам ён, нягледзячы на супрацьдзеянне кіроўнага рэжыма і рызыку для сябе, зробіць усё магчымае для перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, сфармуе свой выбарчы штаб з улікам рэкамендацый усіх удзельнікаў “круглага стала” і забяспечыць іх удзел у гэтым штабе. Таксама кожны з нас гарантуе, што ў выпадку абрання адзіным кандыдатам іншага прэтэндэнта, увойдзе ў яго каманду і зробіць падчас прэзідэнцкай кампаніі ўсё магчымае для перамогі дэмакратычных сілаў”.

— Напэўна, самым складаным у гэтым з’яўляецца абавязак адзінага кандыдата зрабіць усё магчымае для перамогі, нягледзячы на рызыку для сябе, — патлумачыў “Салідарнасці” Мікалай Статкевіч. — На словах усе ківаюць і згаджаюцца, а як прыходзіць справа дзейнічаць, многія нашы кандыдаты могуць і разбегчыся. Трэба памятаць, што перамога патрабуе самаахвяравання. І гэта павінна быць змешчана ў стратэгіі адзінага кандыдата. У адваротным выпадку мы і далей будзе сядзець у гэтым балоце. Варыянт: гэты кандыдат – адзіны, а той – лідэр вуліцы, як было ва Украіне, калі існавала звязка Юшчанка – Цімашэнка, у нас не пройдзе. У нас іншая сітуацыя. Што будзе рабіць кандыдат, калі ўлады ізалююць “лідэра вуліцы”?

Трэці пункт гэтага дакумента рэгламентуе абавязацельствы кандыдата ў выніку яго перамогі. Так, стаўшы прэзідэнтам, ён павінен:

“1. Абараняць незалежнасць Беларусі.

2. Ініцыяваць паслядоўныя і аператыўныя палітычныя рэформы з мэтай усталявання дэмакратычнай палітычнай сістэмы з рэальным падзелам улады і гарантыяй правоў чалавека; забяспечыць прызначэнне свабодных парламенцкіх выбараў на шматпартыйнай аснове не пазней як праз чатыры месяцы з дня сваёй інаўгурацыі.

3. Ініцыяваць сістэмныя эканамічныя рэформы дзеля фармавання ў нашай краіне свабоднай сацыяльнай рынкавай эканомікі.

4. Ініцыяваць наладжванне раўнапраўнага ўзаемавыгаднага партнёрства Беларусі з іншымі краінамі дзеля далучэння нашай краіны да сям’і вольных еўрапейскіх народаў.

5. Спрыяць як найбольш поўнаму і аб’ектыўнаму расследаванню фактаў палітычных знікненняў палітычных апанентаў папярэдняга рэжыму.

6. Падтрымліваць нацыянальную культуру і беларускую мову, спрыяць фармаванню ў беларускім грамадстве негатыўнага стаўлення да таталітарных ідэалогій”.

На думку Мікалая Статкевіча такія рэчы трэба агаворваць загадзя.

— Мы не павінны дапусціць, каб да ўлады прыйшоў іншы дыктатар. Нават калі частка грамадства гэтага і жадае, — патлумачыў палітык. — Я добра памятаю 1994 год, калі ўсе казалі, што горш за Кебіча быць ужо нікога не можа. Спадзяюся, што зараз ніякіх пярэкрутаў не будзе.

Працэс падпісання гэтага дакумента плануецца завяршыць да канца тыдня. Свае подпісы пад “Абавязацельствамі” ўжо паставілі чатыры кандыдаты — Мікалай Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў, Аляксандр Ярашук, а таксама старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

— Тыя, хто не прысутнічаў у нядзелю на “круглым стале”, думаю, падпішуць гэты дакумент да наступнага тыдня, — адзначыў Мікалай Статкевіч. — Мы доўга яго гладзілі і ўлічылі прапановы ўсіх прэтэндэнтаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе абмеркавання. Як вядома, не прымаюць у гэтым удзелу толькі Алесь Міхалевіч, Андрэй Саннікаў і Аляксандр Мілінкевіч. Апошні адмовіўся пасля першага “круглага стала”, заявіўшы, што яму не падабаецца працэдура абрання адзінага шляхам вызначэння экспертным саветам. Але, напэўна, Рух “За свабоду” не зразумеў, што мы збіраемся якраз дзеля таго, каб вызначыць аптымальны шлях. Нам, канешне, хацелася б, каб рух усё ж прымаў удзел працэдуры абрання адзінага. Апошнім часам чуюцца галасы, што Мілінкевіч з’яўляецца тэхнічным кандыдатам улады, які пойдзе на выбары нават у выпадку байкоту апазіцыяй гэтай кампаніі. І зараз ён можа абвергнуць гэтыя чуткі, уключыўшыся ў працэс перамоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)