Общество

Газета «Нашай Ніва» пераходзіць у інтэрнэт, на паперы зробіцца штомесячнікам

«Наша Ніва» ажыццяўляе самую важную трансфармацыю ў сваёй гісторыі.

25 гадоў таму выйшаў першы нумар адноўленай НН. Вось так выглядала яго першая старонка:

Дызайн заўтрашняга нумара газеты ўзнаўляе той гістарычны момант.

Праз 25 гадоў пасля аднаўлення «Нашай Нівы», праз 110 гадоў ад яе заснавання Рэдакцыя робіць важны крок. Зараз «Наша Ніва» — гэта будзе ў першую чаргу інтэрнэт-сайт NN.BY. А на паперы ад 1 ліпеня «Наша Ніва» будзе выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках.

За інтэрнэтам — будучыня. Ён даступны імгненна і на ўсёй планеце. Гэта тэхналагічная рэвалюцыя, якая адбываецца па ўсім свеце. Пераход з паперы ў інтэрнэт такі ж эпахальны, як калісьці вынаходніцтва кнігадруку ці распаўсюд электрычнасці. Не трэба яго баяцца: беларуская культура, беларуская супольнасць дастаткова моцныя, і лічбавая рэвалюцыя нам дае новыя магчымасці для развіцця, адзначаецца на сайце «Нашай нівы».

Папяровы штомесячнік захавае выдавецкую традыцыю. Гэта будзе спакойнае чытво для людзей з іншым тэмпам спажывання інфармацыі. У папяровым штомесячніку будзе друкавацца самае істотнае, нестарэючае: аналітыка, гутаркі, гісторыя, літаратура.

Падпісны індэкс застаецца той самы: 63125.

Форма мяняецца, сутнасць нязменная. «Наша Ніва», як і 110 гадоў таму, «служыць усяму беларускаму народу» і будзе «люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, святло падала ў цёмнасць».

Штомесячная «Наша Ніва» і сайт NN.BY змогуць выходзіць, калі вы будзеце фундаваць іх. Адправіць грошы на выданне «Нашай Нівы» можна за некалькі клікаў праз сістэму «Разлік» (АРІП).

Калі 25 гадоў таму, у маі 1991 года, быў адноўлены выхад газеты «Наша Ніва», спачатку яна была штомесячным выданнем. У 1996 годзе стала штотыднёвым, але ў канцы года перайшла на выхад два разы на месяц. Тады ў газеце друкавалася пераважна публіцыстыка, літаратура і гісторыя.

Канчаткова штотыднёвай «НН» стала з 1999 года, і ў такім фармаце на паперы праіснавала 17 гадоў. Цяжкія часы газета перажыла з 2006 да 2008 года, калі распаўсюд праз «Белсаюздрук» і «Белпошту» быў забаронены. Але ж выстаяла дзякуючы валанцёрам, якія дастаўлялі яе падпісчыкам і тым людзям, што ахвяравалі на выданне грошы.

Але галоўнае, што адбылося дзякуючы той забароне, — ад 2006 года «НН» узяла курс на развіццё сайта.

На сёння NN.BY мае найбольш праглядаў сярод сайтаў усіх даўнейшых газет.

NN.BY — самая папулярная старонка на беларускай мове.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)