В мире
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і Змітра Веліча

Як мы прайшлі праз Узбекістан да Еўропы (+ фотарэпартаж)

Журналіст «Салідарнасці» разам з сябрам праехаў аўтаспынам тры краіны Сярэдняй Азіі. Фініш прыпаў на Ўзбекістан, дзе ён пабываў на магіле Тамерлана, даў хабар міліцыі і даведаўся, ад якой жанчыны збег з краіны чэмпіён свету па боксе Руслан Чагаеў.

Узбекістан

Перасяклі таджыкска-узбекскую мяжу і ўжо праз некалькі гадзін былі ў Ташкенце. Стаяў вечар нядзелі, а ў гэты дзень ўсе банкі ў Ташкенце зачынены. Мы думалі: на жаль. А пасля знаёмы, у якога спыніліся, паведаміў: на шчасце. Інакш мы памянялі б грошы па вельмі невыгодным курсе. Ва Ўзбекістане ў банках за 1 долар даюць 1 500 сум. А на любым базарчыку -- 1 900 сум.

***

Мы бегалі па Ташкенце з пакетам грошай і не ведалі куды схавацца.

Незадоўга да гэтага, як і раіў знаёмы, прыйшлі на базар да мянялы. Працягнулі яму, каб нас не бачылі міліцыянеры, 40 долараў. А ён у адказ выцягнуў нам з піджака пяць таўсценных пачак (!) і хутка сышоў. Зразумела, мы кінулі грошы ў пакет не пералічваючы – стаялі ж пасярод базару. Аказалася, што самая буйная купюра ва Ўзбекістане 1 000 сум – паўдолара!

Калі нарэшце знайшлі месца, каб пералічыць грошы, то даведаліся, што мяняла нас не кінуў.

Узбекістан

Каля духоўнай семінарыі ў Ташкенце

***

Ва Ўзбекістане ёсць газ. І нафта. І бавоўна. І золата... А сяродні заробак – 100 долараў. Афіцыйныя дадзеныя пры гэтым сцвярджаюць, што на апошніх прэзідэнцкіх выбарах за дыктатара Іслама Карымава («папу») прагаласавала 96% выбарцаў.

***

Любімыя птушкі «папы» – буслы. Іх скульптуры ўпрыгожваюць палацы і аркі, а саміх птушак можна сустрэць нават ў цэнтры Ташкента. Калі я іх пабачыў, то не паверыў, што яны жывыя. Буслы хадзілі па траўніку як робаты. Мы падышлі бліжэй – птушкі не ўцяклі. Што з імі зрабілі?

Узбекістан

Маўзалей Тамерлана (Цімура) ў Самаркандзе

***

Ва Ўзбекістане шмат зеляніны. Тлумачыцца гэта тым, што міліцыянеры носяць тут зялёную форму. Іх можна сустрэць усюды. У абавязковым парадку па два міліцыянеры стаяць на платформе кожнай станцыі метро, за горадам пасты ДАІ ледзь не праз 30 км. Тут пачынае здавацца, што на ўсю Беларусь усяго некалькі міліцыянераў.

***

Першы час ва Ўзбекістане нам падавалася, што вакол адны жулікі. Пасля мы зразумелі, што проста трэба ўмець гандлявацца.

Праз некалькі дзён мы адчувалі жуллём ужо сябе. Кошт за начлег у прыватных гасцініцах збівалі з 7 да 4 долараў, спынялі пасярод дарог аўтобусы і плацілі ўтрая меней, чым каштаваў квіток.

Зміцер стаў нахабным да таго, што калі на ўваходзе ў музей яго папрасілі заплаціць паўдолара, ён ледзь не пакрыўдзіўся. У выніку збіў кошт да непрыстойных 0,25 цэнтаў.

Узбекістан

***

Самыя буйныя нацыі ва Ўзбекістане – узбекі, таджыкі і «рускія». У Ташкенце мы жывём у Косці – украінца, які тут нарадзіўся. Яго прадзед перабраўся ў Сярэднюю Азію ў 20-х г.г. пасля таго, як быў рэпрэсаваны на радзіме.

Ва Ўкраіне, як і ўвогуле за мяжой, Косця не быў. Па-першае, не так ужо шмат у яго грошай, па-другое, каб выехаць з Узбекістана трэба мець выязную візу. Выдаецца яна на два гады, але перад гэтым цябе на добранадзейнасць правяраюць спецслужбы.

***

Косця сцвярджае, што Ўзбекістан – адзіная краіна ў свеце, дзе прызыўнікам трэба плаціць за службу ў войску. 300 долараў.

Капаюся ў інтэрнэце і знаходжу інфармацыю, што гэта звычайная сума хабару, якую многія гатовы заплаціць, каб трапіць на службу.Тлумачыцца ўсё тым, што конкурс у войска вялікі (за 18 год незалежнасці насельніцтва Ўзбексітана імкліва вырасла з 20 да 27 млн чалавек), а вайсковы білет дае магчымасць уладкавацца на працу ў дзяржаўныя органы ці спецслужбы.

***

Прыехалі ў Самарканд – адзін з найстаражытнейшых гарадоў свету, які быў заснаваны ў 742 годзе да н.э. Сталіца сярэднявечнай імперыі Цімура, ключавы пункт на Вялікім шаўковым шляху. Да гэтага часу тут захаваліся фантастычныя помнікі архітэктуры з XV стагоддзя.

Узбекістан

Рэгістан – адміністрацыйны, духоўны і гандлёвы цэнтр старажытнага Самарканда

Вечарам прыйшлі паглядзець на Рэгістан – галоўную плошчу старажытнага Самарканда. Уваход быў платны і ўжо закрыты.

Падышоў міліцыянер-ахоўнік. «Рэгістан прыгожы падчас ўзыходу сонца… А каса працуе толькі з 8.00. Прыходзьце на світанку, мы вас прапусцім. У касе ўваход каштуе 7 400 сум, а мы вас за 5 000 прапусцім», – прапанаваў міліцыянер.

Грошы трэба было эканоміць, і мы пагадзіліся. Але назаўтра заплацілі, канешне, не 5 000 сум з чалавека, а 5 000 за дваіх – гандлявацца мы ж ужо ўмеем.

Унутры сустрэлі карэйцаў і немцаў – не адны мы вырашылі прайсці за хабар.

Узбекістан

Рэгістан раніцай

***

Бавоўну-сырэц ва Ўзбекістане пад палячым сонцам збіраюць усе. Дзецям (школьнікам) таксама даводзяць план, і яны месяц могуць не хадзіць на заняткі.

Бавоўну-сырэц здаюць дзяржаве, якая прымае ад людзей ўраджай па смешных коштах – 2,5 долара за 100 кг (для дарослага чалавека гэта дзень працы). Сапраўдны кошт 100 кг – 50 у.е.

Узбекістан

***

Галоўны герой Узбекістана – Цімур (Тамерлан). Яму пастаўлены помнікі, у гонар яго названы вуліцы. Але ў размовах з мясцовымі часцей ўзгадваецца не яго імя, а імя баксёра Руслана Чагаева, які два гады таму выйграў у Мікалая Валуева і стаў чэмпіёнам свету па версіі WBA.

Пасля гэтага на радзіме Руслана насілі на руках. Асабіста павіншаваў баксёра і прэзідэнт. Праз нейкі час ён, па чутках, прапанаваў Чагаеву: жаніся на маёй дачцэ Гульнары.

Гульнара Карымава – старэйшая і любімая дачка кіраўніка Ўзбекістана. «Залатая прынцэса», адна з найбагацейшых людзей Сярэдняй Азіі і намеснік міністра замежных спраў.

Чагаеў вырашыў адмовіцца і збег з сям’ёй у Германію. Цяпер яго імя на афіцыйным узроўні не згадваюць.

***

Кошты на фрукты і садавіну прыемна здзіўляюць. За долар даюць 1 900 сум. А 1 кг вінаграда каштуе 800 сум, памідораў – 500 с., дыні – 400 с., арбуза – 250 с.

Узбекістан

***

Як нам падалося, 90% машын, што ездзяць па дарогах Узбекістана – прадукцыя завода «Uz-Daewoo», што працуе з 1996 года. Купляць аўтамабілі за мяжой дзяржава сваім грамадзянам перашкаджае: кошт растаможкі дасягае 100%.

***

Прыехалі ў Бухару – горад з гісторыяй у 2 500 год. Тут у адрозненне ад Самарканда захаваліся не толькі сярэднявечныя помнікі архітэктуры, але і кварталы ды вулачкі старога горада. Замежных турыстаў куды ні плюнь. У асноўным немцы, французы, паўднёвыя карэйцы. З Усходняй Еўропы нікога не бачна.

Турыстычны бізнес ва Ўзбекістане апошнія пяць год хутка развіваецца. У гістарычным цэнтры Бухары ўжо дзесяткі невялікіх прыватных гатэляў, з’явіліся шырокія дарогі. Калі так пойдзе далей, ад каларыту старых вулачак можа нічога не застацца.

Узбекістан

На адной з плошчаў Бухары

Узбекістан

Крэпасць Арк (палац эміра) у Бухары

***

Дзеці і таксісты ўжо дасталі. Усе бачаць у нас амерыканцаў. А калі я надзяваю панаму і вешаю на шыю фотаапарат, то на нас ледзь ці не кідаюцца. Дзеці на кожным кутку крычаць «Хэлло!», а таксісты галосяць «Хэй, містэр!».

У Ташкенце выйшлі з аўтобуса за 50 метраў ад метро. Падбягаюць таксісты: «Вам куды? Метро? Паехалі!».

***

Мы па-ранейшаму едзем аўтаспынам, але падымаем руку толькі калі бачым аўтобусы – яны рухаюцца хутчэй чым машыны. Пасля гандлюемся з кіроўцамі. Апошні рэкорд – праехалі з Бухары да Ташкента (550 км) за 2 долара з чалавека.

Узбекістан

***

Ноч. Аэрапорт. Чалавек у форме правярае пашпарт. «Ёсць рэгістрацыя?». Працягваю паперкі, дзе гаспадар таннага гатэля пагадзіўся паставіць рэгістрацыю не на два дні, якія мы былі ў яго, а на ўсе чатыры. Я добра апрануты, чалавек у форме на паперкі нават не глядзіць. «Праходзь, братан».

Узбекістан

Ансамбль Чор-Мінор (чатыры мінарэта) у Бухары

***

13 кастрычніка. Перасадка ў Маскве. З апошнімі 5 доларамі ідзем да шапіка. Затым заходзім у лесапаласу. Тут ужо восень. Жоўтае лісце клёну і +7 па Цэльсію. А ў Ташкенце некалькі дзён таму было +30.

Хутка будзем дома. У Еўропе. Люблю шэрае неба, сырасць і лістапад.

Чытайце таксама:

Як павандраваць па Кыргызстане за 27 $

Як я правёў адпачынак у Таджыкістане

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)