Общество
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Як журналiст вячэраў у рэстаране каля Курапатаў

Ужо тыдзень пад высокай брамай рэстарацыі «Поедем поедим» не сьціхаюць пратэсты. Нешматлікія актывісты становяцца на шляху аўтамабіляў, якія спрабуюць заехаць усярэдзіну. Адна з актывістак нядаўна ўкусіла наведніка, а на Паўла Севярынца 8 чэрвеня склалі 5 пратаколаў.

— Куды вам ехаць?

— «Поедем поедим», рэстаран.

— «Поедем поедим»? А дзе гэта?

— 51-ы кілямэтар МКАД, вонкавае кальцо.

— 51-ы кілямэтар МКАД?

— У Курапатах.

— Ааа... Так бы і сказалі адразу. А там ёсьць рэстаран?

Кіроўца маёй таксоўкі, з усяго відаць, інтэрнэту не чытае і пра скандал тыдня, нягледзячы на георгіеўскую стужачку ў салоне старога «Рэно», не ведае. На месца едзем моўчкі. Калі за спускам з кальцавой паказваецца знаёмая брама, пачынаю хвалявацца. А раптам вядомы ўсім пікетоўцам і гледачам стрымаў ахоўнік Дзьмітры адгадае мае партызанскія намеры і не прапусьціць за высокі плот.

Пад’яжджаем да брамы, але каля яе замест Дзьмітрыя двое дужых хлопцаў у белых кашулях. Удзень тут разгараліся жарсьці, складаліся міліцэйскія пратаколы, узьнікалі сутычкі паміж аховай і праціўнікамі адкрыцьця рэстарану. Цяпер ахоўнікі рашуча перакрываюць дарогу маёй таксоўцы. Таксоўшчык крыху ашалела азіраецца на мяне і адказвае дужым хлопцам:

— Вы куды?

— Ну... Туды.

— Хто там у вас? (ахоўнік засоўвае галаву ў машну і ацэньвае мяне).

— Пасажыр.

— Праяжджайце.

Заяжджаем на тэрыторыю рэстарану, я спрабую спыніць свайго адважнага кіроўцу і выйсці насустрач гастранамічным прыгодам. Але ён адчуў смак і вырашыў зрабіць ганаровае кола вакол будынкаў.

— Што гэта за рэстаран такі? Не для ўсіх?

— Ну нешта накшталт таго.

— Дажыліся...

Перад тым як увайсьці ўсярэдзіну, абыходжу асноўны будынак паўколам. Вакол чыста, пакуль яшчэ акуратна. Некалькі невялікіх вэрандаў, тэраса, маніторы. Да расстрэльнага лесу зусім блізка, але крыжоў не відаць, схаваныя плотам. Заходжу ўсярэдзіну. Адразу натыкаюся на прывабную адміністратарку.

— Добры вечар, вітаем вас у нашым рэстаране!

— Добры.

— Вы хацелі б адпачыць на тэрасе альбо ўнутры? На колькі чалавек вам патрэбны столік?

— Унутры хацеў бы. На аднаго.

— На аднаго? (У інтанацыі прыгажуні прагучаў сумнеў.)

— Так.

— Калі ласка, праходзьце.

Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран?

Праходжу. Першыя думкі — тут ня так страшна, як на фатаздымках, якімі рэстаран рэклямуе сябе. Атмасфэра камэрная, тут зусім не кабак. Хутчэй насамрэч рэстаран узроўню вышэй за сярэдні. На сьценах гербарый, на столі — стылёвыя жырандолі, на сталах — густоўныя абрусы зь перавернутымі шклянымі фужэрамі. Шык.

Сядаю за бліжэйшы да барнай стойкі столік, хаваю нагу ў дзіравай красоўцы пад канапу і замаўляю вады бяз газу. Пакуль яе нясуць, гартаю мэню. Знаходжу «Цэпэліны старалітоўскія», некалькі варыянтаў дранікаў, хачапуры, «Боршч маскоўскі з раберцамі», дзясятак варыянтаў салатаў, розных каўбасак і рыбы. Сярэдняя цана стравы 8-10 рублёў. Столькі ж за куфаль піва ці келіх віна. \

Замаўляю боршч з хачапуры і ўзіраюся ў наведнікаў. На ўсю вялікую залю іх усяго двое. Маладая пара, якая прыехала адначасова са мной. Размаўляюць з афіцыянткай:

— Вы нядаўна адкрыліся, так?

— Мы яшчэ як бы і не адкрыліся.

— Як гэта?

— Ну мы пакуль не афішуем, што мы адкрыліся. Але неўзабаве пачнем.

«Пачынайце», — думаю сам сабе і каштую толькі што прынесены «Боршч маскоўскі з раберцамі». Наконт рэбраў, гэта яны, вядома, перабольшылі. Рабрына ў супе адна. Але смак нішто сабе. Шэсьць балаў зь дзесяці.

Пакуль я паволі ем суп, у залі зьяўляецца яшчэ адна кампанія хлапцоў. Гледзячы на яе, імгненна забываюся пра свой падраны абутак. Хлопцы апранутыя ў спартовыя гарнітуры. Іхны дыялёг з адміністратаркай толькі пацьвярджае здагадкі:

— Скажыце, а вы футбол будзеце паказваць?

— Так, у нас будуць трансьляцыі.

— Усе?

— Так! Хадзем на тэрасу, у нас там маніторы.

Даядаю боршч і ледзьве не даўлюся апошняй лыжкай, калі бачу, хто праходзіць побач з маім столікам. Гэта той самы ўжо знакаміты на ўвесь байнэт Дзьмітры. Стомленаму дзённым супрацьстаяньнем ля брамы, яму, відавочна, не да таемных вечаровых гасьцей. Дзьмітры нават не глядзіць у мой бок і хаваецца ў цемры калідору.

Тым часам на месцы міскі з даедзеным баршчом зьяўляецца драўляная дошка з хачапуры. Прыемная афіцыянтка Тацьцяна (калі я правільна разгледзеў імя на бэджы) цікавіцца, ці спадабаўся мне боршч, і кладзе побач з хачапуры відэлец з нажом. Гэта палохае мяне яшчэ больш, чым зьяўленьне Дзьмітрыя. Есьці хачапуры нажом і відэльцам не даводзілася. Сэкунду маруджу, але потым чую, што група аматараў футболу ў спартовых гарнітурах замовіла сабе на тэрасу «трі вайштайнера і корюшку» і чарговы раз супакойваюся.

Хачапуры прайграе на ўсіх франтах. Цьвёрды, з аднаго боку недапечаны і гаркавы. Бывае, што паробіш. Не паесьці ж я сюды прыйшоў у рэшце рэшт. Гэта, дарэчы, пачынаюць разумець і за барнай стойкай.

Там зьбіраецца кампанія з адміністратаркі, хлопца ва ўніформе і жанчыны ў гадах, вельмі падобнай да дырэктаркі ТАА «Амізбел» Сьвятланы, якая два дні таму катэгарычна адмовілася размаўляць са мной праз тэлефон. Уся кампанія раз-пораз глядзіць у мой бок і перашэптваецца. Вырашаю закругляцца, пакуль не пачалося. Замаўляю чорную гарбату бяз цукру.

​«Магчыма, вы хочаце што-небудзь яшчэ?» — ветліва пытаецца афіцыянтка Тацьцяна. Лаўлю сябе на думцы, што мне зараз хочацца крыкнуць «Жыве Беларусь!». Але спраўляюся з гэтым і прашу рахунак. Зь яго даведваюся, што павячэраў я сёньня на 20 рублёў.

Разьлічваюся, павольна іду да выхаду, чую ад афіцыянтаў «Да пабачэньня». Крывячы душой, адказваю тым жа. На выхадзе лоб у лоб сутыкаюся зь Дзьмітрыем:

— Да пабачэньня, прыходзьце яшчэ.

— Усяго вам добрага.

Над кальцавой прыгожы захад сонца. Спрабую выклікаць таксоўку ехаць дадому:

— Можна аўтамабіль да рэстарану «Поедем поедим»?

— Ммм... А дзе гэта, які адрас?

— Тут няма адрасу, гэта 51-ы кілямэтар МКАД.

— А дакладней?

— Курапаты.

— Рэстаран у Курапатах?

Гаспадар скандальнага рэстарана ў Курапатах — 54-гадовы Леанід Зайдэс

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)