Общество
Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Гісторыі гомельскіх «дармаедаў»

Актыўныя «дармаеды» з Гомеля заводзяць відэаблогі, зьбіраюць подпісы супраць Дэкрэту № 3 і ні ў якім разе не зьбіраюцца плаціць так званы падатак на дармаедзтва.

Як звычайныя людзі становяцца грамадзкімі актывістамі пад ціскам прэзыдэнцкага дэкрэту?

Прэзыдэнт крычыць, што хоча здаровую нацыю, дык я пра яе і дбаю

7,75% «дармаедаў» сплацілі падатак за 2015 год. Пра гэта ўчора паведаміла Міністэрства па падатках і зборах. Апошні тэрмін сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў — 20 лютага 2016 году.

«Даешь 440 тысяч исков, пускай рассматривают»

Але многія людзі, якіх улады прызналі дармаедамі, плаціць падатак у 360 рублёў (максымальны памер) не зьбіраюцца.

Сьвятлана Сушынская ня мае афіцыйнай працы ўжо 15 год — з моманту, як нарадзіла дзіця. Разам з мужам яны вырашылі, што Сьвятлана сябе цалкам прысьвеціць сям’і і будзе хатняй гаспадыняй. У сям’і працуе муж, з гэтых грошай яны і жывуць.

«Ёсьць кар’ерысткі, а я абсалютна не такога складу, — кажа Сьвятлана. — Мне даражэйшая сям’я, здароўе, каб мае мужчыны былі накормленыя».

Ад раніцы да вечара жанчына праводзіць час ці на кухні, ці з сынам. Возіць яго на гурткі і сэкцыі, раскіданыя па ўсім Гомелі. Дапамагае яму з урокамі. На хатнія і школьныя клопаты ў яе ідзе ўвесь час.

«Дзень цалкам расьпісаны, як у звычайнага працаўніка, у мяне, — кажа яна. — Гэтаксама працую, усе гадзіны, толькі прысьвячаю гэты час дзіцяці».

Прынамсі жанчыны, якія гадуюць дзяцей, павінны быць вызваленыя ад гэтага падатку, лічыць Сьвятлана. А вось мужчыны ў працоўным веку працу мець мусяць.

«Дармаеды — ад 25 да 40 гадоў, хто можа знайсьці працу і тут, і ў іншай краіне. Але можа знайсьці і абавязаны. Але ніяк не жанчыны. Хто мае дзяцей, іх нельга чапаць».

Калі трэба будзе, я адседжу, але плаціць ня буду

Калі Сьвятлана атрымала паведамленьне, што мусіць сплаціць збор, яна вельмі зьдзівілася. Яна заўжды лічыла сябе законапаслухмянай грамадзянкай, сплачвала ўсе падаткі. Але сэнсу збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў яна не разумее.

«Патлумачце, каму і за што плаціць? Мне сказалі [у падатковай]: вы ходзіце па асфальце, для вас усю ноч ліхтары працуюць. Кажу ім: «Або я лунацік, каб усю ноч хадзіць пад вашымі ліхтарамі?»

Сьвятлана прыехала ў Гомель зь расейскага Пяцігорску ў 1997 годзе. З таго часу жыве па відзе на жыхарства. А таму ўсе мэдычныя паслугі для яе платныя. Амаль за ўсе школьныя гурткі, які наведвае сын, таксама трэба плаціць. А ва ўсіх таварах і паслугах закладзены падатак на дабаўленую вартасьць. Таму, упэўненая жанчына, падаткаў яна плоціць дастаткова.

Каб сачыць за іншымі нязгоднымі «дармаедамі», Сьвятлана адмыслова зарэгістравалася ў Фэйсбуку. Сярод яе знаёмых нямала тых, хто атрымаў такі самы ліст з падатковай інспэкцыі, але плаціць ня мае намеру.

«А іншыя быццам бы і нязгодныя, але баяцца, каб у іхніх палавінак не было праблемаў ніякіх на працы. І яны — хто пазычае, хто са сваёй кішэні выцягвае. Лічаць, лепш заплаціць».

Сьвятлана ж ні ў якім разе не зьбіраецца плаціць гэты збор. Яна ня бачыць, чым абгрунтаваная лічба ў 360 рублёў. У падатковай поўнага разьліку, за што яна мусіць плаціць, ёй не даюць.

Дыплёмы сына Сьвятланы Сушынскай

«Ніколі і ні ў якім разе я плаціць яго [збор] ня буду. Калі трэба будзе адбыць тэрмін, калі мне прыйдзе позва ў суд, калі мяне прызнаюць і скажуць, што мне трэба адседзець, я адседжу. Але плаціць ні за што ня буду».

Раней мог уладкавацца дворнікам, а цяпер і гэта немагчыма

У той час як Сьвятлана лічыць, што мужчыны працаздольнага ўзросту абавязаныя працаваць, зь ёй нязгодны 33-гадовы Максім Філіповіч. У 2015 годзе ён страціў працу на гомельскім прадпрыемстве «Сэйсматэхніка». Без тлумачэньня прычын, як дазваляе Дэкрэт прэзыдэнта № 29, яму не працягнулі кантракт.

«Да канца 2015-га я мог уладкавацца прынамсі дворнікам, — кажа Максім. — Але цяпер, я разумею, нават дворнікам я не магу ўладкавацца. Нават на гэтыя прафэсіі трэба знаёмства ці блат».

З вышэйшай юрыдычнай адукацыяй і вялікім досьведам працы ён і сёньня застаецца беспрацоўным. Сям’я выжывае на заробак жонкі, дапамогу бацькоў, якія трымаюць гаспадарку, і бабулі. Але ў канцы 2016-га бяз працы засталася і жонка Максіма.

«Яна працавала па 230 гадзін на месяц, а ў табэлі штомесяц ставілі 168, — кажа Максім. — Для найманага працаўніка цяпер галоўнае не адукацыя і ня веды, а каб ты працаваў бясплатна звышурочна. Каб ня быў супраць невялікага заробку, каб ты маўчаў і выконваў любую працу».

Нязгодны з тым, як абыходзіліся зь ім на працы, два гады таму Максім пачаў весьці на Youtube відэаблог «Гарантый няма». У сваіх відэазваротах, а таксама ў фэйсбук-групе ён расказвае пра побыт вымушанага дармаеда, а таксама раіць, як паводзіць сябе ў сытуацыі беспрацоўя іншым людзям.

«Група была створана для аб’яднаньня людзей, — кажа Максім. — Каб мы дзяліліся досьведам, ведамі ў тых жа законах. Досьведам па ўладкаваньні на працу. Мы далёкія адзін ад аднаго, наш народ не зьяднаны».

Праз два гады пасьля звальненьня па 29-м дэкрэце Максім атрымаў ліст на сплату збору за дармаедзтва па іншым дэкрэце. Аднак, як і многія гамельчукі, плаціць ён не зьбіраецца, бо лічыць, што гэты дэкрэт парушае ягоныя правы.

«Ня я так вырашыў, дзяржава назвала мяне дармаедам, — кажа Максім. — Я сябе такім не лічу. Я народжаны ва ўлоньні маці свабодным чалавекам. Плаціць гэты падатак я пэўна не зьбіраюся. Што б ні адбывалася».

На фоне гэтых падзей упершыню заняўся грамадзкай дзейнасьцю

Таксама пад уплывам падатку на дармаедзтва пачаў весьці відэаблог гамяльчук Дзьмітры Сабураў. Пасьля працы будаўніком у Менску ў канцы 2013 году ён больш за год ня мог нідзе афіцыйна ўладкавацца. Перабіваўся выпадковымі падпрацоўкамі ў Гомелі.

З красавіка 2016 году ён зарабляе рэпэтытарствам — вучыць граць на гітары. Ён зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, штомесяц плоціць падаткі. Прыбытку, каб аддаць 360 рублёў за «сацыяльнае ўтрыманства», ён ня мае. Але справа ня столькі ў суме, колькі ў самім прынцыпе гэтага збору.

«Сыстэма нагадвае, што ў мяне ёсьць гаспадар і я павінен даваць яму справаздачу, чаму я не працаваў, — кажа Дзьмітры. — Я лічу гэта прыніжальным для сябе».

Дэкрэт закрануў не аднаго Дзьмітрыя. Ягоную 53-гадовую маці скарацілі летась. Цяпер яна таксама мае статус «дармаедкі».

«Яна адпрацавала больш за 30 год на адным прадпрыемстве і стала дармаедкай. Гэта абсурд».

Нязгодны з дэкрэтам, Дзьмітры ўжо другі тыдзень зьбірае подпісы за яго адмену. З уласнай ініцыятывы ён сабраў ужо больш за 200 подпісаў. Пачуў пра падобную ініцыятыву ў Баранавічах і вырашыў выйсьці на вуліцу з блянкамі ў Гомелі.

«Спадзяюся, што я не адзін, — кажа Дзьмітры. — Мне самому цікава, ці хто, акрамя мяне, займаецца зборам подпісаў. Я іх потым перадам у прафсаюз РЭП».

Падобныя лісты прыйшлі да многіх знаёмых Дзьмітрыя. Яны таксама накіроўваюць скаргі ў падатковую. Маладыя людзі настроеныя бараніць свае правы.

Акрамя збору подпісаў, Дзьмітры пачаў весьці відэаблог. Асвоіў праграму для мантажаваньня і выкладае відэа пра сваё «антыдармаедзтва».

«Мне цікава стала. Аднекуль зьявіўся энтузіязм. Сам сабе дзіўлюся».

Дзьмітры камунікуе з мноствам людзей, абмяркоўвае, што варта рабіць, каб дабіцца адмены дэкрэту. Нічым падобным раней ён не займаўся. Якраз у гэтым і бачыць загану беларусаў: яны пачынаюць дзейнічаць, толькі калі церпяць самі.

«Сасьпеў толькі цяпер. На фоне гэтых падзей упершыню заняўся грамадзкай дзейнасьцю. Год таму я б сказаў, што мне гэта не патрэбна».

Уладам лепш паставіць чалавека на лічыльнік, чым пасадзіць на суткі

Пра ўсплёск грамадзкай актыўнасьці кажуць і прафсаюзы. Прававы інспэктар прафзьвязу РЭП Гомельскай вобласьці Леанід Судаленка кажа, што да іх прыходзіць шмат людзей, якія хочуць падпісацца за адмену Дэкрэту № 3.

«Ідуць ня тыя, хто абавязаны плаціць дармаедзкі збор, — кажа Судаленка. — Учора былі прадпрымальнікі, муж і жонка. Кажуць, у іх усё добра. Але дзеля салідарнасьці яны падпісваюцца. Гэта антынародны, антыканстытуцыйны дэкрэт».

Такой напружанасьці, якая створана дэкрэтам аб дармаедзтве, не было нават у 2007 годзе, калі адмянілі шматлікія льготы. Па словах Судаленкі, дэкрэт закранае фактычна ўсе слаі насельніцтва.

«Вось ужо вясковыя жыхары пачалі тэлефанаваць, — кажа праваабаронца. — І хатнія гаспадыні, маці, што выхоўваюць дзяцей. Выглядае вельмі дзіўна».

РЭП і іншыя арганізацыі дапамагаюць скласьці скаргу ў падатковую. Агульная пазыцыя праваабаронцаў наступная: грамадзянін зьяўляецца карыстальнікам паслугаў і тавараў і плоціць ускосны падатак на дабаўленую вартасьць. А таму ўсе, хто жыве ў Беларусі, плоцяць падаткі. Да таго ж гэты дэкрэт прыняты задняй датай — падпісаны ў красавіку 2015 году, а пачаў дзейнічаць са студзеня 2015-га. І самае галоўнае — ён супярэчыць адзінаццаці артыкулам Канстытуцыі.

У рэдкіх выпадках адпраўленыя скаргі даюць плён. Людзей вызваляюць ад падатку. Але звычайна гэта сытуацыі, калі падатковая памылкова залічыла чалавека ў «дармаеды».

«Вельмі шмат такіх. Калі МНС кажа, што склалі 400 тысяч «лістоў шчасьця», думаю, палова будзе такіх выпадковых людзей».

За няпоўны месяц да крайняга тэрміну збор сплацілі менш як 10% палічаных уладамі «дармаедаў». Пасьля 20 лютага будзе вядома, як улады будуць караць тых, хто не сплаціў збор. Многія заяўляюць, што згодныя адседзець суткі, абы не плаціць. Але праваабаронца лічыць, што ўлады да гэтай меры ня будуць зьвяртацца.

«Дзяржаве лепш паставіць на лічыльнік гэтага чалавека, — кажа Судаленка. — У такім стане дзяржаве выгадней трымаць чалавека, чым адправіць яго на 15 сутак. Яго трэба забясьпечыць тройчы на дзень харчаваньнем, прыставіць міліцыянта. Навошта гэтыя клопаты?».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)