«І якія ангельскія словы ты вывучыў?» – «Дзякуй і да пабачэння!»

Уладзімір Някляеў падзяліўся ў Фэйсбуку гісторыяй, пачутай ад следчага КДБ.

«Следчы па маёй справе, калі скончыліся допыты і можна было размаўляць больш-менш па-челавечы, распавёў мне гісторыю пра свайго маленькага сына.

Ягоны сын ходзіць у дзіцячы садок. Бацька забірае яго, вядзе дахаты і, як звычайна, пытае: «Што сёння рабіў, што было цікавага?» – «Па-ангельску размаўляць вучыліся!» – падскокваючы, адказвае сын. – «Ды ну! – здзіўляецца бацька. – І якія ангельскія словы ты вывучыў?» – «Дзякуй і да пабачэння!» – адказвае беларусу-бацьку беларус-сын.

Следчы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, падпалкоўнік юстыцыі распавёў гэтую гісторыю як вясёлую – і доўга думаў, калі я спытаў: «Вы хоць разумееце, што вы мне расказалі?..»

Калі маленькі беларус, прамаўляючы словы на роднай мове, мяркуе, што ён прамаўляе іх на мове замежнай, гэта нацыянальная катастрофа! І яе ўжо немагчыма прадухіліць адукацыйнымі, культаралагічнымі высілкамі. Захаваць нас як нацыю могуць толькі неадкладныя палітычныя рашэнні! Вось найпершая прычына, па якой я, паэт, апынуўся ў палітыцы. Скарыстаўшы перад тым усе, якія толькі можна скарастаць, іншыя магчымасці. Пісаў беларускія вершы, паэмы, песні, апавяданні, аповесці, працаваў у часопісах, у газетах, на тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, вёў перамовы з уладай, угаворваў яе стаць беларускай – нічога не дапамагала! Нідзе і нічога не вырашалася! Я ўгаворваю, а мне адказваюць, што па-беларуску нельга сказаць нічога вялікага! Толькі па-руску, па-кітайску і па-ангельску. І хто мне такое кажа? Кітайскі імператар? Рускі цар? Ангельская каралева? Не, беларускі прэзідэнт. Тады «дзякуй і да пабачэння»!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)