Комментарии
Павел Печанько

Чаму ў беларусаў адабралі другі дзень Вялікадня

Васямнаццаць год таму шэраг святаў у Беларусі страцілі статус непрацоўнага дня.

Трыццаць гадоў таму нашая сям’я пераехала са старой хрушчоўкі ў вясковую хату. Пераехалі мы з новай вуліцы, дзе жылі пераважна маладыя сем’і з малымі дзецьмі, у старую частку вёскі, дзе нашымі суседзямі сталі людзі пераважна сталага веку — пенсіянеры, ці тыя, каму да пенсіі заставалася гадоў пяць-дзесяць. Быў гэта 1986 год.

На вуліцы, куды мы пераехалі, наш бацька быў адзіным камуністам, таму на дзяржаўныя святы сцяг БССР лунаў толькі над нашым ганкам.

Запомнілася, што у суседзяў гэтая акалічнасць не выклікала асаблівага захаплення. Затое мясцовыя цёткі не прапускалі магчымасці ў дні царкоўных святаў нагадаць нашаму бацьку, што «вось у гэты дзень, Сямёнавіч, лепей у зямельцы не калупацца, грэх вялікі — у гадавое свята градамі займацца».

У нашай сям’і тады гэтыя самыя гадавыя святы не адзначаліся, але мы мусілі прытрымлівацца агульнай завядзёнкі — не працаваць у двары ці агародзе ў такія дні, каб лішне не раздражняць набожных суседзяў.

Што цікава: на нашай вуліцы жыла толькі адна сям’я каталікоў. Але рэшта праваслаўных вяскоўцаў з павай ставілася і да каталіцкага святочнага календара: на «польскія» святы таксама ніхто на вуліцы не працаваў.

Праз некалькі гадоў Савецкі Саюз скончыў сваё існаванне. А ў дзяржаўным святочным календары з’явіліся новыя выходныя дні — Раство, Радаўніца, другі дзень Вялікадня (панядзелак), Дзень памяці, альбо Дзяды (2 лістапада) ды іншыя.

Акрамя таго, нядзеля прызнавалася безумоўным выходным днём, на які нельга было пераносіць працоўныя дні.

З усіх пералічаных святочных дзён запомніўся найперш Вялікдзень. Замомніўся тым, што гэтае свята адзначалася ў гарачую веснавую пару парадкавання сотак і гародаў. А паколькі ўсе зямельныя працы тады рабіліся «пад каня», заўсёды існавала рызыка нарабіць граху на злосць усёй вуліцы. Бо коней тады засталося няшмат, а таму не заўсёды атрымлівалася паспець зрабіць свае справы ў правільныя дні.

Свята запомнілася таксама шматлікімі велікоднымі булкамі, прынесенымі аднакласнікамі ў школу, урачыстымі бабулямі, якія нарэшце атрымалі магчымасць святкаваць не хаваючыся, дзіцячымі гульнямі з фарбаванымі яйкамі — не проста спаборніцтвамі на лепшага «мацака», а спусканнем яек са штучнай горкі (кавалка шыфера, пакладзенага на цагліну).

А таксама некалькімі чэргамі валачобнікаў увечары ў нядзелю, калі спачатку ішлі збіраць велікодныя пачастункі сталыя людзі з амаль прафесійным рэпертуарам, а следам за імі крочылі падлеткі з гармонікам ці магнітафонам, на які папярэдне запісалі колькі велікодных спеваў.

Апошнімі ішлі малыя дзеці, якім амаль ніхто ўжо не адчыняў дзьверы. За што падшыванцы закідвалі хаты сырымі яйкамі…

На другі дзень сталыя валачобнікі палілі вогнішча і «асвойвалі» назьбіраныя напярэдадні пачастункі.

Былі свае вогнішчы і ў нас, валачобнікаў трэцяй хвалі. Зразумела, што пачастункі ў нас былі як правіла не «заробленыя», а прынесеныя з дому…

Запомніллася і тое, як некаторыя партыйныя функцыянеры раптам зрабіліся надзвычай веруючымі. Напрыклад, чыноўніца з мясцовага РАНА, якая яшчэ колькі гадоў да развалу СССР выцягвала за вушы з царкоўных службаў піянераў і камсамольцаў, а ўжо ў першыя гады незалежнасці прымала актыўны ўдзел у жыцці царкоўнага прыхода. А яе сын паехаў атрымліваць адукацыю ў Жыровіцкую семінарыю.

У цэлым жа афіцыйная легітымізацыя рэлігійнай дзейнасці ўспрымалася маімі землякамі вельмі пазітыўна.

Праз некалькі гадоў указам кіраўніка дзяржавы былі ўнесеныя карэктывы ў каляндар дзяржаўных святаў. Першы прэзідэнт Беларусі, былы дырэктар саўгаса, узяў курс на рэсаветызацыю дзяржаўнай ідэалогіі. А таму з святочнага календара зніклі велікодныя панядзелкі і восеньскія Дзяды.

Напаўафіцыйнае тлумачэнне пазбаўлення статуса выходнага дня велікодных панядзелкаў было нібыта рацыянальнае: гарачая веснавая пара не прадугледжвала такіх доўгіх выходных. А з Дзядамі щвогуле ніхто асабліва не забіваў сабе галаву. Прычына была на паверхні: новая ўлада такім чынам нейтралізавала знакавую дату, якую да гэтага нібыта прысабечыла апазіцыя… Трыма гадамі раней адміністрацыя прэзідэнта падобным чынам «прыватызавала» Дзень незалежнасці, перанёсшы дату святкавання з 27 ліпеня на 3-е чысло таго ж месяца.

Калі з палітызаванымі датамі усё больш-менш зразумела, то з велікоднымі панядзелкамі поўнай яснасці няма. Улічваючы выразна негатыўную рэакцыю найперш вясковага насельніцтва, гэта мог быць такі сабе ўмоўны спробны шар, праверка на лаяльнасць.

Акрамя таго, улічваючы новы курс на рэсаветызацыю дзяржаўнай ідэалогіі, сама наяўнасць рэлігійнага свята, абсалютна чужароднага ў шэрагу рэінкараваных савецкіх святочных датаў, была абсалютна непатрэбнай.

Таму што непазбежна ўзнікалі пытанні, чаму на 9 мая можна і трэба арганізоўваць парады, канцэрты і ганаровыя вахты каля помнікаў героям, а на Вялікдзень кожны можа быць сам сабе гаспадар?

Ці чаму на тыя ж постсавецкія святы калкаснікаў можна выперці на працу ў поле, а вось на Вялікдзень гэта ўжо будзе проста грэх? Карацей, новае кіраўніцтва банальна не ведала, які ідэалагічны соўс можна выціснуць са свята, якое мае традыцыі з тых часоў, калі пра камунізм-сацыялізм яшчэ нічога не чулі і ня ведалі.

Натуральна, тут можа ўзнікнуць шмат пытанняў як да духавенства, так і да шараговых вернікаў — чаму не пратэставалі і не адстойвалі права на адзначэнне аднаго з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў…

Пытанняў гэтых, здаецца, асабліва і не задаваў ніхто з тых часоў. Застаецца толькі ўявіць, якая магла б скласціся за гэтыя гады традыцыя святкавання Вялікадня. Студэнты-вяскоўцы мелі б магчымаць штогод з’язджацца да сябе ў вёскі на доўгія выходныя, сустракацца з сябрамі-аднакласнікамі. Не ўсё ж толькі ездзіць на выходныя гной раскідаць ды бульбу садзіць.

Далёкія сваякі таксама атрымалі б добрую магчымасць раз на год адведаць родных і блізкіх не толькі на Новы год ці Радаўніцу. Наогул, для вяскоўцаў гэта цудоўная і рэдкая магчымаць прыемна прабавіць час у добрую веснавую пару, не забіваючы галаву бягучымі клопатамі.

Царква ў сваю чаргу магла б узяць на сябе клопат, каб зрабіць, напрыклад, гэтае свята максімальна вызваленым ад ужывання алкаголю.

Зрэшты, доўгія велікодныя выходныя — гэта не стварэнне новай традыцыі, а вяртанне да агульнаеўрапейскага варыянту святкавання аднаго з найбольш знакавых святаў Старога Свету.

А пакуль што выглядае, што сённяшнім уладам такі фармат святаў пакуль не па зубах.

Шараговы дзень горада, з яго абмацваннем торбаў і вопраткі на ўваходзе ў «святочныя» загончыкі, з таннай гарэлкай на разліў, аднастайна-ўніверсальнымі лозунгамі і псеўданароднымі спевамі пад шашлыкі — вось канёк сённяшніх арганізатараў агульнанацыянальных і рэгіянальных святаў.

А Вялікдзень з яго колькітысячгадовай гісторыяй і традыцыяй перажыве і гэты кароткі і недарэчны перыяд, калі замест выходнага велікоднага панядзелка непрацоўным прызначаецца камуністычнае свята 7 лістапада, а ў Дзень працоўных замест адпачынку людзей зганяюць на парады.

Даведка

19 снежня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 1318-ХІІ аб уступленні ў сілу закона «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь».

Праз сем гадоў быў падпісаны ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)