«У нас такога кадэта няма і не было»

Аляксандар Калько адмовіўся каментаваць гісторыю са фотаздымкам кадэтаў.

Радыё Свабода папрасіла Аляксандра Калько, дырэктара Берасьцейскай абласной кадэцкай вучэльні, пракамэнтаваць інцыдэнт з выключэньнем кадэта, які выклаў у сеціва фота з «Пагоняй».

Аляксандар Калько заявіў, што ня ведае кадэта з такім прозьвішчам. «У нас такога няма і не было», — сказаў дырэктар. (У размове з дырэктарам мы выкарыстоўвалі прозьвішча хлопца, у акаўнце якога ў «Укатакце» было разьмешчанае фота).

На просьбу карэспандэнта патлумачыць зьяўленьне фотаздымка з кадэтамі, Аляксандар Сьцяпанавіч сказаў, што гаварыць нічога ня будзе: «Вы паглядзіце, што вы там напісалі, усю няпраўду, залезьлі недзе з газэт, з часопісаў... Таму... Жывіце дружна... Да пабачэньня».

Сёньня зьявілася інфармацыя, што хлопец, які выклаў у сеціва фота кадэтаў у майках з «Пагоняй», адлічаны з вучэльні. Адзін з хлопцаў на фота пацьвердзіў Радыё Свабода гэтую інфармацыю. Канчатковае рашэньне пра выключэньне іншых нібыта будзе прымацца ў панядзелак.

Хлопец таксама выдаліў сваю старонку «Ўкантакце», дзе было разьмешчана фота.

Здымак юнакоў у кадэцкай форме, пад якой цішоткі з «Пагоняй», апублікавала суполка «Мая краіна Беларусь» з подпісам «Прывітаньне з Баранавічаў». Ён імкліва разышоўся па сацсетках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)