Скандалы
Ягор Марцiновiч, Наша Ніва

Гаспадар скандальнага рэстарана ў Курапатах — 54-гадовы Леанід Зайдэс

У цэнтры ўвагі грамадства застаецца рэстаран «Паедзем, паядзім» (ранейшая плануемая назва «Бульбаш-Хол»), які днямі адкрыўся побач з месцам масавых расстрэлаў у Курапатах. Актывісты працягваюць бестэрміновую акцыю пратэсту ля ўвахода ва ўстанову.

«Наша Ніва» сабрала юрыдычную інфармацыю, датычную рэстарана, з’яўленне якога выклікаў скандал.

Тэрыторыя, якую займае рэстаран, агулам складае 1,2 гектара. Ад канца 2007 года плошчу ўзяла ў арэнду кампанія «БелРэстІнвест». Зямля бралася ў два этапы, дамова дзейнічае да 30 кастрычніка 2106 года. За арэнду зямлі кампанія плаціць $ 1401,66 на год. Штомесяц гэта менш за $ 117.

Што такое «БелРэстІнвест»? Паводле выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, у кампаніі тры заснавальнікі:

   Сумеснае таварыства з абежаванай адказнасцю «КварталМЗС» (Беларусь) — 50%

   Кампанія з абмежаванай адказнасцю Лентон Реалці ЛЛС (ЗША) — 33,3%

   Закрытая акцыянерная кампанія з абмежаванай адказнасцю Білсі Інвестментс Лімітэд (Кіпр) — 16,7%.

Такім чынам, рэстаран стаіць на тэрыторыі, якую арандуе беларуска-амерыканска-кіпрскае кампанія «БелРэстІнвест». Аднак займаецца дзейнасцю гэтага рэстарана іншая кампанія, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Амізбел».

Яно было створана год таму і цалкам належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю «Белнаватэкс груп». Гэта кампанія, у сваю чаргу, мае наступных заснавальнікаў:

   Грамадзянін Беларусі Леанід Зайдэс (32%)

   Грамадзянка Ізраіля Аліна (Ала) Сурыс (24,5%)

   Кампанія з абмежаванай адказнасцю Лентон Реалці ЛЛС (ЗША) — 29%

   Закрытая акцыянерная кампанія з абмежаванай адказнасцю Білсі Інвестментс Лімітэд (Кіпр) — 14,5%.

Як бачна, назвы замежных кампаній, якія былі заснавальнікамі «БелРэстІнвест» і «Белнаватэкс груп» супадаюць. Найбольшую долю ў рэстаране «Паедзем, паядзім» мае 54-гадовы Леанід Зайдэс.

На яго старонцы ў фэйсбуку ў якасці месца паходжання пазначаны Слуцк.

Бізнэсмен жыве ў катэджным пасёлку на вуліцы Кальцова ў Мінску. Падыйсці да яго дома немагчыма — пасёлак знаходзіцца пад аховай і закрыты для наведнікаў.

Фота з фэйсбука Леаніда Зайдэса

Паводле інфармацыі Ej.by, прадпрымальнік з’яўляецца адным з суўладальнікаў «Нашай рэстараннай групы». У гэты бізнэс уваходзяць элітныя рэстараны «Гранд Куршавель» і TheView.

Звяртае на сябе ўвагу, што Зайдэс мае спецыфічны інтарэс да слова «бульбаш». «Бульбаш-хол» — не адзіная яго фантазія. У 2015 годзе бізнэсмен меў дачыненне да адкрыцця «Бульбаш-пляжа» на беразе Заслаўскага вадасховішча. Праз год яго перайменавалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)