Экономика

«Мы наблізіліся да зоны дэфолту»

Памер дзяржаўнага доўгу ўжо дасягнуў небясьпечнай рысы.

Згодна з дадзенымі Міністэрства фінансаў, зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі паводле стану на 1 лістапада склаў 13,5 млрд даляраў, павялічыўшыся з пачатку году на 8,2%. Унутраны дзяржаўны доўг склаў 9,8 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку году на 0,1 млрд.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрв’ю Радыё Свабода кажа, што памер дзяржаўнага доўгу ўжо дасягнуў небясьпечнай рысы.

— Справа ў тым, што ўсе ігнаруюць загады Аляксандра Лукашэнкі — і ён таксама ігнаруе тое, што сам кажа. Ён кажа, што трэба жыць па сродках, трэба зацягваць паясы. Гэтыя паясы зацягваюць у насельніцтва, у малога бізнэсу, але ня ў органаў дзяржаўнага кіраваньня і буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія як трацілі грошы падаткаплатнікаў і крэдытораў, так і працягваюць гэта рабіць. У сытуацыі, калі эканоміка падае на 3%, а доўг за 10 месяцаў вырас больш як на мільярд даляраў, мы атрымліваем, што амаль 50% ВУП — гэта агульны дзяржаўны доўг. Гэта ўжо далёка за межамі так званай рысы эканамічнай і даўгавой бясьпекі, а таксама блізка да сытуацыі, калі абавязкі дзяржавы ня могуць быць выкананыя. Мы ўжо наблізіліся да зоны дэфолту. Дэфолт яшчэ ня можа быць агульнакраінавым, але калі далей так будзе працягвацца, то сытуацыя можа пагоршыцца да такога стану, што тэхнічныя дэфолты могуць быць у камэрцыйных структураў, якія проста ня змогуць разьлічыцца са сваімі абавязаньнямі, — адзначыў эканаміст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)