99-гадовага ветэрана не паклікалі на Плошчу Перамогі

Кранальная гісторыя адбылася сёлета на Дзень Перамогі з 99-гадовым ветэранам вайны Ціханам Ветравым. Палкоўнік вайсковай медыцыны жыве ў Маскоўскім раёне Мінска.

Раней яго заўсёды запрашалі прысутнічаць на ўрачыстасцях на плошчы Перамогі ў Мінску, але сёлета чамусьці пра Ветрава забыліся. Ветэран застаўся дома, а ягоная праўнучка апублікавала ў сацыяльных сетках допіс-заклік павіншаваць ветэрана па мабільным.

«Павіншуйце яго са Святам Перамогі, яму будзе прыемна», — напісала дзяўчына.

«Наша Ніва» таксама пазваніла ветэрану, мы пажадалі яму здароўя, каб нічога не балела і галава была яснай.

— У такіх гадах ужо так не бывае, каб нічога не балела, дзякуй, дзякуй за віншаванне, — адказаў Ціхан Іосіфавіч. — Я ў дачкі цяпер, тут і ўнучка, і праўнучка, муж… уся сям'я, словам, адзначаем.

Мы пацікавіліся, ці шмат людзей яму сёння пазваніла.

— Так, шмат, асабліва ў другой палове дня. Я ўжо не лічыў, даруйце. Віншавалі з Днём Перамогі, дзякавалі, — сказаў палкоўнік і расказаў трохі пра сябе.

Вайну ён пачаў на Калінінскім фронце, скончыў на Другім Беларускім ва Усходняй Прусіі. Працаваў ардынатарам-хірургам у медыка-санітарным батальёне. Кажа, што ў час актыўных баёў людзей да іх прывозілі машынамі — адну за адной, не было часу паспаць і паесці. Калі не ўдавалася выратаваць байца, то сэрца аблівалася крывёю, а выратаваныя часам знаходзілі яго потым у віры вайны і пасылалі пісьмовыя падзякі.

Вайну Ціхан Іосіфавіч скончыў у званні капітана, з фронту прывёў жонку. Потым выкладаў у Мінскім медыцынскім універсітэце.

— Я ўчора быў у Медуніверсітэце, мы там напярэдадні 9 Мая збіраемся, дык толькі два чалавекі з маёй кафедры засталося, але той, другі, маладзейшы за мяне. А таксама я быў у ветэранскай радзе Маскоўскага раёна, дык там нас толькі трое засталося, двое — ляжачыя, — расказаў палкоўнік.

Ветэран з праўнучкай на леташнім святкаванні

Дык чаму яго не запрасілі на святкаванне?

— Мо яны і званілі, але мяне дома не было, не ведаю, — выказаў здагадку ветэран.

Праўда, сваякі Ціхана Іосіфавіча сказалі нам, што той крывадушыць — ім увогуле спачатку казаў, што ў яго ногі баляць, таму, маўляў, і не ідзе.

— Мы ведаем, што ён у любым стане пайшоў бы на плошчу Перамогі, нават, калі б не ўставаў — усё адно падняўся б. І ўрэшце прагаварыўся, што не паклікалі, шукаў апраўданні: «Мо яны былі занятыя іншымі справамі, не было часу? Не хацелася ім перашкаджаць, няёмка неяк, людзі ж». Але ён актывіст, заўсёды ў школы хадзіў, бо «чакаюць, як я магу падвесці?». А тут, упершыню за 72 гады, застаўся дома… Мы цяпер самі ім будзем тэлефанаваць і высвятляць, чаму яго не запрасілі, — сказалі «Нашай Ніве» сваякі ветэрана.

99-гадовага ветэрана, пра якога забыліся 9 мая, запрасілі на асобнае ўшанаванне

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)