Спецпроект:
10.12.2016
Сямён Печанко
«Прывезлі неяк да нас з пракуратуры макулатуру…»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

— Слышь, молодой человек, выручи! Не хватает 20 копеек на... лекарство.

У аптэках усё часцей сустракаю характэрнага выгляду мужчынаў, якія набываюць па некалькі флаконаў настойкі баярышніка ды іншых сагравальных «лекаў». Раней многія з іх саромеліся, чакалі, пакуль у аптэцы не будзе лішніх вачэй. Цяпер жа кожны другі адкідвае манеры ў бок і не хаваючыся просіць «на лекі».

Змірыліся са спецыфічнымі «хворымі» і аптэкары. У адной з аптэк назіраў карціну: пачуўшы замову аптэкар звыклым рухам падаў пакупніку два флаконы, што стаялі побач з касай. Апошні раз я такое бачыў у нясвіжскай краме «Дары прыроды» восеньскай раніцай 2006-га, калі прадавачка, пачуўшы ад чырванатварага мужыка «дзве дзвесце пісят», звыкла выцягнула са скрыні пляшку «чарнілаў».

***

На рынку бабуля прыглядаецца да цыбулі. Прадавачка заўважае ў старой пакунак са слівамі і асцярожна пытае, у каго яна іх набыла. Пачуўшы адказ, далікатна навучае бабулю:

— У іх дорага, прыходзьце да нас наступным разам.

Старая частуе жанчыну слівамі і апраўдваецца:

— Надта ж слівы былі харошыя, не стрымалася. Колькі мне таго жыцця засталося, каб на гэтым эканоміць?!

***

На дзвярах былога сэканд-хэнда ў заслаўскім супермаркеце ўжо колькі месяцаў вісіць паперка з надпісам «перапынак 3 хвіліны». У самой краме пуста, новыя арандатары не спяшаюцца зняць памяшканне. Перад сэкандам тут прадавалі аўтазапчасткі, яшчэ раней — разліўное піва і гарбату на вагу. Ніхто не пратрымаўся на гэтым месцы больш за год.

— Нешта ніхто не гарыць тут гандляваць, — звяртаецца да сяброўкі пакупніца, зазіраючы ў вітрыну апусцелай крамы.

— У людзей няма грошай ні на новыя, ні на старыя адзёжы, — гучыць у адказ.

***

Гісторыя ад супрацоўніка нарыхтоўчай канторы ў адным з райцэнтраў на захадзе Беларусі:

— Прывезлі да нас неяк з пракуратуры пару мяхоў макулатуры. Не паспелі мы іх яшчэ распакаваць, як у двор прыляцела міліцэйская машына з уключанымі мігалкамі. З яе выскачыў міліцэйскі начальнік, пачаў крычаць, выпытваючы, дзе пракурорскія мяхі. А потым кінуўся цягаць разам з кіроўцам у багажнік тую макулатуру... Можа баяліся, што людзі даведаюцца, хто на каго даносіць? Але больш пракуратура макулатуру пасля таго не здае.

***

У цягніку побач са мной едзе да бацькоў на пабыўку малады вайсковец. Адслужыў паўгода, атрымаў звальненне.

— У мяне таксама сын служыць, муж — кадравы ваенны. Частуйся, калі ласка, не саромейся, — да хлопца ў форме падыйшла жанчына з шклянкай гарбаты і пакункам печыва.

Баец нейкі час аднекваўся, але да справы падключыўся сусед насупраць, з якім хлопец апошнія паўгадзіны гаварыў пра войска.

Я прыгадаў сваю службу. Па дарозе ў полк са звальненняў мяне таксама не раз частавалі незнаёмыя людзі: хто яблыкаў насыпаў у пакет, хто цукерак у кішэню. І кожны пры гэтым прыгадваў штосьці сваё, звязанае з войскам.

***

Падслуханае ў мінулы раз:

«Как не знаете курс?! Это же наши, российские рубли!»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:19)